Пасля пажару: гарадзенскай сінагозе ўсё яшчэ патрэбныя валанцёры


Ратаваць Вялікую харальную гарадзенскую сінагогу, якая гарэла ў ноч на 27 лістапада, амаль ніхто хто прыйшоў.

На наступны пасля пажару дзень шматлікія мас-медыі абвесцілі, што прадстаўнікі габрэйскай суполкі просяць неабыякавых дапамагчы ў навядзенні парадку. Галоўнаю патрэбаю было адпампаваць ваду, якая засталася пасля тушэння пажару. Калі б яна замерзла, гістарычнаму будынку быў бы нанесены чарговы ўрон. Аднак ратаваць пацярпелы будынак мала хто кінуўся.

Валанцёры пачалі з’яўляцца праз некалькі дзён

Барыс Квяткоўскі, старшыня габрэйскай супольнасці ў Горадні, пералічыў валанцёраў па імёнах: Аляксей, Надзя, Саша – яны прыйшлі ў першы ж дзень пасля пажару. Спраўляліся спадручнымі сродкамі, чэрпалі ваду нават лапатамі. Аднак прыбраць усю ваду за дзень не паспелі. У наступныя дні яшчэ некалькі асобаў прыходзілі выпраўляць шкоду, нанесеную агнём і вадою. Галоўны спонсар рэстаўрацыі сінагогі – ТАА «ЗОВ» – выслаў на дапамогу шасцёх сваіх працоўных.

Адначасова пад навінамі пра пажар у сінагозе і заклікамі аб дапамозе гарадзенцы пакідалі шмат негатыўных каментароў, кшталту, «ці ж габрэі не могуць справіцца сваймі сіламі, каб эксплуатаваць яшчэ і беларусаў».

Вадзім Цярлецкі, удзельнік грамадзянскай ініцыятывы «Кромань», прысвяціў свой працоўны дзень, каб навесці парадак вакол сінангоні. «Заўсёды было так, што пагарэльцам дапамагалі. А калі не будзем дапамагаць, то згінем і ўсё. Да таго ж гэта [сінагога – belsat.eu.] нашая гістарычная спадчына. А сам я не маю ніякіх габрэйскіх каранёў. Крыўдна, вядома ж, што дапамогі не вельмі шмат. Такое стаўленне «мая хата з краю» – жахлівае. Я збіраюся прыйсці і заўтра ды прывяду сяброў».

Старшыня габрэйскай грамады распавёў, што фінансава дапамагаюць прадпрыемствы гораду, асобныя людзі, ініцыятыву праявілі сталыя людзі з «Універсітэту Залатога веку». Як паведаміў Барыс Квяткоўскі, цяпер сінагога мае шмат даўгоў і чакае новых паступленняў ад спонсараў. Дамовы на аказанне матэрыяльнай дапамогі падпісаныя з ААТ «Горадня-Азот», лікёра-гарэлачным заводам.

Дапамагаюць прадпрыемствы

Спадар Квяткоўскі запэўніў, што адчуваецца дапамога ад уладаў. Бюджэтныя грошы не могуць быць накіраваныя на патрэбы прыватнай уласнасці, як гарадзенская сінагога. Але ж, паводле Квяткоўскага, кіраўнікі рэгіёну спрыяюць, каб сярод тых, хто просіць грошы ў прадпрыемстваў, сінагозе адной з першых далі сродкі. Барыс Максавіч адзначыў, што апошнім часам спонсараў было няшмат, але спадзяецца, што пасля здарэння справа пойдзе больш актыўна.

Дагэтуль унутры будынку шмат вільгаці, на першым паверсе стаіць вада. У найбліжэйшы час побач з сінагогаю паставяць кацельную, каб было чым абаграваць будынак. Каб правесці звонку ацяпленне, трэба зрабіць доступ да падвальнага памяшкання. Падвал раней выкарыстоўваўся, але цяпер дзверы ў яго засыпаныя будаўнічым смеццем. Асноўная праца для валанцёраў цяпер – гэта ачысціць памяшканні ды тэрыторыю вакол сінагогі ад гарэлага смецця.

Самае цяжкое, паводле Барыса Максавіча, гэта аднавіць перакрыццё паміж другім і трэцім паверхам, цяпер там хадзіць небяспечна, якое-небудзь перакрыцце можа абваліцца. Найбольш пашкоджаны малітоўны пакой, ён цалкам абгарэў.

Тора была некашэрная

Барыс Максавіч вярнуўся да падзеяў той трагічнай ночы. Ён распавёў, што вернікі найбольш перажывалі за аздабленне фасаду: каб элементы ляпнога дэкору не прамерзлі ды не пачалі абсыпацца. А ўначы мелася быць 7 градусаў марозу. Таму і затапілі кацялок. Гэтымі ж дымаходамі карысталіся з 2011 года. Каля 23:00 агонь у катле затушылі, але іскры паспелі перакінуцца на перакрыцце, пра што ніхто і не здагадваўся. Пасля высветлілася, што перакрыцце выходзіла проста ў дымаход. Па ім агонь пайшоў у пакой, усё абсталяванне было сухое, таму схапілася вельмі хутка.

Цудоўным чынам у пажары захавалася тора. Яе падаравала супольнасць з Канады гадоў дваццаць таму. Аднак тора не была кашэрная, то бок была пашкоджаная і нельга было карыстацца ёй для рытуальных мэтаў. Малітоўнікі таксама не пацярпелі ад агню, аднак іх пашкодзіла вада падчас тушэння. Цяпер імі наўрад ці будуць карыстацца для малітваў.

«Уся дапамога пакуль у асвятленні падзеі. Журналістаў больш, чым валанцёраў», – усміхаецца Барыс Квяткоўскі.

Марына Юзэфовіч, belsat.eu

Стужка навінаў