Выкуп за Баўмгертнера – $ 100 млн


«Я не крыважэрны. Я не да таго, што мы мусім іх пасадзіць. Пакуль мы не набралі больш стратаў, няхай кампенсуе гэтыя. Кампенсуе страты – мы ўжо будзем неяк круціцца, каб любімага вамі ды расейскім народам Баўмгертнера перадаць», – заявіў Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі для журналістаў з краінаў СНД.

Арыштаваны гендырэктар «Уралкалію» Уладзіслаў Баўмгертнер можа быць перададзены Расеі пасля кампенсацыі стратаў, заявіў Аляксандр Лукашэнка. «Хочаце расследаваць гэтую праблему – забірайце і расследуйце», – цытуе Лукашэнку агенцтва БелТА.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Беларусь перадала расейскаму боку 19 тамоў матэрыялаў крымінальнай справы, у якой праходзіць Баўмгертнер. «Не ўсё там проста. Праз швейцарскую кампанію прадавалі калійныя ўгнаенні, кошт адзін паказвалі – дапусцім, 350 долараў, прадавалі за 400 долараў, а розніцу дзялілі. Ужо некалькі эпізодаў такіх, тут ужо не выкруцішся», – сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што такім чынам абвінавачанне было перакваліфікаванае на крадзеж. «Нам лепш самім хутчэй закрыць гэтую тэму, разабрацца і пакараць вінаватых», – падкрэсліў ён.

Уладзіслаў Баўмгертнер быў арыштаваны ў Менску 26 жніўня. Спачатку Следчы камітэт Беларусі выставіў яму абвінавачанне ва злоўжыванні ўладаю і службовымі паўнамоцтвамі. 4 кастрычніка Следчы камітэт паведаміў, што «на падставе атрыманых следствам дадатковых звестак, узнікнення новых абставінаў Уладзіславу Баўмгертнеру ды іншым фігурантам крымінальнай справы ўдакладненае (дапоўненае) абвінавачанне».

Афіцыйна было абвешчана, што супрацьпраўныя дзеянні Баўмгертнера і шэрагу іншых топ-менеджараў БКК нанеслі «Беларуськалію» і ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» страты да 100 млн долараў. Пазней прэс-сакратар Следчага камітэту Павел Траулька паведаміў, што сума стратаў можа значна вырасці.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў