Ці для збліжэння з ЕЗ Лукашэнка вызваліць палітвязняў?


«Беларусь гатова на любыя захады для нармалізацыі адносінаў з Еўразвязам», – заявіў Лукашэнка падчас уручэння даверных граматаў амбасадарамі некаторых еўрапейскіх краінаў.

«Нам адно ад аднога нікуды не падзецца. Нам трэба будзе жыць разам, па-суседску, – адзначыў Лукашэнка. – …Да нас не можа быць ніякіх прэтэнзіяў у плане нармалізацыі гэтых стасункаў. Мы гатовыя на любыя крокі ў плане нармалізацыі нашых адносінаў», падае БелТА

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што бачыць і зацікаўленасць еўрапейскага бізнесу ў развіцці кантактаў з беларускім бокам: «Не хачу гаварыць, што мяч на вашым баку. Гэта журналісцкі штамп. Але ён сапраўды на вашым баку».

«Мы шчыра зацікаўленыя ў развіцці добрасуседскіх адносінаў з Еўрапейскім звязам. Гэта абумоўлена не толькі геаграфічнай, гістарычнай, культурнай блізкасцю, але і неабходнасцю прыняцця супольных захадаў рэагавання на рэгіянальныя выклікі і пагрозы», – сказаў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што плённая праца ў гэтых ды іншых кірунках магчымая выключна на аснове раўнапраўя і ўзаемнай павагі: «У нас занадта шмат вонкавых пагрозаў. Давайце разам падумаем, як супрацьстаяць ім, а не скоса глядзець адно на аднаога. Гэта ні ў вашых інтарэсах, ні ў нашых».

Даверныя граматы сёння ўручылі кіраўніку Беларусі амбасадары Францыі, Нідэрландаў, Іспаніі ды Славеніі.

Прадстаўнікі ЕЗ на розных узроўнях неаднаразова падкрэслівалі, што дыялог з Менскам магчымы толькі пасля вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў.

«У тэзісах Лукашэнкі пэўная доля метафары»



«Мяркуючы па ўсім, Лукашэнка зацікаўлены, каб фортка на Захад была адчыненая. Сведчыць пра гэта ўдзел беларускай дэлегацыі ў саміце «Усходняга партнёрства» ў Вільні і словы міністра замежных справаў Уладзіміра Макея пра спрашчэнне візавага рэжыму з Еўразвязам», – адзначыў палітолаг Валер Карбалевіч. Беларусь зацікаўленая ў супрацы з Еўропаю, на думку адмыслоўцы, праз эканамічныя цяжкасці, бо Расея не ў стане забяспечыць усе патрэбы Беларусі.

У тым, што Лукашэнка для збліжэння з Еўропаю вызваліць палітвязняў, палітолаг не перакананы: «Да тэзісаў Лукашэнкі трэба ставіцца заўсёды асцярожна. У іх заўсёды прысутнічае пэўная доля метафары. Наўрад ці будзе вызваленне палітвязняў, хоць гэта і не выключанае цалкам».

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў