Фотафакт: Крэатыў ад чыноўнікаў. Новы метад ачысціць склады


«Здаецца, улада знайшла спосаб «разгрузкі» затавараных складоў і прадпрыемстваў», – падзяліўся на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» лідар АГП Анатоль Лябедзька.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі падчас наведвання мястэчка Кіраўск на Магілёўшчыне быў сведкам таго, што паселішча літаральна «перагружанае» новымі трактарамі. Каля 150 закансерваваных машынаў Менскага трактарнага заводу роўнымі шэрагамі стаяць на адной з пляцовак у паселішчы.

«Калі па райцэнтрах па пару сотняў «Беларусаў», МАЗаў распіхаць, то праблема і вока не рэжа. І хто сказаў, што нашыя чыноўнікі некрэатыўныя і невынаходлівыя?!.» – пракаментаваў палітык у сваім акаўнце ў «Фэйсбуку».

У чэрвені здымачная група «Аб’ектыву» трапіла на сапраўднае сховішча вырабаў МТЗ у вёсцы Абчак, што за 10 км ад Менску. На пляцоўцы там «пыліліся» сотні трактароў.

У кастрычніку кіраўнік Беларусі абвінаваціў у хлусні ды прыгразіў крымінальнай адказнасцю прадстаўнікам ураду за тое, што склады не разгружаюцца, а тэхніка вывозіцца за межы краіны і захоўваецца ў дылераў.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў