Ці чакаць пратэстаў лекараў хуткай дапамогі ў рэгіёнах?


Менскія лекары хуткай дапамогі, што распачалі пратэсты, раптам спынілі збор подпісаў пад петыцыяй. Мы запыталіся ў іхных калегаў з рэгіёнаў, ці не збіраюцца пратэставаць і яны.

«Напішыце, што мы не маем дачынення да апазіцыі і палітыкі».

Менскія лекары хуткай дапамогі сабралі 5 тыс. подпісаў пад петыцыяй з шэрагам патрабаванняў, і на гэтым збор спынілі.

«Подпісы ў інтэрнэце – не афіцыйная папера, якую разгледзяць і якая прынясе рэальную карысць», – патлумачыў лекар 4-й менскай падстанцыі хуткай дапамогі Віталь Агеенка.

Звязацца з аўтарам петыцыі Аляксеем Іпатавым не атрымалася. «Гэты чалавек ужо больш не будзе дзеяць так, як дзеяў. Магчыма, ён трапіў пад уплыў, я не ведаю», – заўважыў Віталь Агеенка.

«Хачу прасіць у вас падтрымання і дапамогі, – дадаткова зазначыў лекар. – Бо насамрэч у жыцці не ўсё так проста – вы самі гэта ўсё разумееце. Я вельмі прашу вас паведаміць людзям, што мы – не апазіцыя, займаем нейтральную палітычную пазіцыю».

Як распавёў Віталь, патрабаванні менскіх лекараў цяпер разглядаюцца адміністрацыяй і ў хуткім часе будзе іх абмеркаванне.

Берасце: «Галоднага лекара любоў да Радзімы не ўратуе»

«Сітуацыя з хуткаю дапамогаю такая не толькі ў Менску, але і ўва ўсёй краіне, – кажа загадчык Берасцейскай станцыі хуткай дапамогі Генадзь Ласіцкі. – У нас, напрыклад, у Берасці неяк упарадкавалі хірургію, рэанімацыю, але пра хуткую дапамогу кіраўніцтва вобласці забываецца».

Ёсць значная праблема з заробкамі і недахопам кадраў. Гэтак, у Берасці станцыя хуткай дапамогі ўкамплектаваная дактарамі на 67 %, у Баранавічах – на 60 %, у Кобрыне – на 55 %.

Сярэдні заробак лекара хуткай дапамогі ў Берасці на канец 2013 года – Br 3 млн 900 тыс.

«Мы не выконваем плану ў падвышэнні заробкаў, – кажа Генадзь Ласіцкі. – А і як яго выканаць? Фонд заробкаў даецца на год і потым не мяняецца. Падвышаць можам з фонду эканоміі зарабку. Я лічу, што патрабаванне менскіх лекараў падвысіць заробкі – цалкам слушнае».

Фонд эканоміі складаецца з вакантных месцаў. Вольныя стаўкі дзеляць паміж працоўнымі лекарамі. Калі б штат быў укамплектаваны, заробкі лекараў былі б яшчэ меншыя.

Спадар Генадзь лічыць, што нават падвышэнне заробкаў не дапаможа. «Што такое сёння нават 500 тыс.? Гэта ўжо не грошы. Трэба мяняць усю сістэму хуткай дапамогі, прыраўняць яе да МУС і МНС. Я – чалавек дзяржаўны і, напэўна, не мушу казаць таго, што кажу, але я кажу праўду, тое, як ёсць і як яно павінна быць. Калі галодны і злы лекар вязе чалавека на хуткай, ён не будзе аддаваць яму душу. Калі няма чым карміць сям’ю, тут не выратуюць патрыятычныя пачуцці ды любоў да Радзімы».

Бабруйск: галоўны доктар задаволены, лекары – не вельмі

Галоўны доктар Бабруйскай станцыі хуткай дапамогі Генадзь Кажамякін запэўнівае, што ўсё добра, усе задаволеныя, ніхто не пратэстуе, штат укамплектаваны цалкам. Але лекары брыгады інтэнсіўнай тэрапіі маюць трохі іншае меркаванне. Станцыя займае адно крыло на 2-м паверсе гарадской паліклінікі. Будаўніцтва спецыялізаванага будынку пакуль не прадбачыцца. Рамонт у пакоях лекары робяць самі, за свой кошт.

«Тут у нас няма душу, няма дзе памыцца пасля працы. Службовае і хатняе адзенне кладзем разам, што нельга, але няма памяшканняў», – распавядае доктар выязной брыгады інтэнсіўнай тэрапіі.

Заробак у маладога адмыслоўцы ў Бабруйску – каля Br 2 млн 700 тыс. Лекары вымушаныя працаваць на 1,5–2 стаўкі, падпрацоўваць, бо інакш, кажуць, не выжыць і сям’і не пракарміць.

«Раней працаваць на хуткай дапамозе было прэстыжна, – кажа фельчар выязной брыгады, які працуе ў хуткай дапамозе ўжо 25 гадоў. – Цяпер у нас інстытут хуткай дапамогі ў заняпадзе, і трэба яго мяняць».

Бабруйскія лекары падтрымліваюць менчукоў, хоць самі не гатовыя ісці пратэставаць і не вельмі вераць у поспех пратэстаў.

Магілёў: «На адну стаўку сёння можа працаваць толькі вельмі багаты лекар»

«Усё гэта пішуць цяпер людзі нясталыя, – мяркуе галоўны доктар Магілёўскай станцыі хуткай дапамогі Аляксандр Басенка. – Паказальна, што большасць з пратэстоўцаў – студэнты. Так, я хачу, каб у мяне і ў маіх лекараў заробак быў большы, але трэба разумець, у якой краіне мы жывем. Ёсць механізм налічэння заробкаў, усталяваны ўрадам. Мы не можам яго змяніць».

Спадар Аляксандр прызнае, што і ў Магілёве лекары, ды і ён сам, вымушаныя працаваць больш чым на адну стаўку. «На стаўку сёння можа працаваць ці вельмі багаты лекар, ці той, каму здароўе не дазваляе больш працаваць».

Сярэдні заробак дактароў у Магілёве за 11 месяцаў 2013 года склаў ад Br 2,8 млн у санітараў да Br 6,7 млн у дактароў. Рэальны заробак, паводле спадара Аляксандра, у залежнасці ад колькасці ставак можа быць ад Br 4 да 8 млн. Не стае дактароў і фельчараў, цалкам укамплектаваны толькі штат санітараў.



Віцебск: «Не трэба пляваць супраць ветру»

«У нас усё ў межах нормы, подпісаў ніхто не збірае, – загадчыца віцебскай станцыі хуткай дапамогі Ірына Трафімава больш стрыманая ў ацэнках. – Так, вядома ж, нам патрэбны рамонт. Падвышэння заробку хацелася б, але пакуль ніхто не пратэстуе. Не ведаю, што там будзе праз тыдзень».

У Менску, паводле спадарыні Ірыны, умовы не найгоршыя ў краіне. «Вы не бачылі, як працуюць лекары ў рэгіёнах» – зазначыла загадчыца станцыі. Сама ж яна пратэстаў не падтрымлівае. «Я выхоўвалася пры сацыялізме, і скажу так: не да твару ўсё гэта. Не трэба пляваць супраць ветру. Адкуль з’явяцца грошы на падвышэнне заробкаў? Трэба думаць і ацэньваць рэальна, перш чым пратэставаць».

{movie}”Гарачы каментар”: лекар з Жодзіна пра прычыны пратэсту|right|14130{/movie}

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў