Справа пра назву «Белсат» цягнецца з 2011 года.


Учора, у дзень, калі меўся адбыцца судовы працэс над «Белсатам» у справе таварнага знаку, «Еўрарадыё» апублікавала інтэрв’ю з дырэктарам фірмы «БЕЛСАТплюс» Андрэем Беляковым.

Інфармацыя пералічаная спадаром Беляковым не з’яўляецца праўдзівай.

Усе факты, якія мы сцвярджаем у гэтым і папярэднім артыкуле, паходзяць толькі і выключна з судовых дакументаў.

«Белсат ТВ» намагаўся зарэгістраваць таварны знак на тэрыторыі Беларусі. Паводле працэдуры, з адпаведнаю просьбаю звярнуўся ў суд. У 2011 годдзе суд адмовіў каналу ў рэгістрацыі, спасылаючыся на тое, што ўжо існуе фірма з назваю «БЕЛСАТплюс». У чэрвені 2011 года адбылося чарговае паседжанне з мэтай дасягнення ўзаемнай згоды.

Наш канал запрапанаваў спадару Белякову перадаць назву бясплатна або за грашовую кампенсацыю, але Белякоў адмовіўся.

Тады TVP («Белсат» – фармальная структура TVP) звярнулася ў суд з просьбаю прыпынення выкарыстання таварнага знаку ў сферы трансляцыі тэлебачання, бо фірма не ажыццяўляе тэлевізійнай трансляцыі. Фірма спадара Белякова займаецца продажам абсталявання для прыёму спадарожнікавага і кабельнага тэлебачання і радыётэхнічнага абсталявання. Паводле заканадаўства, нельга блакаваць таварны знак, калі яго не выкарыстоўваеш у дадзенай галіне (трансляцыя і прадукцыя тэлевізійных праграмаў).

Тады суд не задаволіў просьбы, спасылаючыся на тое, што TVP не вядзе ніякай дзейнасці на тэрыторыі Беларусі, таму рэгістрацыя таварнага знака не можа мець ніякага значэння, адпаведна «Белсат ТВ» не можа быць зацікаўленым бокам.

Тое ж пацвердзіла Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Такім чынам, справа завершылася перамогаю ў судзе спадара Белякова. Аднак ён ізноў звярнуўся ў суд з адзіным патрабаваннем, каб аператар спадарожніка «Astra» прыпыніў трансмісію сігналу тэлебачання «Белсат».

У цяперашняй судовай справе тое ж самае Міністэрства інфармацыі сцвярджае, што TVP усё ж вядзе дзейнасць на тэрыторыі Беларусі, і гэтая дзейнасць можа нанесці шкоду спадару Белякову.

Несупадзенні ў сведчаннях спадара Белякова заўважылі і іншыя медыі.

Усе зацікаўленыя медыі могуць атрымаць каментар у гэтай справе ў дырэктаркі каналу Агнешкі Рамашэўскай-Гузы і прадстаўніка каналу ў Беларусі Міхася Янчука.

ШВ, belsat.eu

Стужка навінаў