STARавіны. Як беларусы скаралі Амерыку


Як жылі нашыя продкі? Што елі, дзе бавіліся, як апраналіся? Што іх хвалявала і весяліла? Гісторыя – гэта не толькі даты і войны. Гісторыя – гэта і тое, з чаго складаецца штодзённае жыццё. А што, як ні газеты, якія выдаваліся 100 гадоў таму, распавядзе нам пра гэта?

У падарожжа ў штодзённасць мінулага запрашае вас гісторык, прафесар Вячаслаў Швед.



Сёння мы чытаем у газетах і чуем праз радыё і тэлебачанне, што шмат беларусаў выязджаюць працаваць у бліжняе і далёкае замежжа, каб зарабіць болей грошай, чымся плоцяць на радзіме ці наогул знайсці дастойную працу.

Сто гадоў таму насельніцтва Беларусі кінулася на заробкі ў Амерыку. Карэспандэнт О. Семігальскі з Віцебскай губерні пісаў у «Нашай Ніве», што «гаворуць тут аб Амэрыцы, як аб залатым дне, дзе чуць што, не на кожным плаце вісяць бліны, а пад платом макалка стаіць». У 1912 годзе 21 791 беларус шукаў там шчасця.

Нагаворвалі людзей на выезд патэнтаваныя і патаемныя агенты, якія раз’язджалі па вёсках і сёлах, раздавалі розныя адозвы ды кніжкі з апісаннем «багатага амэрыканскага жыцця». Выехаць у Амерыку было няпроста. Трэба было мець замежны пашпарт (яго давалі на паўгода, а за пратэрмінаванне бралі па 30 руб.), пайсці да мясцовага доктара праверыць здароўе, бо потым на прыстані перад адплыццём лекар мог не дапусціць на карабель, мець на пачатак хаця б 50 руб. Назад вярталіся тыя, хто паехаў з валасным пашпартам, быў хворы, або не знайшоў працы ды прытулку ў Амерыцы. О. Семігальскі раіў беларусам «ехаць туды толькі тады, калі мае там сваіх добрых знаёмых, каторым можна верыць, што яны не запрададуць чэлавека, як скаціну якую ў няволю і калі яны напішуць, што можна мець там работу» (№ 5, с. 3). Раілі ехаць толькі ў Паўночную Амерыку (№ 24, с. 2).

Ці была карысць ад паездкі ў Амерыку? Карэспандэнт з Гарадзеншчыны Дзед Міхась павядамляў: «Дзевяць дзесятых прапіваюць свае грошы і зноў уцякаюць у Амэрыку. У Амэрыцы яны вольныя, нікога не саромяцца і як хочуць, так і жывуць: адвыкаюць ад гаспадаркі, ад жонак і дзяцей. Грошэй ня даражаць і не знаюць на што іх упатрэбіць» (№ 17. с. 4). Шмат хто вяртаўся з грашыма, але разам з імі прывозілі часам хваробу ад цяжкіх умоваў працы на фабрыках. А калі перад ад’ездам чалавек прадаў гаспадарку, а самога не пусцілі ў Амерыку, дык вымушаны быў на радзіме ісці ў найміты, каб выжыць.

Выезд у Амерыку меў і станоўчыя вынікі. А. Уласаў прывёў лічбы заробкаў беларусаў-«амэрыканцаў»: за 2–3 гады прысылаюць дамоў да $ 900, а за 3–4 – прывозяць да $ 1000–1500 (№ 42, с. 2). Узгаданы Дзед Міхась пісаў: «Грошы з Амэрыкі да нас шлюць многа і памешчаюць іх у зберэгацельные кассы. Значыць для нашага царства эміграцыя ў Амэрыку карысна. Нам здаецца, што тых эмігрантаў, каторые высылаюць шмат грошы да дому, варта было бы надгараджываць чым колечы і пазволіць туды ехаць без пашпарту, як у другіх царствах. Гэтым спосабам, павялічыўся б прыток грошы ў Расею, народ прывучыўся б к эканамічнаму жыццю і ашчаднасці» (№ 21, с. 2). Эх, каб прыслухаліся сённяшнія беларускія ўлады да такое карыснае парады!

Альтэрнатывай Амерыцы была Нямеччына, куды запрашалі на летнія сельска-гаспадарчыя працы – добра знаёмыя нашым сялянам. Украінцы ды палякі гэта зразумелі і за лета зараблялі прыблізна 150 руб. (№ 13, с. 1).

А найлепш было б заставацца ў сваім багатым краі ды тут мець добрыя варункі працы ды заробкі. Чаго ўсім і зычу!

Вячаслаў Швед, belsat.eu

Стужка навінаў