Калядныя цуды, якія трапілі ў Кнігу рэкордаў Гінэса (фота)


Паштоўка шырынёю з чалавечы волас, кекс даўжынёю з цягнік і яліна за $ 11 млн. Падборка пра тых, хто любіць, каб святы запомніліся надоўга.

Самая высокая яліна

Яліну вышынёю 127,99 м сабралі дзякуючы кампаніі «Energisa Sergipe» – дыстрыб’ютара «Energia S/A» ў Аракажу (штат Сэржыпі, Бразілія) у 2009 годзе. Яе ўпрыгожвалі больш за 28 тыс. лямпачак.

Фота flickr.com / justo_ruiz_photogrpher

Самая дарагая яліна

На гэты рэкорд выдаткаваліся ў сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Абу-Дабі. Ялінкавыя аздобы, сярод якіх было 181 ювелірнае ўпрыгожанне, каштавалі $ 11 026 900. Вышыня святочнага дрэва сягала 13,1 м.



Фота flickr.com

Самая маленькая паштоўка

Тут пастараліся навукоўцы з універсітэту ў Глазга. У 2010-м яны зрабілі віншавальную картку памерам 200 на 290 мікраметраў – такую можна разгледзець толькі пад мікраскопам. А на ёй – адбітак вытраўленай на маленечкім кавалку шкла каляднай ялінкі. Стваральнікі падлічылі, што на звычайнай паштовай марцы змясцілася б 8276 такіх паштовак.

Ялінка ў параўнанні з чалавечым воласам. Фота jwnc.gla.ac.uk

Самы даўгі калядны кекс

Кекс даўжынёю 72,1 м пяклі 5 гадзінаў (разам з вырабам цеста). Яго змясцілі на чыгуначнай станцыі «Гаарлем» у галандскім горадзе Лідл якраз на трэці дзень народзінаў «Белсату» – 10 снежня 2010года.

Хуткаснае ўпрыгожванне ялінкі

Тут усіх перасягнуў журналіст брытанскага таблоіду «Daily Star» Джэймз Мур (James Moore). Цягам 1 хвіліны і 55 секундаў ён паспеў развесіць на дрэўцы 100 агеньчыкаў, 2 пакункі мішуры, 15 шароў і замацаваць на верхавіне калядную зорку. Рэкорд пастаўлены ў 2011 годзе.

Самы вялікі ялінкавы шар

Шар дыяметрам 4,2 м з гальванізаванай сталі зрабілі ў Мексіцы (Сан-Пэдра-Гарсія, Нуэва-Леон) у 2000-м.

Самая вялікая плывучая яліна

Зялёная вышынёю 85 м, аплеценая 85-метроваю гірляндай з 2,8 млн мікралямпачак, «прыстала» ў лагуне Радрыгу-ды-Фрэйташ (Рыа-дэ-Жанэйра, Бразілія).

Колькасць электрычных агеньчыкаў у адным будынку

Як ні дзіўна, гэты рэкорд пабіла не самая багатая краіна – Румынія. Святочная ілюмінацыя найбуйнейшага гандлёвага цэнтру краіны, «Sun Plaza», плошчаю 209 тыс. кв. м, складалася з 449,658 свяцільных прыладаў і лямпачак. Было гэта ў 2010 годзе.

Самая высокая штучная яліна

«Дрэва міру» – металёвая канструкцыя вышынёю 52 м, пакрытая пластыкавай «хвояй» і ўпрыгожаная 3 тыс. шароў і 200 лямпачкамі – узвышалася ў парку ў Порту-Алегры (Бразілія). Яна прастаяла з 1 снежня 2001 года да 6 студзеня 2002-га.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў