«Naka» выдае сінгл пра смяротнае пакаранне і збірае валізы


Напярэдадні вялікага сольнага канцэрту гурт «Naka» прэзентуе новы сінгл «Я жыву». Выхад гэтай песні – вынік удзелу Насты Шпакоўскай у праекце «Апошні золак».

«Гэтак склалася, што гэтаю восенню ў Беларусі атрымала розгалас тэма смяротнага пакарання. Але здараюцца ўспышкі нейкай сацыяльнай тэмы, а ёсць пытанне жыцця і смерці, якія заўжды актуальныя. Гэта адна з тых рэчаў, пра якія мы як людзі ды як артысты не можам не задумвацца і не выказвацца. Метафарычна, рвана, з пакутамі. Гэтак, як умеем. Думаю, наш слухач разбярэцца», – па-восеньску коратка пракаментавала выхад новай песні Наста.

У кастрычніку Наста Шпакоўская ўзяла ўдзел у праекце за адмену смяротнага пакарання, дзе выканала ўжо вядомую песню «Чакаем» і новую «Памылка», якая нагадала ўсім, што «Naka» застаецца класічным рок-гуртом нягледзячы на захапленні крытыкаў праектам «Naka piano». З’яўленне акустычнага альбому падзяліла аматараў калектыву, але менскі канцэрт гурта ў клубе «Re:Public» дазволіць раз і назаўжды разабрацца, якая ж «Naka» сапраўдная. У першым аддзяленні каманда выступіць у акустыцы, а ў другім музыкі выканаюць электрычную праграму.

Пасля вялікага канцэрту гурт накіруецца ў Расею, дзе выступіць у жывым эфіры «Нашага радыё» і дасць канцэрты ў Маскве і Санкт-Пецярбурзе, а пазней і ў Гомлі. На снежаньскіх канцэртах «Naka» пакажацца публіцы ў сваім традыцыйным музычным амплуа, а таксама зайграе акустыку.

Прыемным дапаўненнем да сінглу сталі адмыслова створаныя малюнкі ад беларускай аніматаркі Аляксандры Шылы.

2

Пачуць песню жыўцом можна:

28 лістапада ў Менску;
3 снежня ў наўпроставай трансляцыі на «Нашым радыё» а 21.00 паводле маскоўскага часу (а 20.00 паводле менскага);
4 снежня выступ у Маскве;
5 снежня ў Санкт-Пецярбурзе;
15 снежня ў Гомлі.

Ю.В., belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары