Кожны трэці зніклы на Гомельшчыне выехаў на заробкі ў Расею


Штогод у Гомельскай вобласці знікаюць прыкладна 200 чалавек, траціна з іх едзе на заробкі ў Расею. Пра гэта паведаміў журналістам старшы памочнік пракурора Гомельскай вобласці Вячаслаў Сталовіч.

Паводле Сталовіча, на 1 кастрычніка з 119 зніклых 44 рушылі на заробкі ў Расею. «Як правіла, да новага года амаль усе гэтыя зніклыя, якія з’ехалі ў Расею, знаходзяцца. Да новага года сканчаюцца сезонныя заробкі, і яны самастойна вяртаюцца дадому. Да гэтага вестак пра сябе не падаюць, бо часта не маюць у месцы, куды выехалі, сродкаў сувязі. Зрэдку, але здараецца і такое, што грамадзяне на тэрыторыі Расеі заводзяць новыя сем’і ды не жадаюць вяртацца дадому», – сцвярджае Сталовіч.

З ягоных словаў, актуальнаю застаецца праблема пошуку грамадзянаў, якія дасягнулі 70 гадоў. Старыя ідуць у лес, і з прычыны ўзросту, хваробаў губляюць арыентацыю, самастойна трапіць дадому не могуць. З пачатку 2013-га паступіла 44 заявы пра знікненне старых, і толькі 10 з іх знайшліся.

Асобная праблема – пошукі няпоўнагадовых. Пераважная большасць зніклых падлеткаў знаходзіцца за содні ды нават за гадзіны пасля паступлення ў міліцыю заявы ад сваякоў. «Дзеці, што ўцякаюць з дому, скардзяцца на кепскую сітуацыю ў сям’і, п’янкі, канфлікты», – дадаў старшы памочнік пракурора.

Ён удакладніў, што тэрміну вышуку няма. Гэта значыць, чалавека шукаюць, пакуль не высветляць, дзе ён. Некаторыя грамадзяне лічацца ў вышуку з 1995 года.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў