5 прычынаў кінуць працу у Беларусі


Суботнікі, «прыгоннае права», нізкія заробкі ды туманныя перспектывы выхаду на пенсію. Чаму ў Беларусі праца не ў радасць?



1. Пагроза трапіць у прыгонныя

У нядаўняй справаздачы «Global Slavery Index 2013» сцвярджаецца, што ў Беларусі як мінімум 12 тыс. рабоў. І тут не ідзе размова пра рабоў з часоў, калі беларускія сяляне сплачвалі ды адпрацоўвалі чынш і паншчыну. Беларускі раб XXI стагоддзя можа жыць у сваёй прыватнай кватэры, ездзіць раз на год у Крым ці Егіпет і нават набываць мэблю ў IKEA ў Вільні.

Пытанне палягае ў іншым: ці маеце вы магчымасць абараніць свае правы перад працадаўцам. Апошнія новаўвядзенні ў беларускае заканадаўства (спецыяльны дэкрэт кіраўніка краіны аб забароне звальняцца з дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў), а таксама кантрактная сістэма, якая практыкуецца ў Беларусі ўжо каля 10 гадоў, сведчаць калі не пра рабскі статус беларускага пралетарыя, то як мінімум пра тое, што ў прававым сэнсе рукі ў яго звязаныя. І ў які суд ты ні паткніся, табе скажуць: «Суровы дэкрэт, але дэкрэт».

Праяваю рабства XXI стагоддзя у нашай краіне можна спакойна назваць гэтак званыя добраахвотна-прымусовыя суботнікі. Пабыць па сумяшчэнні дворнікам прапаноўваюць усім, ад малога да вялікага. Барысаўскіх школьнікаў гоняць прыбіраць на «Барысаўдрэве», студэнтаў БНТУ – падмятаць «Чыжоўка-арэну», а чыноўнікаў – грэбсці лісце ці заліваць бетон на чарговай новабудоўлі. Заканадаўства, вядома ж, не прымушае вас ісці на суботнікі, як і ніхто не прымушае школьнікаў збіраць моркву і бульбу замест таго, каб наведваць заняткі, але адмовіцца ад «высакароднага» ўчынку папрацаваць за бясплатна – у нашай краіне лічыцца як мінімум хамствам і як максімум падставаю звольніць з працы.

2. Заробкі

Сярэдні заробак у Беларусі – 595 долараў. Часцей за ўсё такія сумы трапляюць пад канец месяца ў гаманцы менчукоў і нешматлікіх жыхароў абласных цэнтраў. Большасць жыве на куды больш сціплыя заробкі (сярэдні заробак па Берасцейскай вобласці ледзьве дацягвае да 500 долараў, якія два з паловаю гады таму паабяцаў кожнаму беларусу Аляксандр Лукашэнка).



3. Раней ці пазней вас выкінуць на сметнішча

Вы страцілі працу і вам 50 ці больш? Верагоднасць, што вас возьмуць на працу, амаль нулявая – калі вы не былы топ-менеджар і ў вас няма сувязяў. У сталым узросце (і гэта, дарэчы, сітуацыя, характэрная не толькі для Беларусі, у Заходняй Еўропе – аналагічная) знайсці працу амаль немагчыма.



4. Перспектыва сядзець на хлебе і вадзе пасля выхаду на пенсію

Улічваючы «эфектыўнасць» беларускай сістэмы пенсійнага забеспячэння, у кожнага з нас няма ніякіх шансаў спадзявацца на лёгкасць жыцця ў стылі нямецкіх пенсіянераў. Сярэдняя беларуская пенсія – 250 долараў. У Барселону на ўікэнд не з’ездзіш. Прыватных пенсійных фондаў у Беларусі няшмат. Старонкі двух з тых, якія знайшліся ў інтэрнэце, не працуюць. Часамі назапасіць грошы на пасляпрацоўнае жыццё прапаноўваюць банкі, якія працуюць у Беларусі. Але рашэнне самастойна забяспечыць сваю старасць – пакуль непапулярнае, бо абавязковых выплатаў у дзяржаўны пенсіённы фонд ніхто не адмяняў.

5. Праца не гарантыя дабрабыту

Спадзявацца на добрага дзядзьку, які пасля 20 гадоў працы на заводзе дапаможа вам у цяжкай сітуацыі, няма чаго. Гэта наіўнасць і глупства. Самае надзейнае апірышча для вас у гэтым жыцці – вы самі. А гэта значыць, што трэба інвеставаць у сябе. Адкладваць грошы і думаць пра ўласны бізнес, шукаць інвестараў для рэалізацыі сваіх ідэяў і спадзявацца на лепшае. А што яшчэ застаецца тым, хто жыве ў краіне, дзе беспрацоўнаму прапаноўваюць не годную працу, а заплаціць падатак.

Ю.В., belsat.eu

Стужка навінаў