У Горадні аднаўляюць адзіную дзейную ў Беларусі лютэранскую кірху


У Горадні распачалі рэканструкцыю адзінай дзейнай ў Беларусі лютэранскай кірхі. Будаўнікі робяць гідраізаляцыю падмуркаў і адбіваюць старую тынкоўку.

Пастар кірхі Уладзімір Татарнікаў распавядае: «Пазней усталююць шпілі на самой кірсе, а ў наступным годзе, магчыма, нанясуць новую тынкоўку, пафарбуюць, правядуць добраўпарадкаванне. То бок, да траўня 2014-га мы плануем скончыць усе працы на фасадзе і ўсё добраўпарадкаваць».

{movie}Агляд падзеяў культуры (21.11.2013) |right|13401{/movie}Між іншага, плануецца аднавіць стары шпіль вышынёю 12 метраў, гадзіннік, каляровыя вітражы. З 1944 года кірха застаецца ў занядбаным стане. Замест месца богаслужэнняў тут быў гарадскі архіў. Пры гэтым лютэранскія могілкі, якія размяшчаліся пад святыняю, былі папросту зруйнаваныя, а стары арган разабралі ды звезлі. Вынікам рэканструкцыі мае стаць таксама вяртанне ў кірху інструмента, хоць і новага, з Нямеччыны.

Пастар удакладняе: «Ужо ёсць дамоўленасць з нямецкай транспартавай кампаніяй, якая прывязе яго сюды. У гэтым годзе арган усталююць, канцэрты ж арганнай музыкі пачнуцца налета».

Фінансуюць рэстаўрацыйныя працы мясцовыя прыватныя спонсары і прадпрыемствы, некаторыя сродкі далі гарадскія ўлады. Налета Горадня мае стаць культурнаю сталіцаю Беларусі, адначасова ў горадзе над Нёмнам пройдзе фестываль нацыянальных культураў.

Іншыя тэмы: У сталічнай бібліятэцы імя Якуба Коласа прайшоў вечар памяці Яўгеніі Янішчыц, якую яшчэ Васіль Быкаў называў самай таленавітай беларускай паэткай. 84-гадовы гамяльчук Барыс Васількоў рыхтуе выставу драўляных скульптураў, якая мае адчыніцца на пачатку наступнага года ў філіяле Веткаўскага музею. Гурт «Akute» прэзентаваў першы афіцыйны кліп – на мяжы сну і рэальнасці.

Адэля Дубавец, «Навіны культуры», belsat.eu

Стужка навінаў