Каму патрэбныя выбухі ў Валгаградзе?


Крывавы канец і не менш крывавы пачатак тыдня – у расейскім Валгаградзе. Два тэракты за содні. Лік ахвяраў – 32 асобы, яшчэ каля 70 чалавек – пацярпелі. Эксперты не выключаюць, што жудасныя падзеі ў Валгаградзе – гэта толькі пачатак. Прычым пагражае Расеі не вонкавы вораг. Але ці здолеюць расейскія ўлады перамагчы ўнутраны асяродак тэрарызму?



А 8:23 ранку Валгаград ізноў скалынуў выбух. Гэтым разам напад адбыўся на тралейбус, які кіраваўся да шпіталю, дзе ляжаць параненыя ў часе папярэдняга тэракту на вакзале. Выбуховая хваля закранула і суседнія дамы, ад тралейбуса ж пакінула толькі металічны каркас.

{movie}Неспакойны Валгаград |right|13999{/movie}

ВІДАВОЧЦА:

“Нечаканы выбух. Я спрасоння нічога не зразумеў. Проста куча шкла валяецца. Шыбы вываленыя з вакна. Шокавы стан. Адразу сабраліся, пайшлі ўніз, каб дапамагаць параненым. Падымалі людзей, садзілі ў машыну да цывільных, каб тыя везлі іх у шпіталь”.

Паводле версіі Следчага камітэту Расеі, выканаўцам тэракту мог стаць смяротнік “славянскай аблічнасці”. Зранку кіраўнік краіны Уладзімір Пуцін правёў экстранную нараду і загадаў узмацніць рэжым бяспекі ва ўсіх рэгіёнах краіны.

УЛАДЗІМІР СЦЯПАНАЎ, МІНІСТЭРСТВА НАДЗВЫЧАЙНЫХ СІТУАЦЫЯЎ РФ:

“Што тычыцца Валгаграду, там ужо ўвялі рэжым павышанай бяспекі. Яшчэ з учорашняга дня. Праца ўсіх структураў і службаў арганізаваная менавіта ў гэтым рэжыме”.



Следства высветліла, што рэшткі выбуховых прыладаў супадаюць з дэталямі, якія знайшлі пасля тэракту на валгаградскім вакзале. Тады перад уваходам у залу чакання загінулі прынамсі 17 асобаў. Мяркуецца, што выканаўца першага нападу – жыхар Марый Эл, ізноў жа, славянскага паходжання, Павел Печкін, які летась абярнуўся у іслам. На меркаванне журналісткі Вольгі Быкоўскай, якая спецыялізуецца на каўказскай тэме, тэндэнцыя ўдзелу славянаў у гэткіх акцыях паказвае на наяўнасць сур’ёзнага міжнацыянальнага крызісу ў Расеі.

ВОЛЬГА БЫКОЎСКАЯ, ЖУРНАЛІСТКА:

“На жаль, Расея ніяк не спрабуе развязаць гэтых канфліктаў, бо ёсць каўказафобія, ёсць ісламафобія, і яны пашыраюцца адначасова з тым, як павялічваецца колькасць выбухаў. Пры гэтым вялікая колькасць людзей рэальна сыходзіць у лес, каб быць разам з баевікамі”.

Што да матываў тэрарыстаў, з’яўляюцца розныя версіі. Шмат хто з экспертаў звязвае такую актыўнасць з жаданнем перашкодзіць Сочынскай алімпіядзе. Тым часам паўстае пытанне і наконт месца, абранага злачынцамі. Валгаград – горад далёкі як ад Сочы, гэтак і ад месца звычайнай дзейнасці каўказскіх баевікоў. Вольга Быкоўская мяркуе, што хваля тэрактаў можа быць спробаю вывесці баявыя дзеянні па-за межы Паўночнага Каўказу.

ВОЛЬГА БЫКОЎСКАЯ, ЖУРНАЛІСТКА:

“Што да Валгаграду, то гэта спакойны рэгіён, і мне падаецца, што гэта пакуль не сістэма. Хутчэй, спроба нейкім карэнным чынам змяніць сітуацыю. Трэба глядзець, як сітуацыя будзе выглядаць далей”.



Цяпер у Валгаград, паводле відавочцаў, сцягваюцца ўнутраныя войскі. У мясцовых жыхароў тым часам усцяж застаецца шмат пытанняў. Сёння, каб выказаць сваю незадаволенасць дзеяннямі ўладаў, яны спрабавалі выйсці на народны сход. Аднак людзей разагналі байцы АМАПу.

МІХАІЛ ЯСІН, АРГАНІЗАТАР АКЦЫІ:

“Асабіста я мяркую, што ў тэрактах вінаватая праваахоўная сістэма Уладзіміра Пуціна. У нас людзі, якія працуюць у ФСБ, зарабляюць мільёны на гэтых тэрактах, і ім невыгодна завяршаць гэтую дыверсійную тэрарыстычную дзейнасць”.

Раскрыць тэракт паабяцаў сёння і кіраўнік ФСБ Аляксандр Бортнікаў. Аднак відавочна, што спакою на валгаградскія дый не толькі вуліцы гэта не верне.

Вольга Жарнасек, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў