У Таджыкістане міліцыя хапае тых, хто святкуе Гэлаўін


У сталіцы Таджыкістану Душанбэ затрымалі каля 20 асобаў, якія бралі ўдзел у вечарынах, прысвечаных Гэлаўіну. Увагу міліцыянтаў прывабілі іхныя яскравыя касцюмы.

Паводле інфармацыі «Бі-Бі-Сі», з затрыманымі правялі «прафілактычныя» гутаркі аб патрыятычным выхаванні, рэлігійных каштоўнасцях і рыхтаванні да прэзідэнцкіх выбараў.

«Майго сябра – настаўніка паводле прафесіі – у аддзеле міліцыі папрасілі расказаць пра законы Ньютана. Ён расказаў. Потым працаўнік міліцыі, які адмовіўся адрэкамендавацца, спытаў, а хто самы лепшы навуковец? На што мой сябар адказаў, што кожны з іх зрабіў свій унёсак у навуку. Міліцыянт запярэчыў і растлумачыў , што самы лепшы вучоны – прарок Мухамэд», – апісаў прафілактычную гутарку адзін з затрыманых.

Пасля ўсіх затрыманых адпусцілі з пастарункаў.

Раней у расейскім Омску ўлады папрасілі не адзначаць Гэлаўіну ў межах прафілактыкі экстрэмісцкіх настрояў і барацьбы з эстэтыкаю, якая змяшчае «пэўную прапаганду культу смерці», падае агенцтва «Дэлфі».

МЯ, belsat.eu, паводле «Бі-Бі-Сі»

Стужка навінаў