Навошта ў Баранавічах расейскія баявыя самалёты?


Заяўлены ў Канстытуцыі нейтральны статус Беларусі не перашкаджае ўзмацненню вайсковага ўплыву Крамля на нашую краіну. Прылёт на баранавіцкі аэрадром чатырох расейскіх знішчальнікаў, а разам з імі і тэхперсаналу, шмат хто расцаніў як першы крок да стварэння расейскае авіябазы. Навошта ж патрэбная прысутнасць у Беларусі баявых самалётаў суседняй дзяржавы?

{movie} Першыя ластаўкі|right|13696{/movie}

Пра намер Расеі да 2015 года размясціць на беларускай тэрыторыі авіяцыйную базу стала вядома сёлета ў красавіку пасля абмеркавання гэтай тэмы Аляксандрам Лукашэнкам з міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу. Паводле дамоўленасці, да канца гэтага года ў Беларусь мела прыляцець першае дзяжурнае звяно баявых знішчальнікаў. І вось самалёты з’явіліся. Міністэрства абароны гэтай падзеі пакуль не каментуе.

УЛАДЗІМІР МАКАРАЎ, ПРЭС-САКРАТАР МІНАБАРОНЫ БЕЛАРУСІ:

“Без каментара. Заўтра ўсё пабачыце ў інтэрнэце на сайце. Будзе паўнейшая інфармацыя”.



Пакуль жа, паводле экспертаў, факты наступныя: стварэнне расейскай авіябазы ў Беларусі прадугледжанае пагадненнем у межах гэтак званай саюзнае дзяржавы. Сама ж база мае з’явіцца пад Лідаю. Цяперашні ж прылёт знішчальнікаў у Баранавічы – трапляе ў формулу патрулявання імі беларускай паветранай прасторы, якую расейцы, што праўда, паціху займаюць.

АЛЯКСАНДР АЛЕСІН, ВАЙСКОВЫ ЭКСПЕРТ:

“На самой справе, дзяжурства ў Баранавічах – гэта прамежкавая стадыя. Бо няма міжнароднага пагаднення паміж Беларуссю і Расеяю пра статус базы ў Лідзе. Пакуль гэтае заканадаўства будзе сфармаванае, прынятае парламентамі, падпісанае прэзідэнтамі, будзе часовае дзяжурства”.



Ні панаванне ўжо сёння ў беларускім небе замежных знішчальнікаў, ні даўно вядомыя планы стварэння базы – дарэчы, ужо трэцяга расейскага вайсковага аб’екту ў Беларусі, – моцнага рэзанансу ў грамадстве не выклікалі. Натуральна, трывожныя каментары гучалі з боку прадстаўнікоў апазіцыі, былі і пратэсты, але масавымі іх не назавеш. Меркаванні ж шараговых грамадзянаў падзяліліся.

ЖЫХАРЫ БЕРАСЦЯ:

“Калі, не дай Бог, нешта пачнецца, гэтай базы праз паўгадзіны не будзе”.

“Агульная дзяржава ў нас саюзная, трэба абараняць”.

“Не, не хачу. Не трэба нам!”

“Мне здаецца, ніхто на нас не нападзе. Я не ведаю, навошта яна патрэбная, у нас сваіх сілаў хапае”.

Аднак улады Беларусі гэтак не думаюць. Паводле экспертаў, за пэўныя эканамічныя выгоды яны гатовыя саступіць больш моцнаму стратэгічнаму саюзніку, развітваючыся нават з часткаю суверэнітэту.

АЛЯКСАНДР АЛЕСІН, ВАЙСКОВЫ ЭКСПЕРТ:

“Прысутнасць замежнага кантынгенту – гэта абмежаванне ў пэўнай ступені імунітэту дзяржавы, суверэнітэту. Натуральна, гэта больш цікава Расеі, бо праз тэрыторыю Беларусі ляжыць прамы паветраны шлях на Маскву”.

Таму мець кантроль над гэтай прастораю для расейскіх знішчальнікаў – справа стратэгічна важная. Чакаецца, што ў будучым, калі авіябаза пад Лідаю з’явіцца, на ёй будуць з два дзясяткі расейскіх баявых самалётаў.

Знішчальнікі ж, якія напярэдадні прыляцелі ў Баранавічы, – пакуль толькі першыя ластаўкі.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў