Страсянуць як след

Нарада з прадстаўнікамі Рэспубліканскага савету рэктараў у Палацы Незалежнасці прайшла на павышаных тонах. Але гаворка там ішла пра ўсё што заўгодна, толькі не пра якасць адукацыі і аўтарытэт ВНУ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Чаму пра адукацыю на павышаных тонах? Таму што, па-першае, Аляксандр Лукашэнка ўсё менш упэўнены ў сабе, а па-другое, размова пра самыя адукацыю і навуку ўласна і не планавалася. Ці можа такую размову весці чалавек, пры якім актыўна закрываюцца школы і які не можа ўвогуле некага проста слухаць, каб рабіць высновы, а не навязваць свайго дыктату?

Гаварылася пра ўсё што заўгодна, толькі не пра якасць і аўтарытэт ВНУ.

Нельга ж насамрэч лічыць збітыя выразы «страсянуць», «мысліць па-дзяржаўнаму», «закасцянелі да неймавернасці», «адукацыя не можа быць па-за палітыкай» нечым нават блізкім да нюансаў адукацыі.

Прысутнічалі больш за 50 асобаў, рэктары ВНУ з усёй краны. Сам аўтар фразы «гаварыльня нам непатрэбная» – той яшчэ гаварун. Відавочна, што мэтай было вынесці на шырокую публіку свае чарговыя «псіхі».

Каментар
«Шлях да таталітарызму». Беларускіх школьнікаў навучаць перакладаць допыт ваеннапалонных
2024.01.16 18:52

«Самае галоўнае, – вымавіў аратар, не пытаючыся ў аўдыторыі, добра гэта ці заганна, – што мы захавалі пераемнасць і якасць класічнай адукацыі. Будзем сумленнымі: савецкая вышэйшая школа дала свету геніяльныя адкрыцці, праслаўленыя на ўвесь свет імёны [тут, пэўна, меў на ўвазе і сябе. – Заўв. аўт.]. Тады атрыманыя ў нашых ВНУ веды былі на вагу золата. І цяпер у Беларусь едуць вучыцца, таму што мы захавалі найлепшыя савецкія традыцыі».

У пытанне, наколькі «ахвотна» да нас едуць вучыцца, кіраўнік не ўдаваўся. Як і пра кантынгент, які запаўняе ўсё больш спусцелыя беларускія ВНУ. Затое міністр адукацыі Андрэй Іванец без ценю засмучэння пахваліўся, што «мы інтэнсіўна развіваем супрацу з Кітайскай Народнай Рэспублікай, стварыўшы 10 супольных навукова-адукацыйных структураў і рэалізуючы 40 супольных адукацыйных праграмаў».

Чыноўнік нават назваў лічбу: каля 10 тысяч замежных навучэнцаў – гэта студэнты з Кітаю.

«Актыўна развіваем супрацу і з краінамі СНД, – працягнуў дакладваць Іванец. – Пераважна гэта Узбекістан, Туркменістан ды Таджыкістан… Адкрываем Афрыканскі кантынент. Сёння гэта пакуль 7 % нашага экспарту [адукацыйных паслуг. – Заўв. аўт.]. Разам з традыцыйнымі афрыканскімі краінамі – Нігерыя, Марока, Камерун – развіваем стасункі з Зімбабвэ і Экватарыяльнай Гвінеяй».

Hавiны
Кіраўніцтва беларускіх ВНУ адправілі на заняткі па агнявой падрыхтоўцы
2024.02.15 19:16

У чым радасць? Іншаземцы не вучацца на бюджэце. Амаль усе плоцяць. На пытанне пра выгаду ад гэтага ў верасні мінулага года адказваў начальнік упраўлення міжнароднай супрацы Міністэрства адукацыі Андрэй Красуцкі:

«Па дыплом у нашую краіну прыязджаюць грамадзяне з больш як 110 краінаў… Ва ўстановах вышэйшай адукацыі ў 2022/23 навучальным годзе вучыліся больш за 28,5 тысячы замежных студэнтаў, што складае 12 % ад усіх студэнтаў… Кошт… для замежных грамадзянаў вар’юецца ад 2 да 5,7 тысячы долараў на год… За год ён [экспарт адукацыйных паслуг. – Заўв. belsat.eu] прыносіць у рэспубліканскі бюджэт каля 90 мільёнаў долараў».

Праўда, ёсць і бясплатнікі. Ад 2018 года дзее ўказ «Аб грантах на навучанне», паводле якога штогод для іншаземцаў за кошт рэспубліканскага бюджэту выдзяляецца да 100 квотаў. Якія, праўда, не вельмі ахвотна выкарыстоўваюцца.

«Калі ў 2019-м за кошт грантаў на навучанне… былі залічаныя 19 замежных грамадзянаў, то ў 2023 годзе – ужо 52», – выдае лічбы Андрэй Красуцкі.

Напрыканцы гэтага матэрыялу даецца даведка: у топ-5000 (!) розных рэйтынгаў уваходзяць дзесяць «беларускіх установаў Беларусі». Даслоўна так на SB.BY і напісана: «беларускіх установаў Беларусі».

Што гэта за топ такі, калі ў ім фігуруе лічба 5000?

Сапраўды, рэйтынгі розныя і іх даволі шмат. Але ні слова не пішацца, што калі ад 2021 года найлепшы з нашых універсітэтаў, Беларускі дзяржаўны, у падсумаванні, напрыклад, «QS World University Rankings» яшчэ квола падымаўся (спачатку на 22 месцы, потым яшчэ на 8), то ў 2024-м рэйтынг БДУ рухнуў амаль на 100 пазіцыяў.

Панізіліся ўсе паказнікі: «Акадэмічная рэпутацыя», «Рэпутацыя працадаўцы», «Цытаванне на факультэт» (гэта значыць, што разлічваецца агульная колькасць спасылак на ўсе дакументы, выпушчаныя за пяцігадовы перыяд, з улікам колькасці выкладчыкаў у гэтай установе), «Суадносіны выкладчыкаў і студэнтаў» (ступень дасяжнасці той ці іншай дысцыпліны для навучэнцаў), «Суадносіны замежных студэнтаў», «Міжнародны каэфіцыент факультэту», «Міжнародная даследчая сетка», «Вынікі занятасці».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У сёлетнім лютым абнавілася інфармацыя пра актуальныя рэйтынгі на рэсурсе «Study Abroad Aide». Яны ўключаюць у сябе 8056 установаў з 3669 гарадоў у 69 краінах. Нічога дзіўнага: шматгадовае лідарства захавалася за ўніверсітэтамі Вялікай Брытаніі (Оксфард – 1-е месца, Кеймбрыдж – 5-е) ды ЗША (Гарвард – 2-е, Масачусэцкі тэхналагічны інстытут – 3-е, Стэнфард – 4-е, Каліфарнійскі тэхналагічны інстытут – 6-е, Каліфарнійскі ўніверсітэт у Сан-Францыска – 8-е, Чыкагскі ўніверсітэт – 10-е). У дзясятку найлепшых увайшлі і найстарэйшая Швейцарская вышэйшая тэхнічная школа Цюрыху (7-е месца) ды Сінгапурскі нацыянальны ўніверсітэт (9-е месца). БНТУ (572-е месца) абышоў у гэтым спісе БДУ (645-е месца). А ўвогуле, рэйтынгаў, як падкрэслівалася, вельмі шмат і ўлічваюць яны самыя розныя паказнікі.

Падчас нарады кіраўнік не затрымаўся і з чарговым загадам прымусіць выпускнікоў «імем рэвалюцыі» заставацца ў Беларусі і быць упэўненымі, што «нашая вышэйшая адукацыя – найлепшая».

Вядома, кіраўнік загадаў разабрацца з тымі выкладчыкамі, якія не падзяляюць дзяржаўнай ідэалогіі. Гісторыя простая: у выніку недабюджэтавання ўсё кладзецца на хісткія плечы студэнтаў і выкладчыкаў.

Пры гэтым самапрызначаны ці то не разумее, ці то не жадае разумець, што адукацыя павінна ісці з самага нізу. А ў нас, напрыклад, дзяржава зліквідавала канкурэнцыю паміж агульнаадукацыйнымі дзяржаўнымі і прыватнымі школамі, дзе можна абіраць якасць і сістэму асветы, а не вучыцца, быццам пад капірку, згодна з манапольнымі праграмамі Міністэрства адукацыі.

Тэлеграм-канал «Учительская» напрыканцы года летась згадаў пра рэйтынг найлепшых прыватных школаў у свеце з IB DP (міжнародныя бакалаўравыя дыпломныя праграмы). Дык вось, лідарам сярод амаль 3700 установаў на ўсёй планеце (больш як 2200 з іх – прыватныя), як ні дзіўна, другі год запар становіцца маскоўская школа «Летава».

Здаецца, такая ж таталітарная дзяржава, але ў іх не знішчаная прыватная адукацыя. Праграма, паводле якой вучацца там і ў іншых недзяржаўных школах, што ўвайшлі ў гэты рэйтынг, дазваляе атрымаць дыплом, які прызнаецца ўніверсітэтамі ўсяго свету. Максімальная інтэлектуальная вага дыплому – 45 балаў, а каб трапіць у рэйтынг навучэнцам трэба набіраць не менш за 35 балаў. Дык вось, сярэдні бал выпускнікоў Летаўскай школы склаў больш за 42 балы, і такі вынік дае магчымасць сярэдняму навучэнцу «Летава» спакойна прэтэндаваць на паступленне ў Оксфард, Кеймбрыдж і іншыя найлепшыя ВНУ свету.

56 школаў рэйтынгу месцяцца ў Азіі і Еўропе. У нашай частцы свету найлепшыя ўстановы працуюць у Вялікай Брытаніі, Швейцарыі і Нямеччыне. Але поспех «Летава» ўнікальны. У рэйтынгу няма больш ніводнай прыватнай школы не толькі з Расеі, але і з краінаў былога СССР. Адзіная беларуская ўстанова, якая мела ліцэнзію на IB DP, закрылася, як і шматлікія іншыя прыватныя школы, яшчэ ўвосень 2022 года. Тэарэтычна яны не могуць быць прэзентаваныя ў рэйтынгу як мінімум да 2025 года, нават пры ўмове, што хоць нехта атрымае ліцэнзію IB DP проста зараз.

У Беларусі ўвогуле няма школаў з прызнанымі міжнароднымі праграмамі. Усе планы прадукуе Міністэрства адукацыі. І так будзе, пакуль пры ўладзе Лукашэнка з ягонай нянавісцю да ўсяго прыватнага і замежнага.

Лукашэнка вельмі памыляецца, калі думае, што гэтымі «забараніць», «напужаць», «абмежаваць» і «страсянуць» ён робіць лепш. Людзі любымі шляхамі ўсё роўна будуць імкнуцца выязджаць з гэтых джунгляў, прасякнутых рэтраградствам і дзікім звярыным паляваннем, а значыць, кола праціўнікаў гэтай брыды будзе расці і адначасова ўвесь час звужацца, сціскаючыся на шыі нялюдскага рэжыму ўсё мацней.

Аналітыка
«Як прыпісаны да зямлі прыгонны». Якімі будуць наступствы новых правілаў прыёму ў ВНУ?
2024.02.13 10:00

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў