Наступнаму прэзідэнту не патрэбны адмоўны імідж кіраўніка Беларусі


Новым прэзідэнтам Грузіі стане філосаф Г’ёргі Маргвэлашвілі. Але афіцыйныя і канчатковыя вынікі выбараў стануць вядомыя цягам 20 дзён. А мы ўжо задаем пытанні, ці працягне ён палітыку еўраінтэграцыі Міхэіла Саакашвілі? Ці будзе сябраваць з Лукашэнкам? І якія кандыдаты былі самыя экзатычныя.

Развітанне з Саакашвілі

Эпоха прэзідэнцтва Міхэіла Саакашвілі скончылася. У спісе з 21 кандыдата на прэзідэнты месца яму не знайшлося. Паводле грузінскай Канстытуцыі, пакуль яшчэ дзейсны прэзідэнт балатавацца не мог. У хуткім часе ягонае месца зойме Г’ёргі Маргвэлашвілі – доктар філасофіі, міністр адукацыі Грузіі ў 2012–2013 гадах, які (паводле папярэдніх вынікаў) набраў крыху больш за 63 % галасоў. Ён стане чацвёртым прэзідэнтам закаўказкай рэспублікі. На пасаду прэзідэнта Маргвэлашвілі высунула ягоная родная партыя «Грузінская мара», якая ў 2012 годзе перамагла на парламенцкіх выбарах, па выніках якіх урад узначаліў грузінскі мільярдэр Бідзына Іванішвілі.



Нават беларуская канстытуцыя не дапамагла б

Рэйтынг Міхэіла Саакашвілі цягам апошніх гадоў упэўнена падаў. Нават калі б кіраўнік Грузіі меў неабмежаваную колькасць магчымасцяў балатавацца на прэзідэнцкую пасаду (беларуская канстытуцыя дае такую магчымасць), наўрад ці ён перамог бы на гэтых выбарах, адзначаюць некаторыя грузінскія палітычныя аглядальнікі.

Разам з рэйтынгам Саакашвілі падаў і рэйтынг ягонай партыі «Адзіны нацыянальны рух».

Кандыдат ад гэтай партыі Давід Бакрадзэ сабраў каля 22 % галасоў выбарнікаў. Дэ-факта Бакрадзэ стаў закладнікам адмоўнай рэпутацыі Саакашвілі, пачаткам канца праўлення якога сталі шматлікія пратэсты апазіцыі.

У 2011 годзе адзін з такіх пратэстаў скончыўся смерцю дзвюх асобаў. Тады Міністэрства ўнутраных справаў Грузіі паведаміла, што загінулых збілі машыны з картэжу лідараў апазіцыі, якія спяшаліся з’ехаць з месца жорсткага разгону акцыі пратэсту.

У 2012 годзе імідж прэзідэнта сапсавалі апазіцыйныя журналісты, якія паказалі на тэлебачанні жудасныя кадры катаванняў у турмах. У выніку на вуліцы выйшлі дзясяткі тысяч людзей.

Сярод міжнародных праколаў Міхіэла Саакашвілі называюць сяброўства з Лукашэнкам. Цёплыя адносіны паміж кіраўніком Беларусі ды прэзідэнтам Грузіі склаліся пасля расейска-грузінскай вайны ў 2008 годзе, якая прывяла да шматтысячных ахвяраў і ўводу расейскіх ваенных на тэрыторыю Паўднёвай Асеціі. Пасля заканчэння канфлікту Аляксандр Лукашэнка не пайшоў на прызнанне суверэнітэту Паўднёвай Асеціі. У нядаўнім інтэрв’ю радыё «Голос России» кіраўнік Беларусі наступным чынам адрэагаваў на пытанне прызнання суверэнітэту сепаратысцкіх рэгіёнаў Грузіі. «…мы прызнаем Асецію і Абхазію. Адразу Грузія ўзбудзіцца. Адразу ўзбудзяцца краіны, дзе ёсць тэрытарыяльныя прэтэнзіі. Адразу Захад успушыцца. Гэта што, трэба Расеі?».

Дарэчы, расейскі палітычны істэблішмент не здзіўляе параза прадстаўніка партыі Саакашвілі. Вынікі сёлетніх выбараў заканамерныя яшчэ і таму, што Саакашвіілі «прапанаваў свайму народу антырасейскую платформу і свае старыя грахі, а гэтага недастаткова для перамогі», – напісаў у сваім «Тўітэры» кіраўнік камітэту Дзярждумы РФ у міжнародных справах Аляксей Пушкоў.



Толькі рацыяналізм і ніякага эпатажу

Міхэіл Саакашвілі не раз рабіў галосныя заявы і даўно набыў статус нервовага, эпатажнага, але не менш красамоўнага палітыка. «Але без Саакашвілі таксама сумна не будзе», – кажа ў інтэрв’ю «Коммерсанту» намеснік старшыні Джярждумы Ігар Лебедзеў.

«Новы прэзідэнт Грузіі будзе праводзіць больш прадуманую, рацыянальную палітыку. Разам з урадам Іванішвілі будзе ўлічвацца і расейскі фактар, але Маргвэлашвілі працягне палітыку еўраінтэграцыя Грузіі», – патлумачыў «Белсату» галоўны рэдактар грузінскай службы радыё «Свабода» Коба Ліклікадзэ.

Паслядоўнасць грузінскага курсу ў адносінах з Еўропаю пацвердзіцца ў Вільні. «На саміце «Усходняга партнёрства» Грузія парафіруе дамову аб асацыяцыі з ЕЗ. Грузія надалей будзе імкнуцца ўступіць у НАТО, і менавіта таму вельмі важна вырашыць усе канфліктныя пытанні з Расеяй», – распавядае Ліклікадзэ.

З Лукашэнкам філосаф сябраваць не будзе

Летась адразу пасля парламенцкіх выбараў і перамогі партыі «Грузінская мара» беларуска-грузінскія кантакты на высокім узроўні скараціліся, адзначае рэдактар грузінскай службы радыё «Свабода» Коба Ліклікадзэ. «Наўрад ці новы прэзідэнт будзе падтрымліваць братэрскія адносіны з Лукашэнкам. Ён – апошні дыктатар Еўропы. Маргвэлашвілі непатрэбны адмоўны імідж кіраўніка Беларусі. Блізкія кантакты з Лукашэнкам нанясуць шкоду і самому Маргвэлашвілі, і грузінскай дэмакратыі”, – кажа Коба Ліклікадзэ.

Не даводзіцца чакаць нейкіх цудаў і ў сферы гандлю з Грузіяй. Таваразварот за 2012 год не ўражвае. Толькі $ 70 млн.



Самыя масавыя выбары ў гісторыі незалежнай Грузіі: ад камуніста да манархіста

Сёлетнія прэзідэнцкія выбары ў Грузіі былі самыя масавыя – 21 кандыдат, што праўда, у бюлетэнях было 23 асобы. Два кандыдаты ў апошні момант сышлі з дыстанцыі. Прэтэндэнтамі на прэзідэнцкую пасаду Грузіі былі не толькі асобы са сферы палітыкі, але і часам выпадковыя людзі, напрыклад, будаўнік-мастацтвазнаўца Міхэіл Салуашвілі (кіраўнік «Саюзу аднаўлення справядлівасці, голас народу: гасподзь – нашая ісціна»). Самым старым кандыдатам на прэзідэнты Грузіі быў 69 гадовы Нугзар Авальяні – дзядуля шасцёх унукаў, а паводле палітычных перакананняў – камуніст. Сярод незалежных кандыдатаў былі і такія унікумы, як Мамука Чаханэлідзэ: танцор, паліцыянт ды манархіст.

Ю.В., belsat.eu

Стужка навінаў