Прысуд Данькову (+ фота сям'і з залы суда)


Уладальніка «Dankoff Club’у» Юрыя Данькова асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Такі прыгавор абвесцілі 23 снежня ў судзе Маскоўскага раёну Менску.

2 снежня дзяржаўны абвінаваўца папрасіў суд прыгаварыць бізнесоўцу да 9-і гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Юрыя Данькова затрымалі 4 верасня 2012 года. Праз тры дні яму выставілі абвінавачанне на падставе ч. 2 арт. 171 Крымінальнага кодэксу (выкарыстанне прастытуцыі або стварэнне ўмоваў для прастытуцыі, учыненыя службоваю асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў).

Данькову інкрымінавалі ўчыненне злачынстваў, прадугледжаных сямю артыкуламі Крымінальнага кодэксу: ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў, што пацягнула прычыненне страты дзяржаве ў асабліва буйным памеры на агульную суму Br 918,1 млн; арганізацыя і ўтрыманне прытону для прастытуцыі; падрабленне дакументаў, а таксама складанне і выдача заведама фальшывых дакументаў з карыслівай ды іншай асабістай зацікаўленасці; дапамога ў фальсіфікацыі доказаў паводле грамадзянскай справы асобе, якая бярэ ўдзел у справе; уцягванне жанчын у прастытуцыю з мэтай наступнага атрымання выгады ад прастытуцыі; захоўванне з мэтай рэкламавання і рэкламаванне парнаграфічнага матэрыялу, а таксама публічная дэманстрацыя фільму парнаграфічнага зместу.

Суд над Даньковым пачаўся 18 верасня.

Перад пачаткам судовага паседжання журналістам удалося пагаварыць з Даньковым, які заявіў, што спадзяецца на апраўдальны прысуд: «Няма доказнай базы. Гэта публічнае лупцаванне, а не правасуддзе. Я не прызнаю сябе вінаватым, няма доказаў, ёсць паклёп».

Ужо пасля суда Данькоў практычна паўтарыў гэтыя выказванні, дадаўшы: «усё сфабрыкавалі» і «гэта чыстае авалоданне бізнесам». Ён заявіў, што мае намер абскардзіць прысуд, каб дамагчыся апраўдання.

Адказваючы на пытанне, хто такая пацярпелая Дудзінская, Данькоў сказаў, што гэта падстаўная асоба, яна разам са сваёй сяброўкай тэлефанавала яму ў 2009 годзе.

«Dankoff Club» да нядаўняга часу быў адным з найбуйнейшых забаўляльных цэнтраў Менску, куды ўваходзілі казіно «Dankoff Club», стрыптыз-клуб «Vенецыя», рэстаран «Dankoff Club», SPA-салон «For Men».

У 2001 годзе Юрый Данькоў браў удзел у прэзідэнцкіх выбарах, але не змог падаць у ЦВК неабходнай для вылучэння кандыдатам колькасці подпісаў.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў