Зміцер Вайцюшкевіч: «Забарона на сустрэчу з маёй аўдыторыяй – гэта маё пакаранне»


Новая музыка, новае амплуа і новы альбом. Зміцер Вайцюшкевіч ператварыўся ў сапраўднага шансанье. Цёмныя акуляры, марынарка нараспашку і прэзентацыя новай кружэлкі ў лазні.

Шансон па-беларуску, запытаецеся вы? Так, адкажа вам Зміцер Вайцюшкевіч. Гэта не жарты, хаця яшчэ зусім нядаўна музыка ўспрымаў гэтую ідэю як вар’яцтва. Але чалавек з непарушным аўтарытэтам – Генадзь Бураўкін – запэўніў Змітра, што гэта будзе «бомба».

{movie}Зміцер Вацюшкевіч пра новы альбом |right|13734{/movie}

Новы альбом «Варанок» рыхтаваўся да прэм’еры амаль тры гады, распавядае Вайцюшкевіч. «Першы раз, калі я пачуў ад яго (Генадзя Бураўкіна. – belsat.eu) гэтую прапанову, можна было б пакруціць пальцам каля скроні… Але гэтак склалася, што тры апошнія гады майго жыцця звязаныя з забаронаю на прафесію, з чорнымі спісамі. Я думаю, тут нікому нічога тлумачыць не трэба, – кажа спявак. – Нейкі час я не мог сябе ўявіць у ролі пакаранага. А шансон – гэта музыка тых, хто сядзеў, але гісторыя суседніх краінаў нам падказвае выпадкі, калі таленавітыя і забароненыя не сядзелі. Я лічу, што забарона на сустрэчу з маёй аўдыторыяй – гэта маё пакаранне. Ды і ўвогуле мне было цікава працаваць над гэтаю няпростаю тэмай. І для мяне вельмі важна было зрабіць гэта па-беларуску», – тлумачыць Зміцер Вайцюшкевіч.

Вобраз сексі-мача, пралетарскага вестуна ці рамантычна-натхнёнага паэта, у якога маглі закахацца дзяўчаткі з ліцэю ім. Якуба Коласа, цяпер зруйнаваны. «Пацаны», – звяртаецца Вайцюшкевіч да журналістаў на прэзентацыі альбому ў лазні. На стале – піўко, закусачка, кашуля ў стылі сутынёра – татальнае пераўвасабленне. Адным словам, глядзіце і ацэньвайце самі.

{movie}Зміцер Вайцюшкевіч спявае шансон |right|13735{/movie}

Спявак збіраецца прэзентаваць сваю праграму даволі маштабна. Творы ўжо прагучалі ў Берліне, рыхтуюцца канцэрты ў Маскве, Піцеры, Варшаве, Гданьску, Беластоку і Вільні. Найбліжэйшыя «кватэрнікі» ў Менску адбудуцца 12 снежня ў «Арт-сядзібе» і 17 снежня – у сядзібе БНФ.

Частку песень з альбому «Варанок» Вайцюшкевіч паказаў раней у выглядзе самотніка «Шо-шо», выдадзеным пад творчым псеўданімам Хведар Шчавель.



ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў