Маладафронтаўцы падалі подпісы з патрабаваннем пераназваць вуліцу Леніна


Актывісты адправілі замоўнымі лістамі ў Менгарвыканкам і Савет Міністраў каля 200 подпісаў з патрабаваннем вярнуць вуліцы Леніна яе гістарычную назву – Францысканская.

«Мы зрабілі гэта сімвалічна 7 лістапада. Прыйшлося перасылаць подпісы замоўнымі лістамі, бо гэты дзень у Беларусі лічыцца святочным», – патлумачыла актывістка «МФ» Наста Дашкевіч.

Збор подпісаў за пераназыванне вуліцы Леніна ладзіўся ў межах кампаніі дэкамунізацыі беларускага грамадства. Збіраць подпісы актывісты «Маладога фронту» пачалі 3 лістапада, на Дзяды. 6 лістапада падчас збору подпісаў каля ГУМу затрымалі сустаршыню «Маладога фронту», былога палітзняволенага Дзмітрыя Дашкевіча. У гэты ж дзень суд Цэнтральнага раёну Менску агучыў у ягонай справе вырак: трое содняў арышту за непадпарадкаванне міліцыі.

У звароце да ўладаў актывісты «Маладога фронту» нагадалі «пра адну з самых злачынных акцыяў камуністаў і непасрэдна Леніна – тэрор супраць хрысціянскай царквы». «Менавіта Леніну належаць словы: «Нам што б там ні было неабходна правесці адабранне царкоўных каштоўнасцяў самым рашучым і самым хуткім чынам, чым мы можам забяспечыць сабе фонд у некалькі соцень мільёнаў залатых рублёў (трэба ўспомніць гіганцкія багацці некаторых манастыроў і лаўраў). Чым большую колькасць прадстаўнікоў рэакцыйнага духавенства і рэакцыйнай буржуазіі ўдасца з гэтай нагоды расстраляць, тым лепш. Трэба менавіта цяпер правучыць гэтую публіку так, каб на некалькі дзясяткаў гадоў ні пра якое супраціўленне яны не асмельваліся і думаць», – гаворыцца ў звароце.

Актывісты «Маладога фронту» мяркуюць, што «нягледзячы на многія і многія факты злачынстваў заснавальніка чырвонага тэрору Уладзіміра Леніна, яго асоба дагэтуль станоўча прапагандуецца ў Беларусі, падаецца як прыклад для моладзі і ўсяго грамадства». На іхную думку, на такім «прыкладзе можна выхаваць толькі злачынцаў і вар’ятаў».

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў