Сёння судзяць удзельнікаў акцыі «Стоп-падатак!»


У судзе Ленінскага раёна Менска пачаўся разгляд адміністрацыйных справаў затрыманых пад час акцыі «Стоп-падатак» аўтааматараў Канстанціна Глушко і Андрэя Самохіна. Іх вінавацяць у непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікам міліцыі. Таксама сёння судзяць трох маладзёнаў: Аляксандра Францкевіча, які здымаў тое, што адбываецца, на відэакамеру ў мабільным тэлефоне, а таксама Анастасіі Кухты і Анастасіі Шатэрнік, якія заступіліся за Францкевіча падчас затрымання.

Праваабаронцы абнародавалі справаздачу па выніках пятнічнай акцыі пратэсту аўтамабілістаў у Менску супраць увядзення падатку.
Справаздачу апублікавалі на сайце «Spring96.org». Аўтары дакументу канстатавалі мірны характар масавага мерапрыемства і рэпрэсіўныя дзеянні праваахоўнікаў у цывільным. Праваабаронцы асабліва занепакоеныя тым, што немагчыма было ідэнтыфікаваць праваахоўнікаў, бо тыя былі без формы ды ідэнтыфікацыйных картак.

Паводле аўтараў справаздачы, у акцыі ўзялі ўдзел да 100 аўтаў і да 200 асобаў, якія стаялі ўздоўж маршруту. Аўтамабілі рухаліся ад плошчы Перамогі да плошчы Незалежнасці, перыядычна падаючы гукавыя сігналы. З некаторых даносілася музыка («Ляпіс Трубяцкі», «Кіно»). Частка людзей, якія ішлі ўздоўж праспекту, вітала аўты, людзі пляскалі ў ладкі. На пешаходах і аўтах былі заўважаныя пазнакі «STOP-падатак».

Праваабаронцы паведамляюць, што за акцыяй назіралі або суправаджалі яе прыблізна 60 байцоў АМАПу, ад 30 да 50 праваахоўнікаў у цывільным, з 20 працаўнікоў ДАІ.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў