Міліцыянт з Горадні, які фальсіфікаваў справы, правядзе за кратамі 5 гадоў


Маёра міліцыі Аляксандра Траўкова, які незаконна пазбавіў волі чатырох маладзёнаў, асудзілі на 5 гадоў турэмнага зняволення з пазбаўленнем звання. Пра гэта распавёў некалі пацярпелы ад Траўкова Аляксандр Жарліцын.

Разгляд справы вёўся гарадзенскім вайсковым міжгарнізонным судом цягам некалькіх месяцаў. 20 лістапада Аляксандру Траўкову вынеслі прысуд. Адпраўленага ў турму міліцыянта пазбавілі таксама маёрскага звання, якое той атрымаў якраз пасля сфальсіфікаванай справы супраць Аляксандра Жарліцына і яшчэ трох маладых хлопцаў.

Апроч гэтага, пасля вызвалення Траўкоў яшчэ цягам 5 гадоў не зможа займаць былой пасады оперупаўнаважанага.

«Я не магу сказаць, што я вельмі радуюся прысуду, – распавёў Аляксандр Жарліцын, які ні за што адседзеў у турме 5 гадоў. – Але Траўкоў атрымаў тое, што заслужыў. Прысуд, я лічу, справядлівы. Бо калі б болей далі… у яго дзеці маленькія, і іх нехта мусіць карміць».

Цяпер, дачакаўшыся выраку для несумленнага міліцыянты, Жарліцын плануе з’ехаць з Беларусі, дзе, як ён лічыць, занадта небяспечна жыць. «Пасля Новага года паспрабую з’ехаць з Беларусі, як і планаваў. Новы год яшчэ тут адсвяткую, а потым з’еду».

Аляксандра Жарліцына і яшчэ траіх маладзёнаў асудзілі ў 2007 годзе на 8 гадоў пазбаўлення волі за незаконнае захоўванне і продаж наркотыкаў. Справу вёў оперупаўнаважаны групы наркакантролю гарадзенскай транспартавай міліцыі Аляксандр Траўкоў. Праз 5 гадоў перагляд справы паказаў, што Траўкоў цалкам сфальсіфікаваў абвінавачанні з мэтаю паляпшэння паказнікаў сваёй службы. Хлопцаў вызвалілі ды цалкам апраўдалі, а ў дачыненні Траўкова пачалося судовае разбіральніцтва.

Траўкова абвінавацілі паводле часткі 3 артыкулу 426 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь – перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў, што караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў з забаронаю займаць пэўныя пасады.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары