Суд не супраць мосту-прывіда ў Берасцейскай крэпасці


Рух «За Свабоду» змагаецца за тое, каб з прэзідэнцкай будоўлі прыбралі незапланаваны мост.

Каардынатар руху Дзяніс Турчаняк падаў у суд Ленінскага раёну Берасця скаргу на Берасцейскі гарвыканкам, які дазволіў пабудаваць аўтадарожны мост на тэрыторыі Берасцейскай крэпасці. Суд скаргі не задаволіў.

{movie}Дзяніс Турчаняк пра мост-прывід|right|13144{/movie}Аляксандр Лукашэнка сваім указам загадаў пабудаваць вакол Берасця дарогу – гэтак званы Заходні абыход. Мясцовыя чыноўнікі вырашылі скарыстацца з магчымасці ды за грошы, якія далі на гэты праект, паставіць аўтадарожны мост за 200 м ад Берасцейскай крэпасці. Яго сталі будаваць з боку вул. Зубачова на стыку з вул. Гогаля.

І пачалі будаўніцтва – прычым, на тэрыторыі гістарычна-культурнай каштоўнасці. Як здараецца ў такіх выпадках, дакументацыю падрыхтавалі хутка, але з парушэннямі. Па-першае, не было грамадскага абмеркавання праекту (а гэта – ахоўная зона).

Па-другое, на судовым працэсе высветлілася, што падчас узгаднення праектавай дакументацыі мосту ў Міністэрстве культуры дакументацыю не разглядалі на паседжанні Навукова-метадычнага савету. А гэта мусілі зрабіць, бо будаўніцтва вядзецца на тэрыторыі гістарычна-культурнай каштоўнасці. Чарговае парушэнне заканадаўства, якога мусіў запабегчы гарвыканкам.

Па-трэцяе, грошы ўзялі з іншага праекту. А вось навошта спатрэбіўся новы мост у межах пабудовы Заходняга абыходу, на судовым працэсе ніхто патлумачыць не змог. То бок выглядае гэта, як нямэтавае выдаткоўванне сродкаў.

Яшчэ адзін момант: падчас працаў парушылі гістарычна-культурную каштоўнасць – «Комплекс фартыфікацыйных збудаванняў Берасцескай крэпасці 1836–1842 і 1911–1914 гадоў». Паводле гэтага факту распачалі крымінальную справу, якою займаецца Следчы камітэт.

Дзяніс Турчаняк спадзяецца, што чыноўнікі ўсё ж такі адкажуць за выдаткоўванне грошай не паводле прызначэння, і будзе звяртацца ў абласны суд. Старшыня ж Таварыства помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч накіраваў заяву ў генеральную пракуратуру па факце перавышэння службовых паўнамоцтваў чыноўнікамі Міністэрства культуры, якія ўзгаднілі праект без паседжання савету. Скаргу гэткага зместу Дзяніс Турчаняк даслаў у Савет Міністраў.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў