Грузія рыхтуецца да прэзідэнтскіх выбараў


Заўтра, 27 кастрычніка, у Грузіі адбудуцца чарговыя прэзідэнцкія выбары, якія ўжо сталі самымі масавымі за ўсю палітычную гісторыю краіны: зарэгістравалі 21 кандыдата з 54. Некалькі чалавек знялі свае кандыдатуры. Адзін з іх – Акакі Асатыяні, які выбыў з выбарчай гонкі. Але ягонае прозвішча застанецца ў выбарчых спісах, бо юрыдычныя тэрміны для зняцця кандыдатуры скончыліся.

Асноўныя прэтэндэнты на пост кіраўніка дзяржавы – Г’ёргі Маргвэлашвілі, Давід Бакрадзэ і Ніно Бурджанадзэ.

Галоўная інтрыга: ці адбудзецца другі тур? Згодна з вынікамі сацыялагічнага даследавання, праведзенага Нацыянальным дэмакратычным інстытутам ЗША (NDI), ніхто з лідараў не набярэ большасці галасоў. За Г’ёргія Маргвэлашвілі гатовыя аддаць галасы 29 % апытаных, за Давіда Бакрадзэ – 18 %, за Ніно Бурджанадзэ – 7 %.

У сваю чаргу, Г’ёргі Маргвэлашвілі заявіў, што не будзе браць удзелу ў другім туры. «Адмова ад ўдзелу ў другім туры не азначае адступлення. Мы заяўляем, што пераможам у першым жа туры», – сказаў ён на адной з сустрэчаў у межах перадвыбарчай кампаніі.

Яшчэ адна кандыдатка, Ніно Бурджанадзэ, заяўляе, што калі яна не пераможа ў гэтых выбарах, то гэта значыць толькі адно – выбары сфальсіфікаваныя.

За прэзідэнцкаю гонкаю будзе сачыць шмат мясцовых і міжнародных назіральнікаў. Зарэгістравана больш за 60 мясцовых і столькі ж міжнародных місіяў. Беларусь на грузінскіх выбарах прэзентуюць беларускі Цэнтрвыбаркам і незалежная назіральніцкая місія ад няўрадавай арганізацыі «Belarus Watch».

Больш пра перадвыбарчую сітуацыю у Грузіі чытайце ТУТ.

Ганна Аземша, Тбілісі (Грузія), belsat.eu

Стужка навінаў