Жыць у Менску без «Жданоў». І без «Zara»


Каб надзець добрую, унікальную рэч, недастаткова мець тоўсты гаманец. Часам гэта нават неабавязкова. Як гэта магчыма – распавядае фотамадэль і аўтарка праекту «Tikota Unique» Кацярына Цікота.

Фота  Hel LanskyФота Hel Lansky«Tikota Unique». Шлях да ўласных рэчаў

Мне падабаюцца рэчы, якія маюць сваю гісторыю. Бярэш у рукі і адчуваеш, што яна мае сваю душу. Ёсць энергетыка. І яна чапляе сваёй энергетыкай, крычыць: вазьмі мяне! І я яе бяру. Я хачу, каб гэтая рэч была ў маім гардэробе, але ёй ужо 20 гадоў. У пэўны момант стала зразумела, што ўсё тое, чым я займалася, праца, якой я займалася дагэтуль – гэта не той лад жыцця, які мяне задавальняе і трэба рабіць штосьці сваё. Так нарадзіўся праект «Tikota Unique».

– Рэчы, якія трапляюць да вас – змяняюцца непазнавальна, становяцца іншымі?

– Я стараюся захаваць дух рэчы. Бо менавіта з той прычыны я абрала гэтую рэч – яна прывабіла сваёй гісторыяй. Гэта можа быць не новая вопратка, могуць быць вінтажныя рэчы, нават тыя, якім 50 гадоў. Могуць быць новыя, са стокаў, з шафаў маіх сяброў. Часам людзі проста не носяць сваіх рэчаў, гэтак штосьці можа правісець у шафе і два гады.

– У апісанні да «Tikota Unique» вы пішаце пра дызайнерскія стэрэатыпы. Што вы маеце на ўвазе?

– Існуе шмат стэрэатыпаў ажно да таго, што мусіць быць модным у гэтым сезоне. З досведу маёй мадэльнай кар’еры магу сказаць, што здаралася, як пасля паказу ўсе бягуць і скупляюць рэчы ад аднаго дызайнера. А потым прыходзяць на наступны паказ усе ў такіх самых спадніцах. Здавалася б – дызайнерская рэч, усе задаволеныя. Але пяць асобаў у такіх самых спадніцах…

Фота Hel LanskyФота Hel Lansky«Я – не дызайнер»

– Сёння ў Беларусі хіба існуе рынак дызайнерскай вопраткі?

– Вядома. Я сябрую са шматлікімі дызайнерамі, і ёсць сапраўды добрыя дызайнеры ў Беларусі. Тыя, што трымаюць узровень.

– Вы лічыце сябе сярод іх?

– Я нават не называю сябе дызайнерам. У мяне няма адпаведнай адукацыі і досведу працы. Але я не кажу, што я – швачка, хоць хадзіла на курсы і займалася гэтым некалькі гадоў.

– Для маладых дзяўчат, асабліва тых, што любяць хадзіць на вечарыны, спатканні, бавіць летнія вечары ў кафэ, амаль нічога няма. А калі і ёсць, то гэта 48–50 памер. Сапраўды добрая тканіна, цікавы прынт… Але памер!

– То хто вы тады?

– Эксперыментатар.

– Вяртаючыся ды рынку дызайнерскай вопраткі. Хто яе носіць? Наколькі яна даступная?

– Насамрэч, нельга вылучыць адной катэгорыі людзей. Дызайнерскія рэчы купляюць упэўненыя ў сабе людзі і тыя, хто за кошт рэчы спрабуе павысіць сваю самаадзнаку; тыя, каму гэта дазваляюць сродкі і хто не хоча быць падобным да агульнай масы. Тыя, хто мае свой погляд на свет і выкарыстоўвае рэч дзеля самавыражэння. Такую вопратку не сустрэнеш на рынку. Дызайнеры ўкладаюць шмат працы, каб падтрымаць сваё імя і прыцягнуць кліента. Тое ж датычыць і беларускіх прадпрыемстваў.

– Беларускія прадпрыемствы робяць… унікальную дызайнерскую вопратку?

– У іх спецыфічны падыход ды іншая мэтавая аўдыторыя. Гэта ў асноўным маладыя жанчыны ад 30–35 гадоў і вышэй. Для маладых дзяўчат, асабліва тых, што любяць хадзіць на вечарыны, спатканні, бавіць летнія вечары ў кафэ, амаль нічога няма. А калі і ёсць, то гэта 48–50 памер. Сапраўды добрая тканіна, цікавы прынт… Але памер! 22-гадовая беларуская дзяўчына ж не надзене сукенку не свайго памеру.

Фота Алесі ПчолкіФота Алесі ПчолкіХто навучыць беларусаў апранацца?

– Вы казалі, што трэба мець пэўную смеласць і ўпэўненасць у сабе, каб апрануць унікальную рэч. Беларусам гэтага бракуе?

– Ёсць такі момант, але яшчэ людзі думаюць, што дызайнерскае адзенне, нават нашых беларускіх дызайнераў, – вельмі дарагое.

– А гэта не так?

– Гэта не заўсёды так… Ёсць, вядома ж, момант з мэтаваю аўдыторыяй. Ёсць людзі, якія праз статус не купляюць сабе рэчаў, якія каштуюць менш за пэўную суму. А ёсць тыя, хто мяркуе, што дызайнерская рэч – занадта дарагая. Але калі пашукаць, можна знайсці аптымальныя суадносіны якасці ды кошту.

– Усе, хто апранаецца ў «Zara», ведаюць: гэтыя карычневыя штаны ў хлопца, які ідзе праз дарогу, з «Zara» на 100 %. У выніку, груба кажучы, віленская «Zara» пераўтвараецца ў тыя ж самыя Ждановічы.

– Калі у пашукавіку ўвесці «як апранаюцца ў Менску», то выскокваюць вельмі красамоўныя загалоўкі. «Як апрануцца мужчыне ў Менску, калі няма «Zara», «Апрануцца ў Менску, а не ў Вільні: місія невыканальная?» і далей у тым духу. Гэта праўда – што ў Менску апрануцца немагчыма?

– Я думаю, неабавязкова ехаць у Вільню. Напрыклад, на мне цяпер няма нічога прывезенага з-за мяжы, апроч туфляў. З абуткам у Менску цяжка. Але што датычыць сумачак, аксесуараў, то ёсць у Менску файныя дызайнеры. Напрыклад… можна імя называць?

– Хацелася б пачуць.

– Напрыклад, Мілана Хасіневіч з «Кilltoday» сапраўды робіць прыемныя рэчы са скуры. Што да вопраткі, то частка беларусаў сапраўды палюе на зніжкі ў заходніх сталіцах. Некаторыя базавыя рэчы, такія як шэры кардыган і чорныя штаны, я магу купіць у паездцы ў Кіеў ці ў іншых еўрапейскіх гарадах. Або просценькую сукенку. Тыя ж рэчы, якія становяцца для мяне дарагімі праз тое, што яны незвычайныя, я раблю сама. Усе, хто апранаецца ў «Zara», ведаюць: гэтыя карычневыя штаны ў хлопца, які ідзе праз дарогу, з «Zara» на 100 %. У выніку, груба кажучы, віленская «Zara» пераўтвараецца ў тыя ж самыя Ждановічы.

Фота Алесі ПчолкіФота Алесі ПчолкіМода і… адказнасць

– Вашая прыгода з модаю пачалася яшчэ ў школе. Як гэта было?

– У мяне ў сям’і два старэйшых браты, таму адзення для хлопчыкаў было шмат, а адзення для дзяўчынак, адпаведна, было мала. Тое, што было на рынках, мяне не задавальняла. Я знаходзіла пэўныя вінтажныя рэчы ў бабуль у куфэрках. Перарабляла, абразала, рабіла камізэлькі. З адных незразумелых рэчаў атрымліваліся іншыя незразумелыя рэчы, тым не менш мне было цікава іх насіць. Потым, калі я пераехала ў Менск, то і тут працягвала рэзаць і абразаць.

– …і атрымліваць адукацыю ў экалагічным кірунку

– Так, і дзякуючы гэтаму праект «Tikota Unique» мае экалагічны ўхіл. Гэта другое жыццё рэчаў. Я ўпэўненая: чалавек не можа ўвесь час толькі спажываць. Трэба несці адказнасць за ўсе свае дзеянні. Нават калі табе нейкая рэч не пасуе, колькі б яна не каштавала – $ 100 ці 50, не выкідай яе. Калі яна не пасуе табе, яна можа падыйсці камусьці іншаму. З’яўленне магчымасці даць рэчы новае жыццё вельмі важнае для свядомасці людзей.

– Акурат тое, што вакол нас адбываецца, не надта гэтаму спрыяе: масавае спажыванне, зніжкі, танная вопратка на рынку. Вам не падаецца, што гэтая ідэя тупіковая, бо для большасці прасцей купіць штосьці недарагое, а калі перастане падабацца, пайсці і купіць яшчэ штосьці недарагое?

– Я лепш куплю той жа абутак ці аксесуары, базавыя рэчы – штосьці дарагое, хай у тры разы даражэйшае, але буду мець якасную рэч. І гэта скараціць залішняе спажывецтва.

Фота Алесі ПчолкіФота Алесі ПчолкіМода – не для правінцыі?

– Беларуская масавая мода, беларускі спажывец – пад уплывам моды з Усходу, Масквы, ці Захаду?

– Важную ролю адыгрывае месца пражывання. Людзі з глыбінкі не асабліва гэтым цікавяцца, бо і не асабліва шмат маюць магчымасцяў. Ім прасцей паехаць на найбліжэйшы рынак. Мае бацькі жывуць у вёсцы, я ніякім чынам не нагаворваю на глыбінку. У людзей няма іншага выбару і, у прынцыпе, ім гэтага не трэба. Тыя ж людзі, што жывуць у гарадах, перадусім гэта Менск ды памежныя Горадня, Берасце, якія маюць магчымасць выехаць у Польшчу ці Літву, зусім інакш выглядаюць.

– Такі падзел на гарады і «глыбінку» з’явіўся выключна праз фінансавыя магчымасці?

– А гэта ўжо правакацыйнае пытанне. Але я паспрабую адказаць. Вось хто едзе ў Менск?

– І сапраўды, хто едзе ў Менск?

– Выязджаюць у Менск і на Захад тыя, у каго большыя патрабаванні да тых умоваў, у якіх яны жывуць. Тыя, хто адчувае ў сабе большы патэнцыял дзеля развіцця, чым тыя магчымасці, якія дае яму маленькі горад. І калі гэтая асоба трапляе ў тое атачэнне, у якое імкнулася, то змяняецца і яго вонкавы выгляд. Бо змяняюцца патрабаванні гэтай асобы да самой сябе. Гэтак, дзяўчынак-першакрусніц можна адрозніць у метро ад дзяўчат з 4–5 курсу. Тое, як яны сябе трымаюць, які ў іх позірк і як яны апранаюцца. Тое, як сябе трымае чалавек, выдае ягонае ўспрыняцце свету.

Беларускі мужчына. Яшчэ не італьянец, ужо не «савок»

– Мужчыны больш патрабавальныя чымся дзяўчаты. Дзяўчына можа апрануць ультравузкую спадніцу і адчуваць сябе каралеваю. А мужчыне трэба, каб было зручна.

– А што да мужчын – такое уражанне, што апрануцца добра часам бывае няпроста. Як пішуць калегі, «калі няма «Zara»…». Адкуль бярэцца гэтая дыскрымінацыя?

– На мінулым тыдні я дапамагала сваім братам у выбары новых рэчаў, гэткі «шоп-тур». Звычайна спачатку я хаджу па крамах адна, прыглядаюся, дзе і што можна набыць за больш-менш прымальны кошт і сімпатычнае… Гэта – тупік. (Смяецца). Насамрэч залежыць, хто якому стылю аддае перавагу. У тым жа «Jack & Jones» бываюць цікавыя мадэлі, колеры. Хоць гэта досыць масавае адзенне.

– А хіба беларускія мужчыны хочуць апранаць штосьці ўнікальнае?

– Яны хочуць апранацца так, каб ім было прынамсі зручна. У гэтым плане мужчыны больш патрабавальныя чымся дзяўчаты. Дзяўчына можа апрануць ультравузкую спадніцу і адчуваць сябе каралеваю. А мужчыне трэба, каб было зручна.

– Апошнімі гадамі ёсць у гэтым плане эвалюцыя ў беларускіх мужчынаў? Пінжакі і кашулі на два памеры большыя яшчэ сустракаюцца?

– Што да завялікіх пінжакоў, то я такога ўжо амаль не сустракаю. У прынцыпе, патрабаванні ў мужчын выраслі. Хлопцы сапраўды сталі лепш апранацца. Тыя, хто мае магчымасць кудысьці выехаць, як правіла, апранутыя добра.

– У якім кірунку рухаюцца густы беларусаў? Камусьці патрэбныя ўнікальныя рэчы, стыльныя ці перадусім – зручнасць і ўтылітарызм: хутка купіў, хутка знасіў, хутка выкінуў?

– Патрабаванні растуць, шмат людзей, якія цікавяцца модаю. Гэта больш нефармальная тусоўка: фатографы, музыкі ды людзі, якія ім «спачуваюць». Такія людзі імкнуцца набываць больш цікавыя і ўнікальныя рэчы. Нават у беларускіх крамах штосьці знаходзяць. Абсалютна ўсё залежыць ад чалавека. Нават калі б мы з вамі цяпер пайшлі ў ГУМ, то хоць штосьці ды знайшлі б.

Гутарыў Зміцер Ягораў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары