«Працягваем настойваць на прамых выбарах». Павел Латушка – пра петыцыю аб роспуску Каардынацыйнай рады


Намеснік Святланы Ціханоўскай і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка адрэагаваў на петыцыю дэлегатаў Каардынацыйнай рады аб роспуску яе другога складу.

Павел Латушка падчас слуханняў у Каардынацыйнай радзе. Варшава, Польшча. 4 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

«У сувязі з ініцыяванай шэрагам членаў Каардынацыйнай рады петыцыяй з патрабаваннем распусціць другі склад Каардынацыйнай рады Беларусі «у сувязі з крызісам рэпутацыі» лічым важным пазначыць сваю прынцыповую пазіцыю па дадзеным пытанні», – заявіў Павел Латушка.

Паводле кіраўніка НАУ, прычына крызісу ў КР другога складу была закладзеная яшчэ на этапе яе рэфармавання праз працэдуру дэлегавання. Каб гэтага пазбегнуць у будучыні, НАУ і Павел Латушка выступаюць за прамыя выбары ў Раду без квотаў для дэлегавання і ўскладнення выбарчай працэдуры ў выглядзе трох галасоў у выбаршчыкаў. Прамыя выбары з’яўляюцца найбольш дэмакратычным падыходам у фармаванні трэцяга складу Каардынацыйнай Рады, лічыць Латушка.

«Лічым неабходным ажыццявіць арганізацыйную і тэхнічную падрыхтоўку да выбараў у самыя кароткія тэрміны. Мы выступаем за тое, каб рашэнне аб выбарах у КР было прынятае аргкамітэтам, які складаецца з розных актараў дэмакратычных сілаў Беларусі. Мяркуем важным, каб рашэнне аргкамітэту было зацверджана Святланай Ціханоўскай», – кажа намеснік беларускай лідаркі.

У Народным антыкрызісным упраўленні лічаць, што захаванне Каардынацыйнай рады як прадстаўнічага органа дэмакратычных сілаў Беларусі і падвышэнне эфектыўнасці працы дадзенага інстытуту зʼяўляецца адной з прыярытэтных задач для ўсяго дэмакратычнага руху.

«Мы працягваем паслядоўна настойваць на правядзенні прамых выбараў у трэці склад Каардынацыйнай рады і заклікаем партнёраў па дэмакратычным руху падтрымаць гэты падыход», – рэзюмаваў Павел Латушка.

Hавiны
Дэлегаты другога складу Каардынацыйнай рады распачалі збор подпісаў за яе роспуск
2023.12.16 18:45

Петыцыя з заклікам «Распусціць другі склад Каардынацыйнай рады Беларусі ў сувязі з крызісам рэпутацыі!» з’явілася 16 снежня на сэрвісе change.org. Аўтары петыцыі кажуць пра «распаўсюджванне ў Каардынацыйнай радзе карупцыйных практык, які выяўляюцца ў частых адмовах ад сумленнай дыскусіі, у кансервацыі рашэнняў у вузкім коле лідараў палітычных фракцыяў, у адкрытым канфлікце інтарэсаў пры фармаванні арганізацыйнага камітэту па выбарах у трэці склад КР, у атрыманні дэлегатамі фінансавай выгады ад сваёй дзейнасці ў Каардынацыйнай радзе праз непразрыстыя схемы».

У гэтай сувязі ініцыятары збору подпісаў патрабуюць, каб дэлегаты другога складу Каардынацыйнай рады неадкладна і датэрмінова склалі з сябе свае паўнамоцтвы, а далей былі праведзеныя выбары шляхам таемнага галасавання ўсіх беларусаў.

Hавiны
Каардынацыйная рада вырашыла, як правядзе выбары
2023.12.08 17:10

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў