Міліцыя наведала спектакль «Свабоднага тэатру» ў межах Менскага гей-прайду – 2013


Працаўнік міліцыі ды жанчына ў цывільным прыйшлі на спектакль «Свабоднага тэатру», які праходзіў у межах праграмы Менскага гей-прайду – 2013. Прычынаю іхнага візіту стала інфармацыя, якая паступіла ў органы ўнутраных справаў, аб тым, што ў памяшканні «збіраюцца асобы нетрадыцыйнай арыентацыі».



Арганізатары мерапрыемства паведамілі, што ў памяшканні праходзіць тэатральная пастаноўка, пасля чаго працоўнік міліцыі пайшоў, так і не растлумачыўшы, паводле якога артыкулу закону «асобам нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі» нельга збірацца разам.

Увечары 7 снежня падчас Менскага гей-прайду – 2013 «Свабодны тэатр» паказаў спектакль «Шчаслівага Раства, міс Мідаўз». Яго ідэя ўзнікла ў дырэктаркі тэатру Наталлі Каляды 3 гады таму і была акрэсленая працоўнаю назваю «Трэці пол». Да распрацоўвання тэмы падчас экспедыцыі ў Афрыку і Паўднёва-Усходнюю Азію, дзе група наведала Гану, Тайланд і Малайзію, падключыліся Мікалай Халезін і Уладзімір Шчэрбань, які ў выніку прыняў рашэнне заняцца пастаноўкаю спектаклю. Падчас экспедыцыі група вывучала праблему «трэцяга полу» – людзей, вымушаных звяртацца да аперацыяў і працэдураў змены полу. У фінальную версію спектаклю ўвайшлі гісторыі транссексуалаў, якія жывуць на чатырох кантынентах.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў