Беларускія навукоўцы пачалі зарабляць на мастацтве


Адмыслоўцы Інстытуту генетыкі ды цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі могуць намаляваць генетычны партрэт кожнага беларуса.

Генетычны партрэт можна пакласці не толькі ў шуфляду або на стол свайго доктара, але павесіць яго на сцяну. Такі неардынарны падыход да ўпрыгожвання сваёй кватэры прапаноўваюць у Рэспубліканскім цэнтры геномных тэхналогіяў (уваходзіць у склад Інстытуту генетыкі ды цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук).

У сучасным мастацтве такія карціны класіфікуюць як science art (навуковае мастацтва) – творчы сімбіёз навукоўцаў і мастакоў, у руках якіх навуковыя факты і вынікі даследаванняў становяцца крыніцаю эстэтычнай асалоды.



Генетычны партрэт ўяўляе з сябе малюнак, зроблены на падставе генаў канкрэтнага чалавека. І колькі б тысяч гадоў не прайшло, другая такая карціна ўжо ніколі не з’явіцца на Зямлі: ДНК – код зашыфраваны ў нашых генах, унікальны і ніколі не паўтараецца.

Партрэт ствараецца з дапамогаю адмысловай методыкі. Ваш ДНК са сліны або кроплі крыві падвяргаецца палімернай ланцуговай рэакцыі, падчас якой пэўныя ўчасткі ДНК капіююцца некалькі мільёнаў разоў. Далей раствор з мільёнамі копіяў ДНК наносіцца на адмысловы гель, да якога падаецца электрычнае напружанне. Пад уздзеяннем электрычнага поля фрагменты ДНК ствараюць непаўторны графічны ўзор.



Метадам лічбавага друку малюнак пераносіцца на паперу, шкло або, калі ў вас ёсць жаданне, мастак пераносіць яго на палатно. Заказчык можа выбраць матэрыял, каляровае рашэнне і памер карціны. Разам з геннаю карцінаю выдаецца сертыфікат, які пацвярджае яе дакладнасць і ўнікальнасць.

Старонка Інстытуту генетыкі ды цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук.

Ю.В., belsat.eu

Стужка навінаў