Восем новых беларускіх паслоў паедуць у свет. Замянілі паслоў у Літве і Польшчы


«Гэта нашыя краіны-суседкі. Як бы мы з імі ні жылі сёння, якія б у нас ні былі адносіны, суседзяў (мы ўжо даўно гаворым і не мы гэта прыдумалі) не выбіраюць», – звярнуўся Лукашэнка да новых беларускіх паслоў у Літве і Польшчы.



Сёння Лукашэнка прызначыў восем беларускіх дыпламатаў пасламі Рэспублікі Беларусь. Пасаду пасла ў Польшчы зойме Аляксандр Авяр’янаў, у Літве – Аляксандр Кароль. Кіраўнік Беларусі адзначыў, што трэба настаўляцца на пазітыўную працу з суседзямі, «як бы мы з імі ні жылі сёння»: шукаць кантакты, супрацоўнічаць. «Бачыць Бог, мы гэтак і робім, гэта нашая лінія. І тое, што ў нас часам не атрымліваецца, гэта не ад нас залежыць. Занадта неадэкватныя, скажам гэтак, да нас патрабаванні выстаўляюць з таго боку, на якія мы пайсці не можам. Сёння, прынамсі, ды не думаю, што заўтра і паслязаўтра зможам», – зазначыў Лукашэнка.

Адно з асноўных заданняў для новапрызначаных паслоў – гэта дамовы пра гандаль. «Будзе экспарт – будзе валюта, будзе валюта – нашым палітычным праціўнікам не будзе чаго сказаць. У іх адна праблема і адна балбатня: дэстабілізаваць становішча на валютным рынку. Гэта іхная галоўная задача. Яны думаюць, што калі мы валютны рынак абвалім, значыць, абваліцца краіна. Нічога такога! Ніхто нікуды не абваліцца. Але гэтую праблему трэба развязваць, і рашэнне толькі адно: прыток валюты ў нашую краіну», – падкрэсліў Лукашэнка.

Хто паедзе да суседзяў?

Новы пасол у Польшчы Аляксандр Авяр’янаў быў дагэтуль дырэктарам дэпартаменту вонкаваэканамічнай дзейнасці Міністэрства замежных справаў. Вядома, што ён піша вершы на расейскай мове.

Дагэтуль паслом у Польшчы быў Віктар Гайсёнак, які ўжо тры гады таму дасягнуў пенсійнага веку. Віктар Гайсёнак вядомы праз тое, што напісаў абуральны ліст да фірмы, якая распаўсюджвала ў Польшчы фільм «Жыве Беларусь», адным з аўтарам сцэнара якога быў палітжаўнер Франак Вячорка.

«Надзвычай сумнеўнаю падаецца неабходнасць дэманстрацыі польскім гледачам фальшывай карціны, пададзенай у фільме. Ніводзін з паказаных у стужцы фрагментаў не мае нічога супольнага з рэчаіснасцю, а папросту дэманструе хворую фантазію аўтара сцэнара», – выказаўся Гайсёнак.

Пасол у Літве Аляксандр Кароль працаваў генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у Гданьску (Польшча). Папярэдні амбасадар у Літве, Уладзімір Дражын, мусіў пайсці на пенсію яшчэ 6 гадоў таму.

Каго адправяць далей?

Апрача таго, паслом у Аргентыну прызначылі Віктара Козінцава. Паслом Беларусі ў Эфіопіі, сталым прадстаўніком Беларусі пры Афрыканскім звязе, сталым прадстаўніком пры Праграме ААН аховы навакольнага асяроддзя (ЮНЭП) і Праграме ААН аховы паселішчаў (ААН-Габітат) па сумяшчальніцтве прызначылі Дзмітрыя Купцеля.

Андрэй Еўдачэнка стаў паслом у Вялікім Герцагстве Люксембург па сумяшчальніцтве, Уладзімір Чушаў – паслом у Чарнагорыі і Македоніі па сумяшчальніцтве, Аляксандр Хайноўскі – паслом у Босніі і Герцагавіне па сумяшчальніцтве.

Былога прэс-сакратара МЗС Беларусі Андрэя Савіных прызначылі паслом у Турэцкай Рэспубліцы і Рэспубліцы Ірак па сумяшчальніцтве.

МЯ, belsat.eu, паводле belta.by, lithuania.mfa.gov.by. ru.delfi.lt

Стужка навінаў