Расея кінулася ратаваць свой рубель, а разам – і беларускі. Ці ўдасца?


Прэзідэнт Расеі абавязаў экспарцёраў прадаваць выручку дзеля стабілізацыі курсу рубля. Рынак адрэагаваў даволі хутка: долар і еўра патаннелі ў Расеі і адначасова – у Беларусі. Ці дапамогуць крокі Масквы сур’ёзна ўзмацніць свой рубель (а разам і беларускі), або эфект будзе кароткатэрміновы?

Технобанк, банкомат, белорусские банки, деньги, сбережения, финансы
Людзі стаяць ў чарзе ў пункт абмену валюты. Менск, Беларусь. 25 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

Пра тое, што расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб абавязковым продажы выручкі экспарцёрамі, медыі паведамілі ўвечары 11 кастрычніка. Ва ўрадзе суседняй краіны заявілі, што гэтыя захады мусяць стабілізаваць курс рубля, «павысіць празрыстасць і прадказальнасць валютнага рынку і знізіць верагоднасць валютных спекуляцыяў».

Дзеянне ўказу распаўсюджваецца на 43 групы кампаніяў чорнай і каляровай металургіі, вытворцаў збожжа, лясной і хімічнай прамысловасці, паліўна-энергетычных прадпрыемстваў. Яны абавязаныя пералічваць у Расею не менш за 80 % экспартнай выручкі цягам 60 дзён пасля атрымання грошай і прадаваць не менш за 90 % пераведзенай у краіну валюты.

Каментар
У задушлівых абдымках Расеі: што чакае эканоміку Беларусі і нацыянальную валюту
2023.09.01 18:19

Указ Пуціна засакрэцілі, і пералік кампаніяў, што трапілі пад гэтае патрабаванне, невядомы. Як казаў спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў, спіс не абнародавалі, каб супраць прадпрыемстваў не ўвялі санкцыі.

Пакуль гэтыя захады ўхваленыя на шэсць месяцаў і зачэпяць сакавік наступнага года, калі ў Расеі адбудуцца прэзідэнцкія выбары.

Рынак адрэагаваў на новыя правілы даволі хутка: долар за лічаныя дні патаннеў з 101,36 расейскага рубля да 96,99. Ягоны беларускі сябар паўтарыў траекторыю: курс долара ў нашай краіне ўпаў з 3,3609 да 3,29 беларускага рубля.

Еўра таксама пайшоў уніз: у Расеі – з 107,03 да 102,52; у Беларусі – з 3,5528 да 3,4694.

Пры гэтым расейская валюта ў Беларусі падаражэла з 3,3334 да 3,3911 за 100 расейскіх рублёў.

Раней старшыня расейскага Цэнтрабанку Эльвіра Набіуліна сумнявалася, што патрабаванне да экспарцёраў пераводзіць выручку ў Расею і прадаваць валюту дапаможа рублю. Паводле яе, простае захоўванне валюты ў расейскіх банках пасля пераводу з-за мяжы на курс не паўплывае, а экспарцёры, прадаўшы валюту і выканаўшы ўказ Пуціна, могуць праз імгненне купіць гэтую валюту назад.

«У выніку ўзрасце толькі абарачэнне на валютным рынку, продаж-купля гэтай валюты, але баланс попыту і прапановы валюты не зменіцца. Адначасова гэта створыць нязручнасці для кампаніяў, якім выручка патрэбная на набыццё імпартнага абсталявання, выдаткі на дадатковую канвертацыю, але значнага эфекту на курс не будзе», – заявіла Набіуліна журналістам 15 верасня.

Да таго ж, паводле старшыні Банку Расеі, экспарцёры трымаюць за мяжою толькі 1 % выручкі, доля расейскага рубля ў выручцы дасягнула 42 %, а кампаніі і без прымусу здаюць блізу 90 % заробленай валюты.

Як заявіла Набіуліна, рубель патаннеў праз шмат якія чыннікі, звязаныя з вонкавым гандлем і перагрэтым унутраным попытам, што павялічвае імпарт.

Крокі Расеі ў спробах умацаваць сваю валюту важныя для Беларусі, бо моцная залежнасць ад эканомікі суседняй краіны адбіваецца на курсе нашага рубля. Старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна ў размове з «Белсатам» адзначыла, што патрабаванні Расеі да сваіх экспарцёраў сапраўды могуць дапамагчы ўмацаваць рубель – і расейскі, і следам беларускі. Праўда, першая рэакцыя рынку тлумачыцца псіхалагічнымі чыннікамі.

«З дапамогаю экспарцёраў намагаюцца зліквідаваць недахоп валюты на расейскім рынку. Тое, што расейскі рубель адразу ўзмацніўся, абумоўлена збольшага псіхалагічным эфектам, бо гэтыя валютныя абмежаванні ў Расеі не пачалі дзейнічаць у момант. Эфект указу будзе размыты ў часе, аднак ён будзе».

Эканамістка мяркуе, што расейскім экспарцёрам негалосна забароняць куплю валюты адразу пасля абавязковага продажу, ад чаго засцерагала старшыня Банку Расеі.

«У некаторых кампаніях будзе нехта кшталту назіральнікаў, якія будуць кантраляваць гэта. Хутчэй за ўсё, будзе відаць, што экспарцёр прадае і тут жа набывае валюту назад. З кампаніямі будуць размаўляць», – падкрэсліла Лузгіна.

Цягам паўгода расейскія ўлады будуць сачыць за эфектам новых захадаў і потым пастановяць, ці працягваць іх. Суразмоўца «Белсату» асцярожна спрагназавала, што бліжэйшым часам долар можа патаннець у Расеі да 95 рублёў, а ў Беларусі – прыкладна да 3,2. Пры гэтым курс расейскага рубля ў нашай краіне вырасце.

Каментар
Эканамістка растлумачыла рэкордны рост курса долара ў Беларусі
2023.10.05 19:46

На пачатку кастрычніка курс долара некалькі раз абнаўляў гістарычны максімум, даражэючы да 3,3609 рубля. Курс еўра ў тыя дні павышаўся да 3,5528 рубля, але папярэдняга рэкорду, што быў зафіксаваны ў сакавіку летась, не пабіў.

Інфаграфіка
Тры месяцы запар Беларусь не можа выкараскацца з адмоўнага сальда вонкавага гандлю
2023.10.12 14:48

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў