Фотасесія не дапамагла: Гістарычную забудову ў Гомлі знішчаць


Вуліцу Валтоўскую ў гістарычным цэнтры Гомля цалкам знесуць. Пад бульдозер са згоды Навукова-метадычнага савету пры Мінкульце пойдзе і драўляны дом, у якім, як мяркуецца, дажывала свой век апошняя ўладальніца гомельскага палацу графіня Ірына Паскевіч.

На гістарычныя скарбы – «няма грошай»

З просьбаю надаць драўлянай забудове Гомля статус гістарычнай спадчыны ў Міністэрства культуры звярталіся мясцовая філія ТБМ і ГА «Талака». 23 кастрычніка адбылося паседжанне Навукова-метадычнага савету пры Мінкульце, што было прысвечанае гэтаму пытанню. Прадстаўнікоў грамадскасці, якія бароняць гістарычны цэнтр, туды не запрасілі. Затое запрасілі забудоўніка, які зацікаўлены ў «вызваленні» тэрыторыі ў цэнтры гораду.



Валатоўская, 17. Фота http://odsgomel.orgВалатоўская, 17. Фота http://odsgomel.orgЧатыром дамам на вул. Парыжскай камуны ўсё ж надалі статус помніку. Як паведамляе гомельскі рэсурс «Kli4nik.info» – «з прычыны іх кампактнага размяшчэння з перспектываю стварэння тут комплексу гістарычнай драўлянай забудовы». А вось вуліцу Волатаўскую зруйнуюць. Перанесці гістарычную забудову таксама немагчыма, бо ў дзяржавы няма на гэта грошай. Таму месца гістарычных дамоў зоймуць бетонныя шматпавярховікі. Гэтак, на месцы дому № 17 на Валатоўскай збіраюцца ўзвесці элітны шматпавярховік.

Барацьба за спадчыну

Рэзананс, які паднялі грамадскія актывісты, быў проста вялізарны: публікацыі ў незалежных і дзяржаўных медыях, сотні лістоў у Мінкульт і Гомельскі гарвыканкам, акцыі, фотасесіі. Некалькі дзясяткаў прафесараў і кандыдатаў гістарычных навук і мастацтвазнаўства прызналі ўнікальнасць дамоў на вуліцы Валатоўскай і падпісалі зварот. Распрацавалі праекты пераносу дамоў і стварэння турыстычнага маршруту, знайшліся інвестары, якія былі гатовыя за свой кошт правесці рэстаўрацыю будынку. У абарону будынку выказаліся вядомыя дзеячы Адам Мальдзіс і тэлевядоўца Юрый Жыгамонт.

Гамельчукі зладзілі неардынарную фотасесію ў абарону драўлянай гістарычнай забудовы.

Маладзёны сфатаграфаваліся аголенымі да пояса побач з домам № 23 на вул. Валатоўской, збудаваным перад Першаю сусветнаю вайною. Менавіта ў ім, паводле гарадскіх паданняў, дажывала свой век апошняя ўладальніца гомельскага палацу графіня Ірына Паскевіч.

«Усведамляючы сябе часткаю грамадскай супольнасці Гомля, далучаюся да змагання за ўнікальную драўляную забудову, што месціцца ў самым яго цэнтры. Захавайма драўляную забудову разам!», – заклікае аўтарка праекту Марына Драбышэўская.

У якасці мадэляў выступілі Святаслаў Фяшчук, Андрэй Федаровіч.

Высілкі былі марныя?

Здавалася б, неабыякавыя гамельчукі атрымалі паразу ў бітве за гістарычную забудову. Аднак, як адзначаюць актывісты, дзякуючы розгаласу ў медыях ды ўвазе грамадскасці змянілася рыторыка ўладаў. Калі раней чыноўнікі не прызнавалі аніякай каштоўнасці драўлянай забудовы, то цяпер гэткая каштоўнасць маецца на ўвазе – улады апраўдваюцца, спасылаючыся на недахоп сродкаў. Удалося дамагчыся статусу гістарычнай каштоўнасці для будынкаў на вуліцы Пражскай камуны.

Абаронцы гістарычнай спадчыны не выключаюць, што будуць шукаць магчымасцяў абскардзіць рашэнне Навукова-метадычнага савету.

МЛ, АК, belsat.eu

Стужка навінаў