Амністыя была, але... суд не можа вызваліць удзельнікаў Еўрамайдану


Пячэрскі раённы суд Кіева адмовіўся ўжываць на практыцы Закон аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці затрыманых за акцыі пратэсту пад Адміністрацыяй прэзідэнта.

Як паведамляе выданне «Украінская праўда», адвакат падсуднага журналіста Валерыя Гарагуца падаў хадайніцтва аб закрыцці дасудовага расследавання, але суд яго не задаволіў.

Разам з тым Пячэрскі райсуд накіраваў справу назад у пракуратуру на дадатковае расследаванне. Гэткім чынам, следства працягваецца, а працэсуальнае рашэнне – накіраваць справу ў суд або яе закрыць – цяпер мае прыняць сама пракуратура. Не выключана, што Пячэрскі райсуд гэткім шляхам «зняў з сябе адказнасць» за развязанне гэтага пытання.

Днепрапятроўскага журналіста Валерыя Гарагуца арыштавалі на 2 месяцы паводле абвінавачання «ў арганізацыі масавых закалотаў». 13 снежня Апеляцыйны суд Кіева змяніў захаду стрымання і вызваліў з-пад варты Гарагуца «пад асабістае абавязальніцтва».

26 снежня ўступіў у сілу прыняты Вярхоўнаю Радаю Украіны закон, паводле якога ўсе крымінальныя справы ў дачыненні затрыманых на акцыях пратэсту, пачынаючы з 21 лістапада, мусяць быць закрытыя, а новыя не могуць быць ініцыяваныя. Сярод палітыкаў і юрыстаў разгарнулася дыскусія пра тое, як гэты закон будзе прыняты на практыцы.

Гэтак, намеснік старшыні Найвышэйшага спецсуда Украіны ў разглядзе грамадзянскіх і крымінальных справаў Павел Гвоздзік заявіў, што гэты закон не будзе працаваць. «Прыняты закон прадугледжвае фактычна новы від вызвалення ад крымінальнай адказнасці, які не прадугледжаны КПК [Крымінальным працэсуальным кодэксам – belsat.eu]. У выніку у Крымінальным працэсуальным кодэксе адсутнічае і працэдура яго ўжывання», – адзначыў Гвоздзік.

У адказ на гэта кіраўнік Вярхоўнай Рады Уладзімір Рыбак заявіў, што закон аб вызваленні зняволеных актывістаў – больш палітычны, чымся юрыдычны дакумент. «Я лічу, што Вярхоўная Рада зрабіла правільна … я не каментую законаў, якія прыняла Вярхоўная Рада канстытуцыйнаю большасцю», – падкрэсліў ён.

Аднак, нягледзячы на рашэнне Вярхоўнай Рады, закон сапраўды не выкарыстоўваецца на практыцы, што сёння прадэманстраваў Пячэрскі райсуд Кіева. Апроч гэтага, учора Апеляцыйны суд Кіева прыняў рашэнне пакінуць пад вартаю ў СІЗА адваката Віктара Смалія, якога вінавацяць у «замаху на суддзю» Уладзіміра Бугіля, калі той зачытваў рашэнне аб заключэнні журналіста выдання «Дарожны кантроль» Андрэя Дзындзі. Журналіста Дзындзю таксама арыштавалі ў межах «справы Банкавай» (вуліца, дзе размешчаная Адміністрацыя прэзідэнта). Цяпер ён перабывае ў турме.

Расціслаў Шапашнікаў, belsat.eu

Стужка навінаў