Як змясціць Беларусь у адным пакоі? Або новае нацыянальнае свята «Байрум»


У Вільні пад адным дахам сабраліся левыя, кансерватары, арт-актывісты, аналітыкі, партыйныя функцыянеры ды незалежныя журналісты з Беларусі. Усіх аб’яднаў «Байрум».

Свята пад адным дахам

Тут гучыць беларуская мова, частуюць дранікамі, а цягам дня сюды завітаў ледзь не ўвесь цвет беларускай апазіцыі. «Bў-ROOM» – бадай што самая беларуская падзея на саміце «Усходняга партнёрства» ў Вільні.

Беларускі пакойчык – гэтак можна перакласці назву месца, якое прыцягнула ўвагу беларускіх журналістаў, праваабаронцаў, экспертаў, палітыкаў – карацей кажучы, усіх тых, хто прыехаў у літоўскую сталіцу на трэці саміт «Усходняга партнёрства» ад нашай краіны.

Назва «Bў-ROOM» у арыгінальным варыянце доўга не пратрымалася і хутка ператварылася ў мілы жарт пра новае беларускае свята «Байрум» (крыніцаю крэатыву стала мусульманская традыцыя адзначаць Курбан-байрам, у перакладзе – Свята ахвяры). Ахвярамі «Bў-ROOM’у» сталі толькі беларускія прысмакі, якія, як ураганам, змяталіся са сталоў.

Ад эколагаў да хрысціянаў

Абстаўлялі, упрыгожвалі ды наводзілі марафет у Беларускім пакойчыку ўсе разам: былыя камуністы, Беларуская партыя левых «Справядлівы свет», хрысціянскія дэмакраты, прадстаўнікі незалежнага тэлеканалу «Белсат», а таксама журналісты «Еўрапейскага радыё для Беларусі», якія транслявалі наўпрост з Беларускага пакою ў Вільні.

Увогуле, «Bў-ROOM» сабраў пад сваім дахам ледзь не палову беларускіх арганізацыяў з пазадзяржаўнага сектару. Сярод самых цікавых і малавядомых грамадзянскіх ініцыятываў былі такія, як «SIGNAL» – цэнтр падтрымання вулічных мастакоў Беларусі, Беларускі архіў вуснай гісторыі – он-лайн сховішча ўнікальных дакументаў і ўспамінаў тых, хто бачыў і нават адчуў подых гісторыі на сваёй скуры, і г. д. Усіх складана пералічыць, але некаторых варта адзначыць. Напрыклад, часопіс «ARCHE», галоўны рэдактар якога – Валер Булгакаў – сам раіў зацікаўленым вартую ўвагі літаратуру і апошнія нумары свайго штодвухмесячніка. Або «Будзьма беларусамі» – адзін з самых паспяховых праектаў, што займаецца прасоўваннем беларускай культуры ў масы.

Гендэрная роўнасць і думкі ўслых

Даволі шырока рэпрэзентаваная ў Беларускім пакоі гендэрная тэматыка. Сваймі распрацоўкамі ў гэтай галіне падзяліўся Цэнтр гендэрных даследаванняў ЕГУ. Парушэнняў гендэрнай роўнасці ў «Bў-ROOM’е» не назіралася. Але былі заўважаныя «думкі ўслых» – праект парталу «ЕўраБеларусь», які забяспечвае кожнага ахвотнага студыяй ды камераю: казаць у аб’ектыў можна ўсё, што прыйшло ў галаву. У маналогу перад камераю можна агучыць услых думкі пра палітыку, дзеячаў, царкву, дзяржаву, пра сяброў, ідыётаў ці пра селектарныя нарады. Усе думкі будуць пазней апублікаваныя на старонцы eurobelarus.info

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў