Як караюць за «экстрэмісцкія матэрыялы». Актывісты прааналізавалі сотні пратаколаў


Telegram-канал «Коалиция Протестных Дворов» расказаў пра вынікі аналізу пакаранняў паводле «народнага» арт. 19.11 Адміністратыўнага кодэксу («Распаўсюд, выраб, захаванне, перавоз інфармацыйнай прадукцыі, што ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе яе»).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pexels / Pixabay

Паводле актывістаў, арт. 19.11 КаАП цяпер самы часты з «народных» артыкулаў, паводле якога ўчыняюць палітычныя рэпрэсіі: толькі за травень 2023 года ў даступных актывістам крыніцах было 269 пратаколаў з такім артыкулам, і гэта дакладна не ўсе справы з ім, якія за гэты месяц завялі ў Беларусі.

Вось на што звярнулі ўвагу актывісты ў 269 даступных ім «экстрэмісцкіх» пратаколах:

• 130 асобаў былі пакараныя арыштам сумарна на 1458 дзён.

• Канфіскавалі 149 тэлефонаў і толькі адзін ноўтбук, а восем разоў тэлефон збіраліся канфіскаваць, але не змаглі, бо той «адсутнічаў матэрыяльна».

• Найчасцей штрафавалі на 20 базавых велічыняў – 740 рублёў. Такую суму прызначылі 46 асобам з 269 пратаколаў. Але былі штрафы і на 2 базавыя (74 рублі), і на 70 базавых (2590 рублёў).

• Агулам у вядомых актывістам пратаколах штрафаў за «экстрэмізм» навыпісвалі на амаль 106 тысяч рублёў.

• Найчасцейшая крыніца «экстрэмізму» – Telegram (73 згадкі), следам – «Аднакласнікі» (54), Instagram (50), «УКантакце» (48), Facebook (27), Viber (5), TikTok (1).

• У 48 выпадках «экстрэмізм» знайшлі ў асабістым ліставанні, у 192 – у паведамленнях у адкрытым доступе і ў падпісцы на «экстрэмісцкія» каналы.

• 113 выпадкаў выявілі праз «маніторынг сацсетак», 38 – праз правяранне тэлефонаў, у тым ліку на мяжы, а яшчэ 4 выпадкі – праз даносы.

• У пакаранні за «экстрэмісцкія матэрыялы» ўдзельнічалі самыя розныя падраздзяленні сілавікоў: ад сумна вядомай «палітычнай паліцыі» ГУБАЗіК да крымінальнага вышуку і патрульна-паставой службы.

• На дадатак да артыкулу 19.11 найчасцей – 11 разоў – давалі артыкул 24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»), а пакаранне за нацысцкую сімволіку сярод 269 «экстрэмісцкіх» матэрыялаў было толькі адзін раз. Разам з «экстрэмісцкімі матэрыяламі» каралі і за непалітычныя парушэнні: напрыклад, паводле артыкулу 12.1 КаАП («Незаконнае прыманне замежнай валюты ў якасці аплатнага сродку»).

Агляд
Як бяспечна карыстацца Telegram у Беларусі? 7 пытанняў да «Кіберпартызанаў»
2023.07.11 13:00

«Экстрэмісцкімі матэрыяламі» ў Беларусі могуць назваць што заўгодна: хоць цэлае незалежнае выданне, хоць фота з лагатыпам гэтага выдання, хоць дваровы чат, хоць «Видеофайл: „Песенка“» без дадатковых удакладненняў. Спіс такіх матэрыялаў на момант публікацыі налічвае больш за 1700 пазіцыяў.

«Распаўсюдам» такіх матэрыялаў могуць палічыць упадабанне пад допісам, а «захаваннем», падобна, ужо могуць палічыць падпіску на канал, хоць наўрад ці так робяць заўсёды.

Артыкулы
«Белсат» двойчы «экстрэмісцкі». Тлумачым, якая розніца між «матэрыяламі» і «фармаваннем»
2021.11.03 15:42

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў