300 спартанцаў па-ўкраінску + (ФОТА)


Васількоў – старажытны горад непадалёк Кіева, закладзены князем Уладзімірам. Асноўнае прызначэнне крэпасці ў Васількове – абарона Кіева ад набегаў качэўнікаў з Поўдня. Сённяшнія васількоўцы спынілі «набег» больш як тысячы жаўнераў спецпадраздзялення «Тыгр», база якога месціцца на поўдні Украіны – у Крыме. Мяркуюць, што «Тыгры» ехалі ў Кіеў браць удзел у магчымым разгоне Майдану.

Спыніць спецназ

4 снежня Васількоў абляцела навіна: на тэрыторыю лётнага каледжу заехалі некалькі дзясяткаў аўтобусаў і цяжкавікоў з жаўнерамі ўнутраных войскаў. Яны былі ў касках і бронекамізэльках. Мінула ўсяго чатыры дні пасля крывавае спробы разгону Еўрамайдану, падчас якой сотні збітых дэманстрантаў трапілі ў шпіталі. Ні ў каго з васількоўцаў не было сумневаў, што крымскі спецназ – падмацаванне для кіеўскіх міліцыянтаў, а Васількоў – толькі перавалачная база.

Васількоўцы пастанавілі, што будзе па-іншаму: уласнымі аўтамі яны заблакавалі выезды з тэрыторыі вучэльні. «Тыгр» апынуўся ў пастцы.

Ля аднаго з выездаў з вайсковае вучэльні стаіць стары «Жыгулёнак» – ён перагарадзіў дарогу. Унутры – мужчына з часопісам. Алесь прадзяжурыў тут на сваім пасту чатыры ночы запар: «Мы наладжаныя мірна. Проста трэба ім перашкодзіць. Адзін я, зразумела, не змагу спыніць калону цяжкавікоў і аўтобусаў. Але як толькі я пабачу, што там за плотам нейкі рух, – адзін званочак – і гэты ды ўсе іншыя выезды будуць надзейна заблакаваныя».

Васількоўцы пільнуюць тэрыторыю вучэльні па ўсім перыметры, кантралююць уваходы, ёсць начныя патрулі ды сталае назіранне за пляцоўкаю, дзе стаіць транспарт спецназаўцаў. Паваліць стары плот і патаемна выехаць іншаю дарогаю таксама не атрымаецца – як толькі хтосьці са спецназаўцаў прыходзіў спраўджваць плот, адразу збіраліся мясцовыя жыхары.

Метады спецназу: тэрор і пагрозы ноччу, угаворы – удзень

Ваколіцы пляцоўкі з транспартам спецназу лічацца найбольш небяспечнымі. Перыядычна да васількоўцаў падыходзяць жаўнеры з «Тыгра» і праз плот патрабуюць сысці, часам нават пагражаючы фізічнаю расправаю. Часам у «грамадзянскую ахову»… ляцяць камяні. А ўночы спецназаўцы ці забаўляюцца, ці спрабуюць запужаць васількоўцаў, бо пачынаюць свяціць у іх лазерамі, «беручы на прыцэл» і спрабуючы асляпіць. Але такі тэрор не дае вынікаў. Вогнішчы вакол тэрыторыі вучэльні не гаснуць, людзі не сыходзяць.

Як распавядаюць васількоўцы, аднойчы ў горад выйшаў маёр унутраных войскаў, пачаў фатаграфаваць нумары аўтаў, што блакуюць выезд, ды камусьці тэлефанаваць і дыктаваць нумары. Васількоўцы маёра скруцілі і перадалі ў рукі ДАІ. Выявілася, што ён быў нецвярозы. «Працаўнікі ДАІ склалі пратаколы, але маёра не забралі – выйшаў ягоны камандзір і нецвярозага, як кацяня, павёў у частку», – распавядаюць ля галоўнага ўваходу на тэрыторыю каледжу.

Улады спрабуюць васількоўцаў пераканаць, што спецпадраздзяленні маюць толькі замяняць тых жаўнераў, што ўжо нясуць службу ў Кіеве. Аднак мясцовыя жыхары ўладам не вераць. Міша распавядае, што быў сведкам, як спецназаўцы спрабуюць часам ісці на кантакт: «Выходзяць паразмаўляць, просяць прапусціць некалькі аўтобусаў на змену тым, хто ў Кіеве. Бо тыя 5 дзён стаяць нямытыя, няголеныя і галодныя. Але мы не верым, што гэта проста змена, а не падмацаванне. Хай з’язджаюць туды, адкуль прыехалі».

«А чаму мы мусім баяцца?»

Падчас нашае размовы пад’язджае аўта. З яго выходзіць Рыгор і дастае пакеты з ежаю: «Я штодня езджу ў Кіеў на Майдан, а па дарозе заязджаю сюды. Вось, жонка прыгатавала для хлопцаў гарачы сняданак».

Гісторыя ў Васількове падаецца непраўдападобнаю для Беларусі – каб грамадзяне не выпускалі з вайсковага аб’екту спецназаўцаў і ніхто не спрабаваў іх разагнаць ці арыштаваць. «У нас, украінцаў, іншы фармат мыслення. Нас не здолелі загнаць у маральную блакаду. Найбольш магчымых рэпрэсіяў баяцца на ўсходзе і поўдні Украіны, дзе нястача праўдзівае інфармацыі, дзе запужваюць і падманваюць бюджэтнікаў. Але паглядзіце на Майдан – людзі, што туды выйшлі, пераступілі праз бар’ер страху», – зазначае Андрэй, які штодня дзяжурыць ля галоўнага ўваходу.

«Калі б мы ўсе баяліся, то навошта нам сюды выходзіць. І чаму мы мусім баяцца? Мы ж не страляем, не ўзрываем нічога. У нас ціхая акцыя пратэсту супраць сённяшняе ўлады», – дадае Рыгор, што прывёз прадукты.

Да галоўнае брамы падыходзіць дзяўчына. Яна чакае, пакуль да яе выйдзе жаўнер-курсант лётнага каледжу. Пра заблакаваны спецназ і тое, што адбываецца за плотам, яна размаўляць не хоча. Але ўдзельнікі аблогі распавядаюць, што спецназаўцаў не надта радыя бачыць на тэрыторыі вучэльні. Яны не толькі займаюць месца, але атрымліваюць лепшае харчаванне, чымся вайскоўцы. Тыя іх недалюбліваюць, але змушаныя мірыцца з такімі суседзямі.

«Вайскоўцы – за нас»

Мы адпраўляемся на іншыя блокпосты, Андрэй бярэцца нас суправаджаць. На адным з пастоў – два намёты, сцягі Украіны ды Еўразвязу. Тут сама – наймаладзейшы ды найстарэйшы ўдзельнікі пратэсту. Харызматычнаму нарадзінцу Адэсы 72 гады, маладзёну з Васількова – 17. Абодва дзяжураць тут чатыры дні, грэюцца ля вогнішча. Сыходзіць не збіраюцца. Яны распавядаюць, што частка «Тыграў» сама не хоча, каб іх выпускалі, і з надзеяй глядзіць на пасты: ці не пастанавілі разысціцся? Не кожны хоча мяняць цёплую казарму на начаванне ў аўтобусе ў Кіеве, ёсць і тыя, што не хочуць супрацьстаяць людзям на Майдане.

У гэтым месцы выезд не загароджаны аўтамі, бо гэта, фактычна, брама ў адкрытым полі. Васількоўцы пракапалі нешырокую, але глыбокую траншэю ўздоўж брамы – аўтобус напэўна не зможа праз яе праехаць.

Самы неспакойны блокпост – непадалёк ад стаянкі аўтобусаў спецназу. Відаць, як за плотам праходзіць патруль. Менавіта тут найчасцей здараюцца правакацыі ды чуваць пагрозы з боку спецназу. Але гэта, падаецца, толькі ўзмацняе дух васількоўцаў – «калі яны гэтак злуюцца, значыць, правільна ўсё робім».

Але падыходзяць часам да плоту і шараговыя вайскоўцы. Проста паразмаўляць. Іх частуюць лусцянямі і яблыкамі, бо ў войску іх кормяць слаба. «А што ж? Хай ядуць, што – украінец не падтрымае іншага ўкраінца? Мы – адзін народ. А да таго ж вайскоўцы – на нашым баку, спачуваюць пратэстоўцам. Тым больш паводле ўкраінскіх законаў міліцыя не мае права размяшчацца на вайсковых аб’ектах, вайскоўцам самім сітуацыя не падабаецца», – распавядае Паўло, нарадзінец Львова. «А вось гэты спецназ паводзіць сябе не па-людску. Навошта нам пагражаць, навошта свяціць тут лазерам? На нервы дзеяць», – Паўло дадаў моцнае слова ў бок спецназаўцаў.

«Стаім да канца»

Хоць атмасфера на пунктах аховы прыязная, людзі ўсміхаюцца і жартуюць, выйсці і заблакаваць спецназ іх змусіла абурэнне. За збіццё «беркутаўцамі» пратэстоўцаў ужо выбачаўся прэзідэнт Януковіч, але гэта не азначае, што пра разгон забыліся.

«Як пачаўся Майдан, ува ўсіх добры настрой быў, а тут на табе: уключаю тэлевізар і бачу, як збіваюць дзяцей, безабаронных дзяцей! Як фашысты! Ніхто гэтак не здзекуецца з свайго народу, толькі гэты доўбаны «Беркут». А тут «Тыгр» сядзіць, можа яшчэ нейкі «Барс». А нам што «Беркут», што «Тыгр» – розніцы няма. Па-людску нават не назавуць, усё звяры нейкія», – абураюцца васількоўцы ля сваіх намётаў.

Яны гатовыя рызыкаваць уласным здароўем і маёмасцю, каб не дапусціць паўтарэння гісторыі. На гэткі самаахвярны ўчынак гатовыя не толькі тыя пару дзясяткаў чалавек, што сталі ахоўваюць тэрыторыю вучэльні, але сотні і нават тысячы жыхароў Васількова, што гатовыя да іх далучыцца, калі будзе патрэба заблакаваць рух. «Стаім да канца!» – згодна ківаюць мясцовыя жыхары.

Як і тысячу гадоў таму, у Васількове жадаюць толькі аднаго – каб нязваныя госці з Поўдня альбо склалі зброю, альбо вярталіся назад, адкуль прыйшлі.

P.S.:

Падчас рэдакцыйнай падрыхтоўкі матэрыяла стала вядома, што частцы спецназаўцаў удалося вырвацца з тэрыторыі каледжа на трасу ў кірунку Кіева. Васількоўцы спрабуюць заблакаваць далейшы рух.

{movie}Спецназ бяжыць у Кіеў|right|13676{/movie}

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў