Ці падтрымлівае Андрусь Такінданг «бульбашызм»?


Што робіць нас беларусамі? Пра розныя мадэлі нацыянальнай ідэнтычнасці разважае ў «Размове Жбанкова» музыка, мастак і паэт Андрэй Такінданг.

«Некаторыя час я быў трасянкамоўным чалавекам, які не ўсведамляў асабліва прыналежнасці ні да чаго. Я быў проста вясковым мальцам, рос, як усе», – распавёў Андрэй.

{movie}Ці падтрымлівае Андрусь Такінданг «бульбашызм»? |right|13949{/movie}

Пераломным момантам для яго стала навучанне ў Менскім каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка: «Гэта быў вядомы асяродак беларускай культуры. Я быў захоплены там нашаю беларускаю рамантыкай. Усе, напэўна, памятаюць сярэдзіну і канец 90-х: сцягі бел-чырвона-белыя, шэсці, рок-музыку… Для мяне гэта стала важна».

Музыка прызнаўся, што часам звяртае ўвагу: мова – гэта толькі адзін са складнікаў нацыянальнай культуры і не сцяг, якім трэба махаць. Гэткае меркаванне дапамагае пазбегчы акцэнту на мове «як на нашай ракавай пухліне». Але насамрэч, як падкрэсліў Андрусь, мова для яго надзвычай важная: «Асабіста для мяне мова – гэта прыкмета беларушчыны, беларуса, і мова для мяне – гэта як наша нацыянальная бяспека».

Ці не падтрымлівае Андрусь Такінданг дзяржаўную мадэль беларушчыны, гэтак званы «бульбашызм», працуючы для беларускага дзяржаўнага тэлебачання, запытаўся вядоўца Максім Жбанкоў. «Я пра гэта, можа, на пачатку думаў і перажываў, але нядоўга, – прызнаўся музыка. – Насамрэч не задумваўся грунтоўна. Ёсць у мяне нейкія асабістыя задачы, інтарэсы, якія тычацца хутчэй толькі мяне і майго нейкага дабрабыту ды майго сумлення. У прынцыпе, я не маю нейкіх аўтарытэтаў, якія б мяне прыгняталі ды казалі, што гэтае – табу, гэтае – не». Госць «Белсату» адзначыў, што за свае ўчынкі мусіць адказваць перад Богам і перад людзьмі, якія для яго важныя.

Што ж замінае цяпер беларускасці? Андрэй лічыць, што перш за ўсё – недахоп любові, бо шмат якія беларусы маюць патрэбу ўвесь час чуць: усё будзе ў парадку, ты не дрэнны, усё будзе нармальна. Выступаючы ў вёсках, музыка заўважыў, што людзі прагнуць добрых адносінаў, рэспекту і павагі: «Ім гэтага бракуе, бо наш чалавек прывык, што яго б’юць на працы, ён злівае салярку, галаву ўхіліўшы… Трэба такі доктар, які глядзеў бы чалавеку ў вочы і казаў: усё добра, не адчайвайся, не апускай рук».

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў