Сустрэліся дзве Паўночныя Карэі. Што Менск хоча атрымаць ад Пхеньяна


Беларусь пашырае супрацу з Паўночнай Карэяй. Пакуль не надта афіцыйна, але ўсё ж даволі настойліва. У дзвюх рэжымаў, якія знаходзяцца ў міжнароднай ізаляцыі, цяпер знайшліся супольныя інтарэсы. Але якія? Пра гэта чытайце ў матэрыяле «Белсату».

Беларуская дэлегацыя ў Пхеньян, КНДР. 17 красавіка 2024 года.
Фота: Kcna.kp

16 красавіка ў Пхеньян прыбыў намеснік міністра замежных справаў Беларусі Яўгеній Шастакоў. Беларускія дзяржаўныя медыі і нават сайт МЗС пра гэта не паведамлялі, але пра візіт распавяло паўночнакарэйскае агенцтва ЦТАК. Мэты візіту Шастакова ў КНДР не раскрываюцца.

Пры гэтым былі апублікаваныя фота ўдзельнікаў візіту. Іх апазнала выданне «Reform.news». Гэта – супрацоўнікі МЗС Беларусі Яўгенія Барткевіч, Дзмітрый Судас і Максім Несцярэнка, а таксама Сяргей Адашкевіч (Упраўленне міжнароднай супрацы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання), Дзяніс Мялешкін (Беларуская гандлёва-прамысловая палата), Таццяна Дзянісік (Упраўленне арганізацыі лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя) і Ігар Мітрафанаў (Барысаўскі завод медычных прэпаратаў).

Медыі суседняй Паўднёвай Карэі звязваюць візіт з паглыбленнем супрацы паміж КНДР і Расеяй. Як піша Yonhap, «візіт Шастакова можа быць накіраваны на ўмацаванне сувязяў паміж трыма краінамі». Пры гэтым выданне адзначае, што з прычыны парушэння правоў чалавека наша краіна сама атрымала мянушку «Паўночнай Карэі ў Еўропе».

Hавiны
Віцебскі выкладчык пацвердзіў «правату» ідэяў Кім Ір Сэна. Яму ў КНДР за гэта далі званне
2024.04.17 16:30

«Існуе верагоднасць таго, што Паўночная Карэя імкнецца ўступіць у змову трох краінаў на чале з Расеяй праз серыю сустрэч на высокім узроўні з Беларуссю, а таксама зарабіць замежную валюту, адпраўляючы працоўных у Беларусь», – піша выданне.

Як заявіў Ян Му Джын, прэзідэнт паўднёвакарэйскага Універсітэту паўночнакарэйскіх даследаванняў, Пхеньян імкнецца «пашырыць свае дыпламатычныя гарызонты, максімальна выкарыстоўваючы свае стасункі з Расеяй».

«Нам давядзецца сачыць за стасункамі паміж трыма краінамі», – сказаў ён.

«Сцяміць на траіх»

Дыпламатычныя стасункі паміж Пхеньянам і Менскам былі ўсталяваныя яшчэ 3 лютага 1992 года. Але доўгі час стасункі яны развіваліся вельмі слаба. Хутчэй, нават наадварот. Паводле статыстычных звестак, сабраных «Observatory of Economic Complexity», экспарт з Беларусі ў КНДР знізіўся з 1,57 млн долараў у 1998 годзе да 2 тыс. долараў у 2020 годзе. Пастаўкі ж у зваротны бок абваліліся з 3,05 млн долараў у 1998 годзе да 3,7 тыс. долараў у 2021-м.

Але той факт, што ў 2015 годзе Беларусь наведаў міністр замежных справаў КНДР, а праз год у Менску адчынілася і амбасада Паўночнай Карэі, можа сведчыць пра непублічнасць пэўнай часткі двухбаковых стасункаў. На гэта ж намякае інфармацыя ЗША пра тое, што ў Беларусі ў 2017–2018 гадах працавалі паўночнакарэйскія гастарбайтары, «ад імя ўраду Паўночнай Карэі».

Стасункі паміж краінамі сталі паляпшацца пасля 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка, прайграўшы прэзідэнцкія выбары і распачаўшы ў краіне масавыя рэпрэсіі, апынуўся ў міжнароднай ізаляцыі. Улады ж Пхеньяну наадварот тады яго падтрымалі. У адказ у лістападзе 2020 года Лукашэнка заявіў пра «неапраўдана нізкі ўзровень стасункаў» дзвюх краінаў і прапанаваў палепшыць супрацу ў вытворчасці лекаў і прадуктаў, прафесійнай адукацыі і павышэнні кваліфікацыі.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і пасол КНДР Зу Зэн Бон. 3 лістапада 2020 года.
Фота: president.gov.by

А ў верасні 2023 года, пасля візіту ў Расею кіраўніка КНДР Кім Чэн Ына, Лукашэнка прапанаваў прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну «падумаць і пра супрацу недзе на траіх». На яго думку, «кавалак працы і ў Беларусі там знойдзецца». Масква ж, як мяркуецца, актыўна купляе ў Пхеньяна ўзбраенні для вайны ва Украіне.

У студзені 2024 года ўжо міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік на палях саміту Руху недалучэння ва Угандзе абмеркаваў паглыбленне двухбаковай супрацы з намеснікам міністра замежных справаў КНДР Кімам Сонгам Жыёнгам.

Навошта гэта ўсё?

У каментары «Белсату» кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін выказаў здагадку, што Лукашэнка ў верасні 2023 года «мог атрымаць адмашку» ад Пуціна на кантакты з Паўночнай Карэяй. І цяперашні візіт дэлегацыі на чале з намеснікам міністра замежных справаў можа быць падрыхтоўкай да больш значнага візіту ці падпісання нейкіх пагадненняў аб супрацы паміж Менскам і Пхеньянам. Пакуль жа гандлёвы зварот паміж імі «варты жалю».

Само паглыбленне супрацы, на думку Красуліна, дае магчымасць Лукашэнку «пастаяць побач з дарослымі» – тымі прадстаўнікамі «восі зла», што маюць уласную ядравую зброю, якой можна шантажаваць свет.

«Ён патрапіць у гэтую моцную кампанію і будзе там красавацца. І гэта дадасць яму вагі як у самой Беларусі, так і на міжнароднай арэне», – адзначыў гісторык.

Таксама Лукашэнку, як і Крэмль, могуць цікавіць пастаўкі зброі з КНДР і паўночнакарэйскія ракетныя тэхналогіі. У адказ жа Беларусь магла бы пастаўляць прадукты харчавання, напрыклад, сухое малако, калійныя ўгнаенні і да таго падобнае, сказаў Красулін. Таксама з улікам складу беларускай дэлегацыі ў Пхеньяне можна меркаваць пра пастаўкі беларускіх лекаў.

Выпрабавальны запуск гіпергукавой балістычнай ракеты сярэдняй далёкасці. Пхеньян, КНДР. 2 красавіка 2024 года.
Фота: KCNA / Handout / Xinhua / East News

«Улічваючы праблемы з цвёрдай валютай, што ў аднаго рэжыму, што ў другога, хутчэй за ўсё, будзе нейкі бартар, калі дойдзе да гандлёвых здзелак», – мяркуе суразмоўца.

Таксама перамовы з Паўночнай Карэяй могуць быць звязаныя з імкненнем дамовіцца на пастаўкі з КНДР таннай працоўнай сілы, што практыкуюць з замежнымі краінамі ўлады Пхеньяну. Але тут зноў паўстае пытанне аплаты ў «цвёрдай валюце», сказаў Красулін.

«Зноў застаецца опцыя бартару. Можа, працоўныя ў абмен на харчаванне. Ну і заадно беларускі рэжым кампенсуе страты ў працоўнай сіле, якія Беларусь панесла за апошнія гады», – падкрэсліў суразмоўца.

Апроч таго, на яго думку, Менск можа быць зацікаўлены ў вывучэнні досведу выжывання КНДР ва ўмовах санкцыяў. Разам з тым, мяркуе Красулін, калі супраца Беларусі і Паўночнай Карэі будзе мець «больш маштабныя наступствы», Менск можа сутыкнуцца з дадатковымі абмежаваннямі. І імавернасць гэтага «даволі высокая». Але ўсё будзе залежыць ад узроўню і інтэнсіўнасці стасункаў дзвюх рэжымаў, дадаў гісторык. На яго думку, калі таваразварот і абмен тэхналогіямі будзе на высокім узроўні, то іншыя краіны могуць звярнуць на гэта ўвагу і ўвесці новыя санкцыі ў дачыненні Менску.

Аналітыка
КНДР замест СНД. Як Крэмль губляе ўплыў на постсавецкай прасторы
2023.09.15 07:00

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў