news
Аналітыка
Суды, невядомасць і патэнцыйны хаос. Чаго эксперты чакаюць ад спаборніцтва Байдэна і Трампа
Відавочнага лідара прэзідэнцкай кампаніі пакуль не відаць.
19.04.202406:10

За паўгода да прэзідэнцкіх выбараў у ЗША адзін з галоўных прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка краіны Доналд Трамп апынуўся ў судзе. Наперадзе ў яго – новыя выклікі. Але гэта зусім не значыць, што палітык не можа перамагчы ў выбарах. Больш за тое, у выпадку перамогі ён можа нават сам сябе памілаваць. Пра гэта і тое, чаго агулам чакаць ад выбараў у ЗША, – у матэрыяле «Белсату».

Былы прэзідэнт Доналд Трамп сядзіць у крымінальным судзе раёну Мангэтан са сваёй камандай адвакатаў перад пачаткам адбору прысяжных у Нью-Ёрку, ЗША. 15 красавіка 2024 года.
Фота: Jabin Botsford / Pool Photo / AP / East News

15 красавіка ў Нью-Ёрку пачаўся суд у крымінальнай справе супраць былога прэзідэнта ЗША і дзейнага прэтэндэнта на галоўную пасаду ў краіне Доналда Трампа. Палітыка з Рэспубліканскай партыі вінавацяць у дачы хабару за маўчанне порнаакторцы Стормі Дэньелз за кошт грошай з перадвыбарнага фонду. Існуе пэўная рызыка таго, што ў выніку гэтага працэсу Трамп можа апынуцца ў вязніцы. Але ні суд, ні магчымае зняволенне могуць не перашкодзіць палітыку выйграць прэзідэнцкія выбары 5 лістапада.

«Ён зможа быць абраным прэзідэнтам, але заставацца пры гэтым у турме да 20 студзеня», – заявіла ў каментары «Белсату» амерыканістка Аляксандра Філіпенка.

У выпадку, калі Трампа ўсё ж асудзяць да зняволення і пры гэтым ён выйграе прэзідэнцкую гонку, каманда палітыка здолее падаць заяву пра парушэнне судовай уладай правоў выканаўчай, кіраўнік якой – прэзідэнт. І што зняволенне абранага прэзідэнта супярэчыць інтарэсам амерыканскага грамадства. Пасля гэтага Трампа могуць вызваліць, 20 студзеня 2025 года ён афіцыйна ўступіць на пасаду і «проста падпіша сам сабе памілаванне», мяркуе Філіпенка.

Працэс у справе порнаакторкі далёка не адзіны супраць экс-прэзідэнта. Напрыклад, у лютым суд Нью-Ёрку аштрафаваў яго на 355 мільёнаў долараў у справе аб махлярстве. Ёсць супраць палітыка і іншыя справы. Але, на думку амерыканісткі, іх вядзенне можа «цягнуцца да выбараў і яшчэ пасля выбараў». Але ўжо цяпер судовы пераслед уплывае на выбарчую кампанію экс-прэзідэнта – «не толькі фінансава, але і чыста тэхнічна».

«Яму трэба прысутнічаць на некаторых пасяджэннях суда, і гэта, вядома, адцягвае яго ад перадвыбарчай кампаніі», – сказала амерыканістка.

Сам Трамп спрабуе прэзентаваць «сябе ахвяраю вашынгтонскага істэблішменту, які не хоча даць яму зноў вярнуцца ў Белы дом і працягваць рабіць Амерыку вялікай», адзначыла Філіпенка. На заўзятых прыхільнікаў Трампа такая рыторыка дзеіць, але іх адных для перамогі на выбарах недастаткова.

«Перадвыбарчая барацьба ідзе за нявызначаных выбарнікаў, або за штаты, у якіх галасуюць то за дэмакратаў, то за рэспубліканцаў. І сярод гэтай групы амерыканскіх выбарцаў рэйтынг Трампа не такі ўжо і высокі», – адзначыла амерыканістка.

Судовыя ж справы не дадаюць палітыку папулярнасці сярод іх, дадала Філіпенка. Праўда, няясна таксама, ці прыйдзе дастатковая колькасць такіх выбарнікаў на ўчасткі, каб пераважыць чашу галасоў у бок дзейнага прэзідэнта Джо Байдэна з Дэмакратычнай партыі.

Апытанні не даюць перавагі нікому

Да выбараў застаецца крыху больш за паўгода, але відавочнага лідара прэзідэнцкай кампаніі пакуль не відаць. Апытанні паказваюць практычна роўныя шанцы на перамогу як Байдэна, гэтак і Трампа. І ніхто з іх пакуль не набірае 50 % галасоў. Пры гэтым сярод удзельнікаў апытанняў вялікая доля тых, хто не вызначыўся або не хоча выказваць меркавання, адзначыў у размове з «Белсатам» амерыканіст Антон Пянькоўскі.

Прэзідэнт Джо Байдэн на прыёме з нагоды Дня незалежнасці Грэцыі ва ўсходняй зале Белага дому ў Вашынгтоне, ЗША. 4 красавіка 2024 года.
Фота: Mark Schiefelbein / AP Photo / East News

Супраць таго, каб цалкам давяраць апытанням, сведчыць і тое, як у 2016 годзе, калі Трамп стаўся прэзідэнтам упершыню, у шмат якіх штатах, паводле сацыёлагаў, «рашуча» перамагала ягоная канкурэнтка Гілары Клінтан.

«Таму з некатораю доляю скепсісу варта да гэтага ставіцца, пагатоў амерыканская палітыка мае некаторую асаблівасць рабіць вельмі стромкія павароты. І зусім нечаканыя сітуацыі могуць прыводзіць да перамогі таго ці іншага кандыдата», – адзначыла Філіпенка.

На думку суразмоўцы, «за паўгода яшчэ вельмі шмат нейкіх такіх рашэнняў можа адбыцца».

Не кандыдаты, а прэтэндэнты

Варта адзначыць, што ні Трамп, ні Байдэн яшчэ афіцыйна не намінаваныя сваймі партыямі ў якасці кандыдатаў. І тэарэтычна яны могуць імі не стаць. Канвенцыя Рэспубліканскай партыі мае прайсці ў ліпені, Дэмакратычнай – у жніўні.

«Да гэтага часу афіцыйнага вылучэння кандыдатаў яшчэ не адбылося. Аднак, каб афіцыйна вылучыць кандыдатаў на канвенцыях, неабходна правесці праймерыз і кокусы на ўсёй тэрыторыі ЗША. Таму калі, напрыклад, Дэмакратычная або Рэспубліканская партыя вырашыць вылучыць кагосьці яшчэ, трэба будзе зноўку праводзіць кокусы і праймерыз ува ўсіх 50 штатах», – сказала Філіпенка.

Таму, паводле эксперткі, на практыцы намінаваць кагосьці іншага, а не Трампа і Байдэна, будзе «вельмі і вельмі складана».

У сваю чаргу Пянькоўскі адзначыў, што ў Байдэна проста не засталося моцных канкурэнтаў у Дэмакратычнай партыі. У рэспубліканцаў жа, мяркуе ён, нават няма «плану Б» – моцнага кандыдата, якога б можна было выставіць замест Трампа. У тым ліку на выпадак, калі яго здымуць з прэзідэнцкай гонкі рашэннем суда.

Трэці не лішні

Сёлета ёсць і трэці незалежны кандыдат – Робэрт Кенэдзі – малодшы, пляменнік забітага ў 1963 годзе прэзідэнта, ён летась пакінуў Дэмакратычную партыю. За яго папярэдне гатовыя прагаласаваць ад 10 % да 15 % апытаных. Як адзначыў Пянькоўскі, такое падтрыманне трэцяга незалежнага кандыдата даволі высокае. Сам палітык вядомы антываксерскімі заявамі і «нейкаю прыхільнасцю да рыторыкі Доналда Трампа, але ўсё ж такі яны вельмі адрозніваюцца», сказаў амерыканіст.

Незалежны кандыдат Робэрт Кенэдзі – малодшы выступае перад прыхільнікамі ў Оўклэндзе, ЗША. 26 сакавіка 2024 года.
Фота: Laure Andrillon / Reuters / Forum

Паводле Пянькоўскага, чым бліжэй будуць выбары, тым больш асцярожна будзе сябе паводзіць адміністрацыя Байдэна, у тым ліку ў пытанні дапамогі Украіне ці Ізраілю, каб не страціць галасоў, якія б маглі пайсці Кенэдзі ці Трампу. Бо дзейныя ўлады зазнаюць вельмі моцную крытыку наконт выдаткоўвання бюджэтных сродкаў.

А віцэ хто?

Важная частка перадвыбарчай гонкі ў ЗША – кандыдатуры віцэ-прэзідэнтаў, гэта другая асоба ў краіне, якая ў выпадку чаго можа сама заступіць на пасаду прэзідэнта. Разам з Байдэнам на гэтую пасаду прэтэндуе дзейная віцэ Камала Гэрыс, хоць яна і не вельмі папулярная сярод амерыканцаў.

«Каманда Байдэна пастанавіла не мяняць віцэ-прэзідэнта, а заставацца з ёю разам, бо, мабыць, дэмакраты вырашылі, што больш шкоды будзе ад змены віцэ-прэзідэнта», – сказала Філіпенка.

А вось Трамп са сваім віцэ яшчэ не вызначыўся. У якасці магчымых кандыдатураў называюцца розныя прозвішчы: ад ягоных супернікаў на рэспубліканскім праймерыз аж да журналіста Такера Карлсана, які браў інтэрв’ю ва Уладзіміра Пуціна. Спрабаваў экс-прэзідэнт прыцягнуць на свой бок і Кенэдзі. Прынамсі той паведаміў пра гэта 15 красавіка, адзначыўшы, што «з павагай адхіліў прапанову».

На думку Філіпенкі, кандыдатам на віцэ-прэзідэнта ад рэспубліканцаў у выніку стане «чалавек, які, безумоўна, падзяляе яго [Трампа. – Заўвага рэд. belsat.eu] інтарэсы». Папярэдняга віцэ-прэзідэнта Майка Пэнса Трамп якраз крытыкаваў за тое, што той не падтрымаў яго падчас паслявыбарчых пратэстаў у студзені 2021 года.

«Хутчэй за ўсё, гэты досвед працы з Майкам Пэнсам прывядзе да таго, што Доналд Трамп у свае віцэ-прэзідэнты абярэ кагосьці, хто проста будзе яму падтакваць і згаджацца з усімі ягонымі рашэннямі», – мяркуе Філіпенка.

У сваю чаргу Пянькоўскі бачыць адсутнасць зацверджанай кандыдатуры на віцэ-прэзідэнта ў тым, што Трамп «вельмі здольны да PR, і тое, што ён робіць, – вельмі добра прапісаная стратэгія». На ягоную думку, палітык абвесціць кандыдатуру «ў апошні момант, каб крыху адцягнуць чаканні выбарнікаў і зрабіць гэты PR-эфект бліжэй да выбараў».

160 гадоў на дваіх

Гэтая прэзідэнцкая кампанія – самая вялікаўзроставая ў гісторыі ЗША. Байдэну ў лістападзе споўніцца 82 гады, Трампу ў чэрвені – 78, што павышае рызыку нечаканасцяў падчас перадвыбарчай гонкі.

«Мы ў нязведаных водах амерыканскай палітыкі. Нічога падобнага ніколі не адбывалася. Таму зусім няясна, як будуць развівацца падзеі», – сказала Філіпенка.

Былы прэзідэнт Доналд Трамп са сваім адвакатам Тодам Блэнчам размаўляюць з журналістамі за межамі залы суда пасля першага дня адбору прысяжных у крымінальным судзе раёну Мангэтан у Нью-Ёрку, ЗША. 15 красавіка 2024 года.
Фота: Jabin Botsford / The Washington Post / AP / Pool / East News

І ў выпадку нечаканага сыходу з жыцця аднаго з кандыдатаў ЗША справа будзе за юрыстамі, Кангрэсам і за Вярхоўным Судом, якія будуць пастанаўляць, што трэба рабіць у гэтым выпадку згодна з амерыканскім заканадаўствам, сказала Філіпенка. На думку эксперткі, нельга выключаць і пераносу выбараў. Але ўсё ж усе будуць намагацца, каб выбары прайшлі менавіта 5 лістапада 2024 года.

Пянькоўскі ж падкрэсліў, што век амерыканскіх палітыкаў, як і агулам працягласць жыцця ў краіне, «крыху вышэйшы за прыняты культурна ў нашым рэгіёне». У адрозненне ад Беларусі, у ЗША ўся ўлада не належыць прэзідэнту, для гэтага там ёсць іншыя органы. Абіраючы ж прэзідэнта, амерыканцы абіраюць перадусім «кірунак, які транслюе той ці іншы кандыдат і ягоная каманда». Менавіта таму гэтак важная намінацыя віцэ-прэзідэнтаў, сказаў амерыканіст. Пагатоў у гісторыі ўжо былі выпадкі, калі віцэ-прэзідэнты з прычыны смерці прэзідэнта займалі ягоную пасаду.

Што хвалюе амерыканцаў

Пакуль свет актыўна сочыць за вынікамі выбараў у ЗША, у самых Штатах вонкавая палітыка «сышла за дзесяць найважнейшых пытанняў, якія хвалююць амерыканскіх выбарцаў», сказала Філіпенка. Менавіта гэтым яна патлумачыла тое, што Кангрэс ніяк не ўхваліць пакету дапамогі Украіне. І калі падтрыманне Ізраілю яшчэ важнае для амерыканскіх выбарнікаў, то пытанні Украіны ці Тайваню «сапраўды адыходзяць кудысьці далёка на задні план».

«Амерыканскіх падаткаплатнікаў найперш цікавіць іхная эканоміка, а не тое, як яны падтрымліваюць тыя ці іншыя краіны», – сказаў Пянькоўскі.

Сярод важных пытанняў таксама адукацыя, міграцыя, ахова здароўя, у тым ліку і спароны, але ніяк не вонкавая палітыка, дадала Філіпенка.

Ці пагражаюць ЗША пратэсты

У выпадку пройгрышу Трампа ці прымусовага зняцця ягонай кандыдатуры з выбараў суразмоўцы «Белсату» не чакаюць масавых пратэстаў з боку ягоных прыхільнікаў. У тым ліку таму, што «не ўся Рэспубліканская партыя падтрымлівае Доналда Трампа», адзначыў Пянькоўскі.

«Асабіста ў мяне ўражанне, што частка Рэспубліканскай партыі будзе радая пройгрышу Трампа, бо трампізм і правы ўхіл Рэспубліканскай партыі звязаныя наўпрост з асобаю Доналда Трампа. Іншым палітыкам, якія спрабуюць ехаць па рэйках трампізму і робяць тыя ж заявы, што і Доналд Трамп, далёка не заўсёды ўдаецца дамагчыся нейкіх вынікаў і быць абранымі на нейкія дзяржаўныя пасады. Адпаведна, трампізм, безумоўна, звязаны з асобаю 45-га прэзідэнта ЗША», – мяркуе Філіпенка.

На думку эксперткі, «у выпадку сыходу Трампа з палітычнага Алімпу, трампізм таксама, верагодна, сыдзе або проста перародзіцца ў яшчэ адно правае крыло Рэспубліканскай партыі і, магчыма, перастане быць такім радыкальным». Таму суразмоўца мяркуе, што прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі «зробяць усё, каб пазбегчы сурʼёзных сутыкненняў радыкальных прыхільнікаў», якіх у партыю прывёў менавіта Трамп.

Прыхільнікі кандыдата на прэзідэнта ад Рэспубліканскай партыі Доналда Трампа на перадвыбарчай імпрэзе ў Эткінсане, ЗША. 16 студзеня 2024 года.
Фота: Matt Rourke / AP Photo / East News

«Ім гэтыя людзі не так прынцыпова важныя, як асноўная база рэспубліканцаў, якія, у сваю чаргу, наўрад ці выйдуць на нейкія сур’ёзныя або гвалтоўныя пратэсты», – заявіла Філіпенка.

ЗША чакае хаос?

У любым разе, незалежна ад вынікаў выбараў, важна будзе тое, хто рэпрэзентуе Кангрэс. Гэтак, цяпер, нават нягледзячы на прэзідэнта-дэмакрата, Кангрэсам кіруюць рэспубліканцы, у тым ліку блакуючы дапамогу Украіне.

«Гэтак жа мы можам казаць пра тое, што калі рэспубліканец будзе ў Белым доме, гэта зусім не азначае, што тут жа будзе адмененая ўся дапамога Украіне», – думае Філіпенка.

Тым не менш у выпадку перамогі Трампа замежную палітыку ЗША могуць чакаць сур’ёзныя змены, як гэта адбылося падчас мінулага ягонага прэзідэнцтва, заявіў Пянькоўскі. Філіпенка ж галоўную пагрозу вяртання Трампа бачыць у хаосе ў амерыканскай палітыцы:

«І менавіта на гэта робіць стаўку Крэмль у сваім жаданні ўбачыць Доналда Трампа ва ўладзе зноў. Доналд Трамп не нейкі безумоўны хаўруснік Расеі. Мы наўрад ці ўбачым нейкія новыя дамоўленасці, супольныя дэкларацыі і сустрэчы двух прэзідэнтаў у выпадку, калі Трамп вернецца ў Белы дом. Але Трамп прынясе з сабою хаос у Вашынгтон. Мы ведаем гэта з досведу 2016 года, калі прэзідэнт, які ёсць часткаю выканаўчай улады, раптам пачаў направа і налева падпісваць заканадаўчыя ўказы, якія выконваюцца гэтак жа, як і законы. І каб прызнаць іх неканстытуцыйнасць, трэба было праходзіць праз слуханне ў Кангрэсе і суды».

І калі ў папярэднюю кадэнцыю Трампа «не было ніякіх сурʼёзных замежнапалітычных выклікаў», то цяпер «перад ЗША стаяць самыя суворыя замежнапалітычныя выклікі стагоддзя».

«І хаос у Вашынгтоне, які напэўна прынясе з сабою Доналд Трамп, можа негатыўна паўплываць на ўсю замежную палітыку ЗША і на магчымасць рэагаваць на замежнапалітычныя выклікі ў ЗША», – сказала Філіпенка.

У любым разе, як адзначыў Пянькоўскі, да 20 студзеня 2025 года цяперашняя адміністрацыя, нават калі яна і зменіцца пазней, будзе надалей кіраваць краінаю, таму сёлета палітыка ЗША застанецца прадказальнаю.

Макар Мыш belsat.eu