Трывожныя кнопкі і відэакамеры замест выбараў

Навошта міністр унутраных справаў Беларусі Іван Кубракоў рабіў заявы аб мерах бяспекі на выбарчых участках? Каго ўвогуле сёння ў нашай краіне хвалюе, што менавіта адбудзецца 25 лютага? Выбары?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міліцыянт выходзіць з кабіны падчас датэрміновага галасавання на выбарах прэзідэнта Беларусі ў горадзе Глыбокае, Беларусь. 4 жніўня 2020 года.
Фота: Sergei Gapon / AFP / East News

Іван Кубракоў сказаў: «Пасля 2020 года, калі сітуацыя была вельмі напружанай, мы працавалі над памылкамі і аналізавалі сітуацыю. А на рэферэндуме 2022 года бяспека на выбарчых участках была гарантаваная зусім па-іншаму». Якую менавіта бяспеку меў на ўвазе Кубракоў? А дакладней, бяспека для каго? Падобна, у народу і ўлады розныя ўяўленні аб бяспецы.

Раніцай 9 жніўня 2020 года, у дзень выбараў, сітуацыя была напружаная для каго заўгодна, але толькі не для людзей, якія прыйшлі на выбарчыя ўчасткі галоўным чынам для таго, каб упэўніцца, што яны не самотныя. Упершыню за столькі гадоў людзі пайшлі на выбары, ведаючы, што іхныя галасы праігнаруюць, але з непадробным святочным настроем. Прыходзілі на выбарчыя ўчасткі, адзначаліся ў спісах, бралі бюлетэнь і ўсміхаліся адно аднаму.

У нашай краіне ўсмешкі адно аднаму ў любым грамадскім месцы вельмі рэдкая з’ява. І не таму, што гэта не нашая традыцыя. Проста жыццё такое, што ўсмешлівы чалавек успрымаўся як замежнік ці псіх.

А ў той дзень людзі дэманстравалі яднанне, у тым ліку і сваімі ўсмешкамі. Нягледзячы на тое, што ўжо былі арыштаваныя ў турмах, людзі ўсміхаліся.

Усміхаліся, бо ў паветры адчуваўся вецер пераменаў, і гэтыя перамены былі доўгачаканыя. Каля школы, дзе мусіла прагаласаваць Святлана Ціханоўская, стаялі выбарнікі, каб выказаць ёй сваю салідарнасць. Ну і на самім участку, вядома, былі журналісты практычна ўсіх медыяў. Камеры і мікрафоны былі напагатове. У той дзень гэта быў адзіны ўчастак, пра які можна было б сказаць, што там было шмат сілавікоў і журналістаў. Але «напружанасці» не адчувалася.

Міністр паабяцаў забяспечыць выбарчыя ўчасткі трывожнымі кнопкамі і ўладкаваць там відэаназіранне. Цікава, за кім? То бок чакаюць, што туды нехта прыйдзе, і не дапускаюць нават думкі, што нехта можа прыйсці менавіта з мэтаю прагаласаваць, а не з нейкай іншай?

Напэўна, у краіне могуць быць людзі, якія да гэтага часу вераць, што іхны голас камусьці можа быць цікавы, і яго нават палічаць. Але наколькі іх шмат? Ці можна іх колькасць успрымаць сурʼёзна?

І што гэтыя выбарцы могуць учыніць на ўчастку ў дзень галасавання, што спатрэбяцца трывожныя кнопкі?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святлана Ціханоўская аддае голас на выбарчым участку ў Менску падчас прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Увогуле, некалькі гадоў таму ідэя з відэаназіраннем была б цудоўная, прычым з кругласутачным, ды яшчэ і на ўвесь перыяд так любімага ўладамі «датэрміновага галасавання». Каля выбарчай скрыні і ў рэжыме онлайн, каб кожны выбарнік мог бачыць, што ніякія дзядзькі не зайшлі ўначы ў памяшканне, не адарвалі дно скрыні, не выцягнулі адтуль адны паперкі і не засунулі туды іншых.

Чаму ў мінулым часе? Бо сёння гэта больш не актуальна.

Цяпер можна наторкаць камер дзе заўгодна і ў якім заўгодна рэжыме трансляваць пустое памяшканне з чальцамі камісіі – гэта нікому не будзе цікава.

Міністр у адным мае рацыю – тады, 9 жніўня 2020 года, сітуацыя пасля закрыцця выбарчых участкаў зрабілася напружанай. Але хто стварыў гэтую напружанасць? Чаму ўвечары 8 жніўня напярэдадні выбараў Святлана Ціханоўская пакінула сваю кватэру ў мэтах бяспекі, а за некалькі гадзінаў да завяршэння датэрміновага галасавання яна звярнулася да людзей з заклікам не дапусціць гвалту.

Яна прасіла і сілавікоў «не выконваць злачынных загадаў». Хто напярэдадні выбараў правёў беспрэцэдэнтны «хапун» у Менску і ва ўсіх абласных гарадах краіны? Хто стаў падганяць аўтазакі да выбарчых участкаў і хапаць людзей, якія чакалі папярэдніх вынікаў? Хто загадаў адключыць інтэрнэт? Хто такім чынам справакаваў сітуацыю, што людзі сталі выходзіць са сваіх кватэраў, каб даведацца што адбываецца? Хто пачаў хапаць і жорстка збіваць людзей, якія мірна ішлі вуліцамі сваіх гарадоў? Хто ўчыніў сапраўдную бойню ў месцах, куды прывозілі і без таго збітых жанчын і мужчынаў?

Пытанняў шмат, але яны ніяк не ўпісваюцца ў паняцце «напружанай абстаноўкі». Напружаная абстаноўка – зусім іншае.

Як бы міністр тады ахарактарызаваў цяперашнюю сітуацыю ў краіне?

Ці знойдзецца сёння хоць адна сямʼя, у якой, калі не сваякі, то блізкія сябры і знаёмыя, не прайшлі праз рэпрэсіі? Арышты, ператрусы, збіццё, штрафы, звальненні з працы, вымушаны адʼезд… І працяг гэтага спісу – расейскія войскі са сваёй тэхнікай, якія атакуюць суседнюю Украіну.

Міністр Кубракоў заявіў, што сілавікі загадзя пачалі падрыхтоўку да выбараў, каб не дапусціць паўтарэння сітуацыі 2020 года. Гучыць так, як быццам нічога такога і не адбылося, маўляў, была «напружаная сітуацыя» і прайшла. Цяпер проста трэба не дапусціць, каб яна паўтарылася. Цікава: сам ён верыць, што яна нейкім чынам можа паўтарыцца? І, калі можа, то як канкрэтна?

Дык і выбары ж не прэзідэнцкія. Хоць, вядома, слова «выбары» трэба ў любым выпадку браць у двукоссі. Але спыні сёння мінака на вуліцы ў любым горадзе ці мястэчку Беларусі і спытай у яго пра дату 25 лютага. У найлепшым выпадку адкажа, што гэта будзе адзіны дзень галасавання, а вось куды, за каго, якога склікання – дакладна не скажа.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. АМАП затрымлівае мужчыну падчас акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў у Менску, Беларусь. 10 жніўня 2020 года.
Фота: Sergei Gapon / AFP / East News

На ўсялякі выпадак адзначым, што будуць абірацца дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га склікання і мясцовых саветаў дэпутатаў 29-га склікання. Упэўненая – спытай гэта ў самога спадара міністра ў ягоным кабінеце сярод белага дня, наўрад ці ён сам адкажа без памылкі пра тое, што збіраецца ахоўваць з такімі павышанымі мерамі бяспекі.

Між тым, афіцыйна, у адпаведнасці з патрабаваннямі «абноўленай Канстытуцыі і Выбарчага кодэксу»:

– «кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, у члены Савету Рэспублікі не могуць быць вылучаныя грамадзяне, у дачыненні якіх ёсць абвінаваўчы прысуд суда, які ўступіў у законную сілу;

– кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў не могуць быць вылучаныя грамадзяне, якія маюць нязнятую або не пагашаную судзімасць;

– не маюць права абіраць і быць абранымі асобы, у дачыненні якіх абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай;

– кандыдатамі ў дэпутаты, у члены Савету Рэспублікі не могуць быць вылучаныя грамадзяне, якія маюць грамадзянства (падданства) замежнай дзяржавы, іншы дакумент замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю».

Краіна змянілася, і фармулёўкі таксама. Мы прачынаемся і засынаем пад зводкі – каго схапілі, каго судзяць, каго этапуюць, хто памёр у турме… Якія выбары? Каго, куды? На што гэта можа паўплываць? Навошта пра гэта ўвогуле пішуць? Каму трэба паказваць, што ў краіне ёсць нейкія выбары і нават законы, калі ўжо ўсе без выключэння ведаюць, што гэта бутафорыя?

А з паралельнай афіцыйнай рэчаіснасці ідзе нейкая свая статыстыка. Як бы нічога не здарылася. Нам кажуць, што ў краіне ўтворана 12 514 выбарчых акруг. Зразумела, што ўчасткаў будзе яшчэ больш. Ці хопіць у міністра на ўсе трывожных кнопак? Можа, прасцей будзе «прагаласаваць» у адзіны дзень адзіным спісам, і не затлумляцца такімі «беспрэцэдэнтнымі» «мерамі бяспекі»?

belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў