Абвінавачаны ў падрыве на БАМе беларус Ерамееў у «Лефортаве». Да яго не пускаюць адваката


Да беларуса Сяргея Ерамеева, якога вінавацяць у выбухах на чыгунцы ў Расеі, не пускаюць адвакатаў. Пра гэта паведаміў сузаснавальнік ініцыятывы «BY_help» ды фонду «BYSOL» Аляксей Лявончык.

Сяргей Ерамееў.
Фота: Страна для жизни / Telegram

Цяпер Сяргей Ерамееў утрымліваецца ў СІЗА «Лефортава» ў Маскве. Але незалежных адвакатаў да яго не пускаюць з рознымі тлумачэннямі.

«Адвакатку да яго не пушчаюць ужо каторы раз, спасылаючыся на неабходнасць дазволу следчага (што, паводле расейскага закону, поўная лухта)», – адзначыў Аляксей Лявончык.

Паводле Лявончыка, веданне імя следчага таксама не дапамагае атрымаць доступу да справы, бо «трэба дамова аб абароне ад сваякоў (таксама лухта, бо адваката можа наняць любы чалавек)» ці «дазвол ад следчага, каб атрымаць справу ў судзе».

«У справах іншых людзей, якіх абвінавачвалі ў дыверсіях у Расеі, назіралася тая самая тэндэнцыя. Не пускаць незалежных адвакатаў. Адзіная прычына, якая таму можа быць, – прымусіць чалавека ў ізаляцыі прызнаць сваю віну з фармальнай прысутнасцю прызначанага дзяржаўнага адваката», – сказаў Лявончык.

Агляд
Падрывы цягнікоў, машын і не толькі. Як у 2023 годзе беларусы ў Расеі вайне перашкаджалі
2023.12.11 18:34

Нагадаем, што 29 лістапада 2023 года на перагоне Ітыкіт – Акусікан падчас руху праз тунэль на Байкала-Амурскай магістралі загарэўся вагон грузавога цягніка. Пазней на гэтым жа ўчастку адбыўся другі падрыў грузавога цягніка, што ехаў аб’езнаю каляінаю. У выніку чатыры цыстэрны з палівам згарэлі, яшчэ дзве атрымалі пашкоджанні. Паліва разлілося на плошчы 150 квадратных метраў. Выбухі цягнікоў у Паўночнамуйскім тунэлі БАМу кваліфікавалі як тэракт.

7 снежня ФСБ Расеі паведаміла пра затрыманне ў Омску беларуса, падазраванага ў тэракце. На судзе сталася вядома, што затрыманы – 52-гадовы Сяргей Ерамееў. Ён працаваў індывідуальным прадпрымальнікам, мае дваіх малых дзяцей, раней не быў пад судом. У Расеі сталага месца рэгістрацыі ў яго не было.

Віну Ерамееў прызнаў, а ў судзе заявіў, што хацеў спаралізаваць рух на чыгунцы, каб перашкодзіць транспартаванню вайсковых грузаў.

У снежні 2023 года ў Наваполацку праходзілі затрыманні людзей, якія маглі быць звязаныя з Сяргеем Ерамеевым, схопленым ФСБ нібыта за дыверсію на расейскім БАМе. Людзей апытвалі і правяралі ў іх тэлефоны – пры гэтым некаторых накіроўвалі ў суд.

Абноўлена
«Планаваў тэракт, вынятая бомба». ФСБ паказала відэа з забойствам беларуса ў Карэліі
2024.03.07 13:00

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў