Былы спартовец абвесціў конкурс відэаролікаў на беларускай мове


За відэа на беларускай мове арганізатары конкурсу «Крок наперад» абяцаюць каштоўныя ўзнагароды. Здымаць жа відэа можна, выкарыстоўваючы любыя сродкі: мабільны тэлефон, ўэб-камеру ці фотаапарат.



Галоўнае ў конкурсе – не колькасць мегапікселяў, а ідэя і словы, адзначаюць арганізатары.

{movie}Ролік “А ты размаўляеш па-беларуску?” ад праекту “Крок наперад”|right|13274{/movie}Відэа мусіць, аднак, адпавядаць пэўным крытэрам:

– працягласць роліка не павінна быць большай за тры хвіліны;

– непалітычны і нерэлігійны характар відэа;

– ролік абавязкова мусіць змяшчаць адзін ці некалькі з наступных трох выразаў: «А ты размаўляеш па-беларуску?», «Зрабі крок наперад», «Зараз ці ніколі»;

– відэа павінна насіць матываваны характар, гэта значыць – падштурхоўваць да дзеяння, а таксама даваць пажытак для роздуму;

– відэа павінна быць сацыяльна адэкватным, не змяшчаць ненарматыўнай лексiкі і гэтак далей.

«Больш ні ў чым межаў не iснуе, у цябе ёсць вялікая прастора для творчасці, усё ў тваіх руках, дзейнічай!», – заахвочвае сайт праекту «Krok-naperad.by».

Свае відэа можна дасылаць арганізатарам ужо з 15 лістапада. Усе працы выставяць на старонку «Krok-naperad.by», дзе з 12 да 15 снежня будзе праходзіць адкрытае галасаванне. Па выніках галасавання аўтары найлепшых відэа атрымаюць каштоўныя ўзнагароды. Узнагароды атрымаюць і тыя ролікі, якія адзначыць журы. Дадаткова будуць прысуджацца адмысловыя прызы.

Узнагароджанне пераможцаў запланаванае на 18 снежня.

Гуляў ў футбол і цікавіўся мовай



«Белсат» звязаўся з арганізатарам праекту Юрасём Юрчанкам. Маладзён распавёў, што быў прафесійным спартоўцам. Да нядаўняга часу гуляў за футбольны клуб «Смаргонь», але сёлета вырашыў скончыць кар’еру. Юрась – выпускнік Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту па спецыяльнасці «эканоміка». Ён пайшоў працаваць у прыватную фірму, але плануе таксама актыўна займацца грамадскаю дзейнасцю. Праект «Крок наперад» – ягоная першая ініцыятыва, з якой ён вельмі цешыцца.

«Я заўсёды цікавіўся беларускаю моваю, хоць не заўсёды меў у Менску, дзе я нарадзіўся і вырас, асяроддзе, каб размаўляць па-беларуску. Каб прыцягнуць людзей да роднай мовы, я вырашыў стварыць арыгінальны праект. Я ўпэўнены, што шмат хто ў Беларусі мову ведае, але не ўжывае. «Крок наперад» дапаможа ім «пераступіць праз парог» і пачаць размаўляць», – падзяліўся Юрась.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў