Калі мастак яшчэ і выкладчык – пра выпадак адмены выставы мастака Сялецкага ў віленскім CreateCulture Space

У віленскай культурнай прасторы CreateCulture адмянілі выставу мастака і выкладчыка ЕГУ Сяргея Сялецкага. А таксама вырашылі правесці адкрытую дыскусію з гэтай нагоды. Верагодная прычына – абвінавачванні ў харасмэнце. 

Меркаванні ў каментарах пад пастамі пра гэтыя падзеі палярна разыходзяцца. Нехта лічыць такое рашэнне аб адмене выставы цалкам несправядлівым. Так, напрыклад, музыка і дыджэй PapaBo выказаўся наступным чынам: «Я лічу гэтую адмену непрафесійным і нявартым учынкам, а аргументацыю, дадзеную ў якасці абгрунтавання адмены выставы, нікчэмнай». Яго таксама падтрымала спявачка Руся: «Якая дурная сітуацыя – закэнсэліць выдатнага мастака і выкладчыка за нейкія чуткі? Лічу, гэта непрафесіянальна».

Іншая група людзей падтрымлівае такое рашэнне CreateCulture. У каментарах яны апелююць да таго, што ў этычную камісію ЕГУ паступала некалькі скаргаў на гэтага выкладчыка, але ніякай рэакцыі ад боку кіраўніцтва не паступіла. Таксама яны нагадваюць, што разбор пытання на дадзеным этапе ляжыць не ў крымінальнай, а этычнай плоскасці. Журналістка Дар’я Гардзейчык каментуе пост: «Гаворка не вядзецца пра крымінальны прысуд, а пра рашэнне прасторы не праводзіць на сваёй тэрыторыі выставу спадара Сялецкага. Цалкам маюць на гэта права».

Напэўна, аргументацыя праціўнікаў Сяргея Сялецкага стала б больш моцнай, калі б у публічнай прасторы з’явіліся апеляцыі да яго канкрэтных дзеянняў і словаў, якія называюць як мінімум «неэтычнымі», а як максімум – «харасмэнтам». У ідэале, гэтыя выказванні павінны таксама быць неананімнымі, сыходзіць ад канкрэтнага чалавека або групы людзей. Гісторыя наўрад ці атрымае яскравы працяг, калі гэтыя абвінавачванні не будуць выстаўленыя. Але патрабаваць ад ахвяры гучнага і адкрытага расповеду пра сітуацыі гвалту і прыніжэння – немагчыма. Гэта справа ахвяры – самой вырашаць, дзе і калі заяўляць па тое, што з ёй здарылася, або не заяўляць зусім. І любое з гэтых рашэнняў будзе правільным.

Ускладняецца ўсё таксама тым, што ў гэтай гісторыі спадар Сялецкі фігуруе не толькі ў якасці мастака, але і выкладчыка ЕГУ. Калі ў этычную камісію ўніверсітэту сапраўды былі накіраваныя некалькі скаргаў, універсітэт быў абавязаны адрэагаваць на гэта, правесці ўнутранае разбіральніцтва, усур’ёз паставіцца да словаў студэнтак. Згодна з каментарамі карыстальніц, гэтага зроблена не было і людзі папросту расчараваліся ў эфектыўнасці гэтай камісіі: «Калі камісія па этыцы нічога не змагла зрабіць за столькі гадоў, то хоць так можна нешта зрабіць». Яшчэ 7 верасня на фэйсбук-старонцы ЕГУ было напісана наступнае: «Сардэчна запрашаем на адкрыццё выставы дацэнта ЕГУ Сяргея Сялецкага «УТОПІІ. Італія». На сённяшні дзень ніякай інфармацыі пра адмену выставы на рэсурсах ЕГУ няма – я праверыла ўсе публічныя.

Прастора CreateCulture у дадзенай сітуацыі вырашыла не проста адмяніць выставу, а правесці паблічную дыскусію: «Мы сутыкнуліся з новай для нас сітуацыяй і пакуль не маем выпрацаваных пратаколаў для яе вырашэння. Таму прапануем усім зацікаўленым бакам – тым, хто хоча выказаць сваё меркаванне – далучыцца да адкрытай дыскусіі, якую змадэруе незалежная фасілітатарка». Яны клапоцяцца пра сваю рэпутацыю і гатовыя дзейнічаць асцярожна і прадстаўляць права голаса розным бакам канфлікту.

Пытанне ўлады – цэнтральнае, якое трэба браць да аналізу ў дыскусіях пра культуру адмены або «кэнсэлінг». У гэтай сітуацыі спадар Сялецкі застаецца выкладчыкам ЕГУ і мае публічную падтрымку аўтарытэтных дзеячаў культуры, такіх як Руся і PapaBo. Ад яго залежыць, хто са студэнтак атрымае залік, рэкамендацыйны ліст або грант – а хто не. Як выкладчык, ён мае права выказваць свае меркаванні датычна розных пытанняў, у тым ліку фемінізма ці квір, і не кожная студэнтка або студэнт наважыцца супрацьстаяць гэтаму меркаванню, бо словы выкладчыка для кагосьці – неаспрэчныя.

Пра «кэнсэлінг» тут размаўляць, на маю думку, ранавата, бо іншыя галерэі дагэтуль радыя супрацоўнічаць з мастаком і ён па-ранейшаму мае сваё выкладчыцкае крэсла ў ЕГУ, яго не звольнілі. Цяпер гэтае пытанне ляжыць у этычнай плашчыні, а не крымінальнай ці адміністрацыйнай. У гэтым выпадку маленькая незалежная галерэя дакладна мае права вырашаць, каго выстаўляць у сваёй прасторы, а каго – не. Яны ўзялі на сябе адказнасць за адмену выставы, гатовыя да дыялогу, запрашаюць прыняць у ім удзел розныя бакі. Па сутнасці, яны выконваюць тую задачу, якую павінен быў бы выконваць ЕГУ, які мае значна большыя інстытуцыянальныя рэсурсы. Ну вельмі моцна нагадвае сітуацыю з беларускімі дзяржаўнымі ўстановамі, не знаходзіце?

P.S. 17 верасня, ужо пасля напісання гэтай калонкі, на персанальнай інстаграм-старонцы Сяргея Сялецкага з’явілася інфармацыя пра правядзення выставы на пляцоўцы ЕГУ. Што і патрабавалася давесці.

Меркаванні
Калі не ведаеш, што рабіць, – вышывай і чакай
2023.08.30 09:31

Віка Біран belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў