Ці незадаволенасць аўтападаткам прывядзе да зрухаў у палітыцы?


Адмяніць падатак на аўты! Такія патрабаванні ўсё часцей гучаць з вуснаў беларускіх аўтамабілістаў. Незадаволенасць людзей вырашыла выкарыстаць частка апазіцыйных палітыкаў. Ля Камароўскага рынку ў сталіцы апаненты ўладаў арганізавалі напярэдадні збор подпісаў супраць уведзенага з 1 студзеня падатку. Але ці здолеюць яны паўплываць на пратэставыя настроі ў грамадстве?



Больш за два тыдні таму беларусы пратэставалі супраць увядзення дзяржаўнага падатку на аўтамабілі. Нягледзячы на заклікі ў сацыяльных сетках акцыя ў Менску масаваю не стала. Як заахвоціць людзей актыўней дэманстраваць сваю грамадзянскую пазіцыю? У прадстаўнікоў апазіцыі – спраўджаныя метады.

{movie}Сімвалічная акцыя|right|14107{/movie}

Гэтак, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі разам з сустаршынём кампаніі “За справядлівыя выбары” побач з Камароўскім рынкам у сталіцы вырашылі збіраць подпісы ўсіх не задаволеных новаўвядзеннем.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, АБ’ЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ:

“Гэта такі маленькі пратэст супраць вялікага нахабства. Людзям гадамі не дазваляюць выказваць сваё стаўленне да таго, што робяць улады. Мы не заклікалі людзей прыйсці, але сказалі, што самі прыйдзем”.



Акцыя праходзіла пад пільным вокам людзей у цывільным. Але нягледзячы на гэта абураныя аўтамабілісты не баяліся выказваць свайго стаўлення да новага падатку.

АПЫТАННЕ:

“Ён зробіць нас яшчэ больш беднымі. І так гэтае аўта даецца крывёю і потам… і да ўсяго яшчэ такая абдзіралаўка”.

“Мы зарабляем дробязь, а яшчэ мусім і адшпільваць”.

“Гэта жах! Гэтае пастанаўленне роўнае ліквідацыі аўтаў ва ўсіх пенсіянераў”.

Абяцанні ж уладаў, што атрыманыя ад аўтаўладальнікаў грошы прызначаць на добраўпарадкаванне дарогаў, супакойваюць далёка не ўсіх.

АПЫТАННЕ:

“Ды хто верыць у гэтыя байкі. За дваццаць гадоў мы наслухаліся!”

“Я не верыў і не буду верыць! Спачатку яны сказалі, што ў з бензіну пойдуць грошы на дарогі. Пайшлі?”

“Куды гэтыя грошы пойдуць, аднаму богу вядома”.

Больш за сотню подпісаў супраць увядзення аўтападатку прадстаўнікам апазіцыі ўдалося сабраць за некалькіх гадзінаў. Але калі ды ці ўвогуле трапяць галасы абураных людзей у кабінеты чыноўнікаў, пакуль не вядома.

ВІКТАР КАРНЕЕНКА, «ЗА СПРАВЯДЛІВЫЯ ВЫБАРЫ»:

“Вядома, нашая акцыя мае сімвалічны характар. Мы не ставім мэту – назбіраць мільёны подпісаў. Зразумела, гэта сімвалічная акцыя”.



АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, АБ’ЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ:

“Сёння ў Лукашэнкі ды ягоных людзей няма большасці. Людзі кажуць: у адстаўку! Гэта важна, калі ёсць такая грамадзянская пазіцыя”.



Але пачуць гэтыя галасы пакуль можна пераважна паасобку. І далучыцца да іх вырашыла толькі частка палітычных апанентаў уладаў. Іншая справа, што і гэты жэст стаў сімвалічным, бо ён запознены. Закон аб новым зборы быў прыняты парламентам яшчэ летась, у сярэдзіне снежня. Таму замест змагання супраць прыняцця дакументу, цяпер даводзіцца збіраць подпісы за яго… адмену.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў