«Януковіч, не крадзі будучыню». Украінцы зладзілі ў Вільні Еўрамайдан (відэа)


Сабраўшыся ўчора ўвечары каля віленскага Палацу ўладароў, актывісты скандавалі: «Януковіч, падпішы!» Аўта ўкраінскага прэзідэнта нават не прыпынілася ля пратэстоўцаў. Сардэчна іх вітаў прэзідэнт Румыніі.

{movie}Еўрамайдан украінцаў у Вільні |right|13527{/movie}

Кіраўнік Украіны Віктар Януковіч учора на цэлую гадзіну спазніўся на ўрачыстую вячэру саміту «Усходняга партнёрства». Увесь гэты час ля Палацу ўладароў, дзе адбывалася сустрэча, Януковіча чакалі каля 60 актывістаў, якія адмыслова прыехалі ў Вільню з Украіны на саміт «Усходняга партнёрства». Яны трымалі плакаты на ўкраінскай, літоўскай ды англійскай мовах і скандавалі: «Януковіч, падпішы!», «Не здраджвай народу, падпішы дамову», «Украіна – гэта Еўропа», «Януковіч, не крадзі будучыню».

{movie}Януковіч прыбывае на банкет “Усходняга партнёрства”. Відэа – “Українська правда”|right|13526{/movie}

Украінцы намерваліся ўручыць лідару краіны таксама вялікую, памерам 1,5 метра, асадку, якую адмыслова зрабілі ўкраінскія мастакі з соцень малых асадак. Запланаванага, аднак, не ўдалося ажыццявіць, бо картэж украінскага лідара, не затрымаўшыся ля пратэстоўцаў, паехаў наўпрост на дзядзінец Палацу ўладароў.

Калі Януковіч ішоў па чырвонай дарожцы, журналісты спыталі ў яго: «Як настрой?» Прэзідэнт у адказ падняў угору вялікі палец і сказаў: «Нармальна», – паведамляе «Українська правда».

Журналісты запыталі таксама: «Не баіцеся ісці на банкет?». Украінскі прэзідэнт, аднак, нічога не адказаў. Тады з натоўпу журналістаў нехта выгукнуў: «Віктар Фёдаравіч, збаў вас Бог». Іншыя журналісты адрэагавалі на рэпліку смехам.

У сваю чаргу вельмі прыязна ўкраінскіх пратэстоўцаў прывітаў прэзідэнт Румыніі Траян Бэсэску (Traian Băsescu), які, выйшаўшы з аўтамабіля, памахаў рукой актывістам. Румынскі лідар выказаўся падчас афіцыйных сустрэчаў саміту ў Вільні, што прыпыненне еўраінтэграцыі – гэта «крок назад» для Украіны, падае партал segodnya.ua.

Сяргей Пеляса, Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў