Аўтамабільны падатак выклікаў бурную дыскусію ў парламенце


Бурную дыскусію на сённяшнім паседжанні парламенту выклікала прапанова ўвесці аўтамабільны падатак. Як разлічваць новы збор? Куды пойдуць сабраныя сродкі? Ды як перадухіліць немэтазгоднае размеркаванне грошай? Пытанняў шмат – не толькі ў дэпутатаў, але перадусім у саміх аўтаўладальнікаў.
{movie} Несправядлівае мыта (15.11.2013)|right|13346{/movie}
Ад 130 000 да больш як 3 000 000 рублёў на год давядзецца плаціць уладальнікам аўтаў за допуск сваіх транспартавых сродкаў да дарожнага руху. Увядзенне новага мыта ініцыявалі ў Міністэрстве фінансаў.

МАКСІМ ЕРМАЛОВІЧ, НАМЕСНІК МІНІСТРА ФІНАНСАЎ: “Браць яго мяркуем для спрашчэння адміністравання падчас праходжання тэхнічнага агляду транспартавага сродку. Калі тэхнічны агляд пройдуць столькі ж транспартавых сродкаў, такіх жа відаў, як яны прайшлі ў 2012 годзе, трыльён рублёў мы ў бюджэт збярэм”.

Але куды пойдзе гэты трыльён? Чыноўнікі абяцаюць, што на падтрыманне і развіццё дарожнай сеткі. Эксперт у галіне транспарту Дзмітрый Бабіцкі з такім падыходам згодны, але папярэджвае, што існуе іншая спакуса…

ДЗМІТРЫЙ БАБІЦКІ, ЭКСПЕРТ У ГАЛІНЕ ТРАНСПАРТУ:
“Калі яны пойдуць у агульны кацёл, то мы іх, вядома ж, не пабачым. Не накіруюць іх і на пытанні мабільнасці. Яны пойдуць у калгасы, яны пойдуць на затыканне іншых дзірак”.

Узнікаюць і іншыя, больш надзённыя пытанні. Розныя людзі карыстаюцца аўтамабілямі па-рознаму: хтосьці ездзіць кожны дзень, а хтосьці – некалькі разоў на год. Але ўсе мусяць плаціць аднолькава. Эксперты грамадска-асветніцкай установы “За аўта” мяркуюць, што куды больш справядлівым быў бы іншы спосаб.

ФЁДАР СУХАЎ, УСТАНОВА «ЗА АЎТА»:
“Гэты падатак, калі ён і мае быць, то не мусіць залежаць ад вагі аўтамабіля. Яго мусяць уключыць у паліва. І ўжо на паліве гэта будзе справядліва. Колькі наездзіў – столькі ты і заплаціў”.

Аўтаўласнікаў жа не задавальняе ніводны з падыходаў. Плаціць толькі за тое, каб атрымаць доступ да грамадскіх дарогаў, яны не гатовыя.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
“Гэта як забарона на кіраванне аўтам! Дык дзеля чаго тады аўтамабілі набываць, калі забараняюць? У мяне няма магчымасці заплаціць. І што?”
“З цяперашнімі заробкамі ды станам гэта атрымліваецца, што аўтамабіль трэба прадаваць і ездзіць толькі грамадскім транспартам. Да чаго яны, відаць, і імкнуцца”.
“Я лічу, што гэта проста чарговае зняцце з людзей без падаткаў і без абкладанняў грошай проста так. Бо бюджэт трэба папаўняць”.

Але неўзабаве можа аказацца, што эфект ад папаўнення бюджэту – кароткатэрміновы. Найвялікшае мыта будуць плаціць транспартавыя арганізацыі, якія перавозяць грузы. Адпаведна, вырасце сабекошт прадукцыі, што, натуральна, пацягне павелічэнне коштаў у крамах і чарговы скачок інфляцыі.

Аляксей Мінчонак, “Аб’ектыў”
https://youtu.be/cC2h7gHtBOs

Глядзі таксама
Каментары