Коўшык: Дунін-Марцінкевіч стаў экстрэмістам для злачыннага рэжыму, а не для беларусаў


Менская пракуратура назвала «экстрэмісцкімі» два вершы, як лічыцца, Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, і прадмову да зборніка з творамі беларускага класіка, напісаную Язэпам Янушкевічам. Што значыць такі статус для твораў беларускага класіка XIX стагоддзя, «Белсат» спытаў у прадстаўніцы ў справе нацыянальнага адраджэння Аб’яднанага пераходнага кабінету Аліны Коўшык.

Аліна Коўшык на ўрачыстым уручэнні медалёў «Гонар і годнасць». Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

У «экстрэмісцкія матэрыялы» залічылі тэксты твораў «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда» – пры гэтым пракуратура піша, што гэтыя творы толькі «прыпісваюць» Вінцэнту Дунін-Марцінкевічу.

У спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» цяпер трапілі і асобныя больш познія творы: кнігі выбраных твораў Лідзіі Арабей, Ларысы Геніюш, Наталлі Арсенневай, Уладзіміра Някляева з серыі «Беларускі кнігазбор». У тым спісе раней ужо былі даволі нядаўнія літаратурныя творы, як то «Сабакі Еўропы» і «Апошняя кніга пана А.» Альгерда Бахарэвіча, публіцыстыка «Беларуская нацыянальная ідэя» Змітра Лукашука і Максіма Гарунова, гістарычныя кнігі «Айчына. Маляўнічая гісторыя» Уладзіміра Арлова і «Кароткі курс гісторыі Беларусі IX–XXI стст.» Анатоля Тараса. Усе яны ў адным спісе з «Mein Kampf» Адольфа Гітлера.

Так далёка ў гісторыю – у XIX стагоддзе – сілавікі яшчэ не зазіралі. Але Дунін-Марцінкевіч «стаў экстрэмістам для злачыннага рэжыму, а не для беларусаў», заяўляе «Белсату» Аліна Коўшык.

«Творчасць многіх класікаў беларускай літаратуры, якія былі ўцягнутыя ў нацыянальна-вызвольныя працэсы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, сёння могуць кваліфікаваць як „экстрэмізм“ з гледзішча інтарэсаў Расейскай імперыі», – кажа Коўшык.

Яна падкрэслівае: Расейская імперыя таго часу праводзіла сваю імперскую і каланіяльную палітыку на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага і не магла дапусціць узрастання нацыянальнай самасвядомасці і прагі да незалежнасці. А тое, што ў сённяшняй Беларусі ўлады спрабуюць перапісаць гісторыю, аднавіць імперскія наратывы адносна паўстання Кастуся Каліноўскага, Слуцкага збройнага чыну ці антысавецкіх партызанаў у Другую сусветную вайну, –  гэта ўсё «падкрэслівае поўную несамастойнасць рэжыму Лукашэнку ў гістарычнай палітыцы і акупацыйны характар улады, што кантралюе тэрыторыю краіны».

Загадкі беларускай гісторыі
Культура Менску XIX ст. Пачаткі беларускай інтэлігенцыі
2019.12.31 08:01

«Таму сёння перад намі стаіць задача – распрацаваць комплексны падыход да палітыкі дэімперыялізацыі, дэкамунізацыі, дэкаланізацыі і дэідэалагізацыі, – працягвае Коўшык. – Палітыкі „4Д“, каб супрацьдзейнічаць падобным гвалтоўным спробам навязаць беларусам не ўласцівую ім імперскую ідэнтычнасць, скажоную і перакручаную версію гісторыі, міфічныя ўяўленні пра „славянскае братэрства“ і „старэйшага брата“, з якім разам беларусы заўсёды, маўляў, будавалі свой лёс, узвелічэнне Савецкага Саюзу і спробы атаясаміць беларускую нацыю з „савецкім народам“».

«Калі падобныя погляды насаджаюць на ўзроўні школьнай адукацыі, а таксама на ўзроўні публічнай палітыкі, калі сёння беларускія гісторыкі масава трапляюць за краты за сваю прафесійную дзейнасць, – гэта ўсё прыкмета фактычнай страты суверэнітэту на карысць усходняга суседа, а таксама моцны ўдар па нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў».

Коўшык бачыць задачай кожнага беларуса атрымаць праўдзівыя веды пра ўласную гісторыю і дамагацца, «каб нашыя дзеці ведалі і чыталі беларускую гісторыю і літаратуру ў нескажоным выглядзе».

«Падпісвайце сябе і дзяцей на адпаведныя онлайн-рэсурсыYoutube-каналы, блогі пра літаратуру і гісторыю, запісвайце дзяцей на беларускія онлайн-праекты навучання ці найміце ім рэпетытараў па гісторыі, беларускай мове і літаратуры, – рэкамендуе Коўшык. – Бо менавіта тут цяпер праходзіць лінія барацьбы за розумы і сэрцы беларусаў, якую вядзе супраць нас аўтарытарная ўлада ў марнай спробе вярнуць былыя часы».

Яна таксама раіць вывучыць напамяць фрагмент «экстрэмісцкага» верша Дунін-Марцінкевіча «З гутаркі старога дзеда»:

Бо пара ўжо наступае,

Што свабода заглядае,

А як гэта тое будзе –

За вум бярыцеся, людзі.

Hавiны
Як караюць за «экстрэмісцкія матэрыялы». Актывісты прааналізавалі сотні пратаколаў
2023.08.16 14:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў