«Рэпартаж Сіліча»: адзін дзень з жыцця сучаснага вікінга


Што значыць у нашыя часы застацца вікінгам? Захаваць бадзёры нязломны дух і шчырую радасную ўсмешку. Што б ні адбывалася: вывяржэнне гейзеру ці сусветны эканамічны крызіс, шматтысячны карнавал ці снежны, амаль безнадзейны буран у далёкай, забытай усім светам паўночнай тундры.

Такой думкі прытрымліваецца ісландскі бізнесовец Ён Крыстын Ёнсан, які сам рэгулярна выбіраецца ў тундру, каб вызваліць з яе абдымкаў турыстаў, аматараў экстрэмальнага адпачынку. Выправіўся ў адзін з такіх небяспечных тураў і наш еўрапейскі карэспандэнт Алесь Сіліч.
{movie}«Рэпартаж Сіліча»: адзін дзень з жыцця сучаснага вікінга |right|13861{/movie}
Ва ўласнасці 50-гадовага Ёна Крыстына Ёнсана, бізнесоўца з Рэйк’явіку, – дзве фірмы. Адна – турыстычная, другая – аўтамабільная, якая занятая пераабсталяваннем і продажам так званых суперджыпаў.

Ён вельмі заможны чалавек, нават паводле ісландскіх стандартаў. Але сёння ён убраны зусім не ў дзелавы касцюм ці элегантны фрак. Сёння ён звычайны кіроўца, які выпраўляецца ў незвычайнае і, як высвятляецца крыху пазней, вельмі небяспечнае падарожжа. У месцы, катэгарычна забароненыя для наведвання шараговымі кіроўцамі ды на шараговых аўтамабілях.

Забраць турыстаў з месца іхнага адпачынку – задача, здаецца, вельмі простая. Простая, пакуль наперадзе бачыш утульную шашу, а твой джып едзе ціха і роўна. Але гэта, аказваецца, не назаўжды. Гэта толькі прадмова перад будучымі прыгодамі. Апошні прыпынак перад якімі – вось гэтая закінутая бензастанцыя. Але тут адразу ўзнікае няштатная сітуацыя. Касіркі няма, а калонка-аўтамат раптам абвяшчае байкот.

Застацца ў тундры без паліва і амаль без надзеі на хуткае выратаванне – непрымальная раскоша, як кажа Ён. І таму трэба дакладна вылічыць так званы пункт невяртання, пасля якога рухацца далей – значыць пазней стварыць для сябе і турыстаў-экстрэмалаў смяротную небяспеку. На такое ні Ён, ні ягоны партнёр пайсці не могуць. Але сёння разлікі паказалі, што рухацца далей можна ўсё ж паспрабаваць.

Але дарогі, варта адзначыць, тут, у цёмнай і заснежанай тундры, рэч даволі ўмоўная. Хутчэй, як тут выказваюцца, гэта «маршруты». Кіраванне «па маршрутах» ажыццяўляецца выключна з дапамогаю навігатара. У любы момант джып, хоць ён і суперджып, можа амаль безнадзейна праваліцца ў яму са снежнай слоты. Другі джып яго заўсёды страхуе. Тут ніколі не ездзяць па адным – бо лічаць гэта самазабойствам.

Першы джып, які за апошнія дзве гадзіны вось ужо восьмы раз трапляе ў лядовую пастку, трэба зноў выратоўваць.

ЁН КРЫСТЫН ЁНСАН, БІЗНЕСОВЕЦ:
«Найхутчэйшы шлях гэта зрабіць – з дапамогаю эластычнай вяроўкі».

Але, аказваецца, дапамагаюць экстрэмальным кіроўцам пераадолець амаль непераадольную тундру не толькі эластычныя вяроўкі, але, як з гонарам адзначае Ён, і дух вікінга.

Алесь Сіліч, «Белсат», Ісландыя

Стужка навінаў