СК Расеі не палічыў злачынствам заклік прапагандыста «тапіць і паліць» украінскіх дзяцей


Следчы камітэт Расеі адмовіўся заводзіць крымінальную справу супраць Антона Красоўскага, які ў тэлеэфіры заклікаў «тапіць і паліць» украінскіх дзяцей. Пра гэта паведаміў маскоўскі дэпутат Яўгеній Ступін, ён атрымаў адказ на сваю скаргу. Цяпер праверку правядзе паліцыя.

Адказ Следчага камітэту Расеі на запыт з просьбай праверыць заклік Антона Красоўскага «тапіць і паліць» украінскіх дзяцей.
Фота: Яўгеній Ступін / Twitter

Дэпутат Маскоўскай гарадской думы Яўгеній Ступін атрымаў ад Следчага камітэту адказ на свой зварот. Раней ён паскардзіўся ў ведамства на выказванні прапагандыста Антона Красоўскага, які ў эфіры RT заклікаў «тапіць і паліць» украінскіх дзяцей.

У адказе СК піша, што ў дэпутацкім звароце няма «звестак аб учыненым злачынстве або тым, што рыхтуецца, супраць непаўналетніх або з іх удзелам».

Скаргу Ступіна перанакіравалі ў маскоўскае ўпраўленне ўнутраных справаў для «аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў».

Антон Красоўскі.
Фота: Антон Красоўскі / Instagram

У кастрычніку Антон Красоўскі падчас інтэрв’ю з пісьменнікам Сяргеем Лук’яненкам заявіў, што на захопленых тэрыторыях дзяцей, якія кажуць, што Украіна акупаваная Расеяй, «наўпрост тапіць такіх трэба было, вось проста тапіць гэтых дзяцей».

«Сказаў, што маскалі акупавалі, – і адразу проста кідаеш у раку з бурнаю плынню. …У «смэрэкову хату» і – спаліць», – заклікаў Красоўскі.

Пасля гэтага яго звольнілі з RT, а кіраўнік Следчага камітэту Расеі даручыў праверыць выказванні прапагандыста. У паведамленні СК заклік «тапіць і паліць» украінскіх дзяцей называліся «рэзкімі заявамі».

Hавiны
З тэлеканалу «RT» звольнілі прапагандыста Красоўскага. Ён заклікаў «тапіць і паліць» украінскіх дзяцей
2022.10.24 11:03

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў