Уладзімір Кавалкін: «Расейскі крэдыт пойдзе на вяртанне старых пазыкаў – не на развіццё»


Кіраўнік праекту «Кошт урада» і заснавальнік Petitions.by Уладзімір Кавалкін лічыць, што 3,5 млрд долараў, якія Беларусь хоча пазычыць у Расеі, пойдуць на вяртанне ранейшых пазыкаў. Пра гэта ён сказаў у прамым эфіры студыі «Белсат».

«Пазычаць можна столькі, колькі даюць. Асабліва тады, калі вяртаць грошы не збіраешся…

Што гэты доўг будзе значыць для Беларусі? Калі гэты крэдыт будзе выдадзены, ён пойдзе на рэфінансаванне старога крэдыту. Прасцей кажучы, пазычаюць для таго, каб вярнуць старыя пазыкі. Пра развіццё пакуль ніякай гаворкі няма», – мяркуе Уладзімір Кавалкін.

Эксперт прагназуе, што ў 2022 годзе беларуская эканоміка зведае спад.

«Калі няма інвестыцыяў, вытворчасць не развіваецца, новыя станкі не закупаюцца, то гэта кажа пра тое, што наперадзе нас чакае рэцэсія. Так, сапраўды ў 2021 годзе здарыўся знешнегандлёвы цуд, але ён адбыўся незалежна ад эканамічнай палітыкі дзейных уладаў… Ці працягнецца ён у наступным годзе – вялікае пытанне. Найхутчэй – не», – лічыць Уладзімір Кавалкін.

На яго погляд, крызіс прапановы ў 2022 годзе будзе пераадолены. Беларускай эканоміцы не варта разлічваць на істотны рост экспарту ў наступным годзе прынамсі з двух прычын – праз скарачэнне інвестыцыяў і меркаванага скарачэння колькасці грошай у сусветнай эканоміцы.

Аб’ектыў
Менск шукае, як абысці санкцыі і ўзяць грошай у Расеі
2021.12.16 22:13

Уладзімір Кавалкін пракаментаваў таксама скандал, звязаны з абыходам санкцыяў у Эстоніі, праз якую транзіт беларускіх нафтапрадуктаў дасягнуў рэкордных паказнікаў. Эксперт лічыць, што эстонскія палітыкі паводзяць сябе непрынцыпова.

«Такі скачок адбыўся ў тым ліку і таму, што Літва якраз паводзіць сябе прынцыпова і адмаўляецца фінансаваць рэжым Лукашэнкі нават у тых выпадках, калі гаворка ідзе не пра санкцыі ЕЗ, а пра салідарнасць з санкцыямі ЗША і з беларускім народам.

На жаль, эстонскія палітыкі паводзяць сябе інакш. Дазваляюць сваім кампаніям зарабляць на гэтай сітуацыі», – выказаў меркаванне Уладзімір Кавалкін.

Hавiны
Новы скандал з абыходам санкцыяў: давялося апраўдвацца МЗС Эстоніі
2021.12.16 19:28

На думку эксперта, у 2022 годзе Беларусь спазнае ўзмацненне санкцыяў. Таму самы верагодны сцэнар для беларускай эканомікі ў наступным годзе – нулявы рост і пераход эканомікі ў стагнацыю.

Цалкам размову з кіраўніком праекту «Кошт урада» Уладзімірам Кавалкіным глядзіце ў праграме «Студыя «Белсат».

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў