Незалежны тэлеканал ужо цягам шасці гадоў стараецца данесці да беларусаў самую важную інфармацыю «па-беларуску і без цэнзуры». За ўвесь гэты час «Белсат» паразмаўляў з тысячамі цікавых людзей, пабываў у сотнях месцах і распавёў пра безліч падзеяў.
Працуючы ў неспрыяльных умовах, калі афіцыйныя ўлады ўсяляк перашкаджаюць нам здабываць інфармацыю, «Белсат», аднак, зняў сотні рэпартажаў і дакументальных фільмаў, цэлы шэраг з якіх быў уганаранаваны на прэстыжных міжнародных кінафестывалях.
Сёлета «Белсат» здабыў яшчэ адзін новы твар – Святлану Калінкіну, якая збалансавала мужчынскую каманду вядоўцаў праграмы «Размова дня» жаночым інтэлектам і незвычайнаю абаяльнасцю. Сёлета ж распачаўся і адмысловы праект «Рэпартажы Залеўскага», прысвечаны тэмам, якія абыходзяць афіцыйныя медыі. Разам з Алесем Залеўскім мы мелі магчымасць пабываць у маленькіх мястэчках і вёсках, дзе кепска працуе інтэрнэт і куды звычайна не даязджаюць журналісты.
Найлепшыя фільмы, рэпартажы і журналісцкія матэрыялы на «Белсаце» за мінулы год вызначыць адмысловае журы. Мы дзякуем усім тым, хто ўключыўся ў галасаванку за «Тэлевізійную асобу года» і падтрымаў найбольш таленавітых, яркіх і цікавых асобаў нашага тэлеканалу.
Нас вельмі цешыць, што за апошні год узрасла колькасць наведнікаў нашага сайту – «Belsat.eu». Пашырыліся таксама шэрагі карэспандэнтаў, якія супрацоўнічаюць з нашым парталам і дасылаюць штораз больш цікавую і свежую інфармацыю з Беларусі ды замежжа. Супрацу з нашаю старонкаю пачалі таксама фотажурналісты, дзякуючы якім узбагаціўся візуальны бок нашай бачыны.
У новым годзе «Белсат» распачне новы сезон, у якім з’явяцца новыя праграмы, а наш сайт «Belsat.eu» запрапануе наведвальнікам новыя цікавыя праекты.
Сачыце за абнаўленнямі на нашай старонцы – «Belsat.eu». Мы цешымся, што можам працаваць для Вас!
Усіх сяброў «Белсату» запрашаем на канцэрт, які адбудзецца з нагоды нашага Дня нараджэння сёння ўвечары ў Варшаве ў клубе «Дзік» а 20 гадзіне (Klub «DZIK», ul Belwederska, 44). На нашым свяце заграюць беларускія гурты «Адыс-Абэба» і «Разбітае сэрца пацана». Для тых, хто, аднак, не зможа завітаць на канцэрт, мы выставім пазней відэа выступу на нашай старонцы – «Belsat.eu».